У Беларусі некалькі дзесяткаў гадоў змагаюцца між сабою два погляды на форму нацыянальнага існавання. Кожная канцэпцыя дзяржаўнай і нацыянальнай самастойнасці разыходзіцца з мацнейшай прарасейскай арыентацыяй, якая працягвае існаваць у нязмененай форме ад часоў стваральніка ідэі «заходнерусізму» Міхаіла Каяловіча. Расейска-праваслаўную супольнасць ён ставіў вышэй за беларускую нацыянальную. 3 вядомых прычынаў прарасейская арыентацыя падтрымоўвалася маскоўскімі ўладнымі цэнтрамі. Праяўлялася гэта ў кадравай палітыцы, прапагандзе і асабліва ў выхаванні маладых пакаленняў беларусаў. У дванаццацітамовай «Беларускай савецкай энцыклапедыі» дарма шукаць прозвішчы людзей, якія ўсякім спосабам выказваліся за незалежную Беларусь. Гэтыя людзі не згадваюцца таксама ў школьных падручніках, іх імёнамі не называлі ні вуліцы, ні гарадскія плошчы.
У свядомасці грамадзянаў рэспублікі замацаваўся такі вобраз свету, у якім усё добрае прыходзіць з Усходу, а дрэннае — з Захаду. Феадалізм, войны, голад, расстрэлы прыносілі палякі, французы, немцы, і толькі супольнае змаганне з расейскім народам дазваляла беларусам скінуць чужое панаванне. Такую ідэю прапагандаваў самы папулярны аўтар школьных падручнікаў па гісторыі БССР Лаўрэн Абэцэдарскі. Пасля некалькіх дзесяцігоддзяў унушэнняў нават калгас станавіўся апорай грамадскага і цывілізацыйнага парадку — даваў працу, патрэбныя для жыцця сродкі і бяспеку.
Ідэалізаваная прапагандай і школай карціна савецкай улады давяла да таго, што напрыканцы 1980-х гадоў шмат хто з недаверам успрыняў паведамленні прэсы аб сталінскім генацыдзе, свядомым знішчэнні беларускай мовы і культуры камуністычнымі героямі, імёны якіх упрыгожвалі назвы вуліцаў, заводаў, калгасаў. Крытыка камунізму пасля 1990 года для мільёнаў савецкіх грамадзянаў падалася аспрэчваннем дасягненняў іхнага жыцця. Зародкавая дэмакратыя была творам Захаду. Разам з яе надыходам апусцелі паліцы крамаў, з'явіліся няпэўнасць заўтрашняга дня, палітычны хаос, разбурэнне ўсёй іерархіі неаспрэчных каштоўнасцяў.
У гэтакай сітуацыі беларускім нацыянальным элітам пашанцавала дасягнуць значна болей, чым іхным папярэднікам у 1918 годзе. Беларусь дэ-юрэ стала незалежнай дзяржавай, суверэнітэт якой быў прызнаны ў свеце. Аднак вось ужо некалькі гадоў адбываецца адваротны працэс, некалькі гадоў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка намагаецца абмежаваць суверэнітэт дзяржавы. Тым не менш, ліквідаваць становішча, якое склалася ў 1991 годзе, да гэтай пары не ўдалося. Беларусь і надалей застаецца незалежнай дзяржавай, хоць гэта не толькі заслуга яе грамадзянаў, але і вынік сітуацыі ў Расеі і міжнароднай кан'юнктуры.
РАЗДЗЕЛ 1
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСІІ
Фармаванне беларускай нацыянальнай ідэі
У канцы XVIII стагоддзя большасць беларускай шляхты падвярглася паланізацыі. Хаця прадстаўнікі гэтай грамадскай праслойкі называлі сябе ліцьвінамі — насельнікамі Вялікага княства Літоўскага — аднак думалі палітычнымі катэгорыямі Рэчы Паспалітай, так як мазавецкая ці малапольская шляхта. Каталіцкае веравызнанне, мова, культура ўчынялі іх падобнымі да польскай эліты і заадно адрознівалі іх ад мясцовага народу. Старабеларуская літаратурная мова, на якой калісьці былі створаны статуты Вялікага княства Літоўскага, у сапраўднасці стала мовай мёртвай. Рознымі беларускімі гаворкамі карысталіся сялянства, маламестачковае насельніцтва і дробная шляхта. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння ўсіх беларускіх зямель да Расіі ў 1795 г., афіцыйна дзяржаўнай мовай стала руская, але фактычна да 1863 г. у публічным ужытку пераважала польская. Грамадскае павышэнне асоб плебейскага паходжання найчасцей рабіла іх палякамі або расіянамі.
Многае ўказвае на тое, што ў перыяд паўстання 1863 г. у колах польскіх элітаў панавала даволі распаўсюджанае перакананне, што беларусы з’яўляюцца ўскраінным (kresowym) польскім людам. Царская адміністрацыя ў сваю чаргу прыняла тэзіс, што беларусы — гэта «истинно русский народ», і рабіла многа намаганняў, каб гэтая тэорыя стала рэчаіснасцю. Не абазначае гэта, што ў ІІ палове ХІХ ст. не існавалі паняцці «беларус», «беларусы», «беларуская мова». Наадварот, гэтымі тэрмінамі ахвотна карысталіся не толькі расійская адміністрацыя, але і навука, культура і асвета. Беларускасць, аднак, выступала ў гэтым выпадку ў кантэксце акрэсленай геаграфічна-культурнай прасторы, выключна як адзін з рэгіянальных кампанентаў расійскай супольнасці.
Читать дальше