На пачатку васьмідзесятых гадоў ХІХ ст. беларускія студэнты, якія вучыліся ў Пецярбургу, заснавалі некалькі гурткоў сацыялістычнага і рэвалюцыйнага характару. Найчасцей былі яны беларускімі структурамі ў расійскім нарадавольніцкім руху. У 1883–1884 гадах пецярбургскія студэнты выпусцілі некалькі адозваў, адрасаваных жыхарам Беларусі. Напісаны яны былі на рускай мове, а іх загалоўкі — «Да беларускай моладзі», «Да беларускай інтэлігенцыі», «Пасланне да землякоўбеларусаў» — сведчаць аб эвалюцыі нацыянальных поглядаў у коле «заходнерусаў». Аўтары гэтых публікацый, якія падпісваліся псеўданімамі «Шчыры беларус» ці «Даніла Баравік» пераконвалі беларусаў, што ў беларускага народа ёсць свае інтарэсы, іншыя чым у расіян і палякаў, што Беларусь як краіна мае свае прыкметы, такія як этнаграфія, мова, менталітэт і культура насельніцтва. У адозве «Да беларускай інтэлігенцыі», што распаўсюджвалася ў Беларусі пад канец 1883 г., яе аўтары пісалі, што народ, які калісьці страціў сваю эліту і выстаяў паланізацыю і русіфікацыю, заслугоўвае таго, каб стаць свабодным ад чужых паноў і манархаў. У выдадзеных беларускімі нарадавольцамі ў 1884 г. двух нумарах часопіса «Гоман» былі сфармуляваны іх палітычныя і нацыянальныя пастулаты. Будучыню Беларусі бачылі яны ў дэмакратычнай Расіі, якая была б федэрацыяй шматлікіх нацый. Беларусы — адзін з элементаў гэтага хаўруса народаў, мелі атрымаць права «вырашаць аб сваім лёсе». Пастулат аўтаноміі для Беларусі ў складзе расійскай дзяржаўнасці рашуча аспрэчваўся расійскімі сацыялістамі з «Народнай волі» як недарэчны, які стварае новую нацыю — беларускую.
Зусім іншую пазіцыю ў адносінах да беларускіх нацыянальных памкненняў прадстаўлялі польскія сацыялісты. Згодна рашэнням ІІІ З’езда Польскай сацыялістычнай партыі (ПСП) ад чэрвеня 1895 г., гэтая партыя намервалася падтрымоўваць сепаратысцкія рухі народаў, якія насялялі Расійскую імперыю. Пры дапамозе ПСП удалося ў Кракаве ў 1896 г. выдаць і пераправіць кантрабандай у Беларусь другое выданне «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча — своеасаблівай ідэалагічнай інструкцыі для беларускага нацыянальнага руху.
На пачатку ХХ стагоддзя сталіцай беларускага інтэлектуальнага жыцця быў Пецярбург. У вышэйшых школах сталіцы Расіі вучылася многа маладых беларусаў. Большую частку іх складалі людзі шляхецкага паходжання. Атмасфера ў расійскім студэнцкім асяроддзі спрыяла ўзніканню розных арганізацый, якія адмоўна ставіліся да тадышняй рэчаіснасці. Апрача згаданых беларускіх нарадавольцаў, якія прадстаўлялі адзін з варыянтаў заходнерусізму, неўзабаве з’явіліся нефармальныя групоўкі, гуртуючыя студэнтаў з каталіцкага асяроддзя. Так як і нарадавольцы, былі яны сацыялістамі. Ад папярэднікаў розніліся яны тым, што не праяўлялі энтузіязму для любой формы сувязі Беларусі з Расіяй.
У 1902 г. па ініцыятыве Вацлава Іваноўскага была створана Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП). Нямнога вядома аб праграме гэтай арганізацыі. З адозвы БРП «Да інтэлігенцыі», выдадзенай восенню 1902 г. на польскай мове вынікае, што партыя аддавала перавагу асветнай працы з беларускім народам. Прыметнік «рэвалюцыйная» ў назве арганізацыі перш за ўсё адлюстроўваў моду, якая панавала ў студэнцкім асяроддзі, паколькі ніякага перавароту гэтая партыя рабіць не намервалася. Неадкладнай задачай прызнана было пашырэнне асветы на роднай мове і ведаў пра мінулае свайго народа. У 1903 г. сузаснавальнікі БРП, браты Іван і Антон Луцкевічы, давялі да расколу ў партыі і стварылі сваю арганізацыю — Беларускую рэвалюцыйную грамаду (БРГ). Вацлаў Іваноўскі ў сваю чаргу заснаваў Круг беларускай народнай прасветы і культуры і даў пачатак сістэматычнаму выдаванню літаратуры на беларускай мове.
І З’езд БРГ, які адбыўся ў Вільні ў снежні 1903 г. прыняў праграму набліжаную да расійскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), якая вырасла на глебе нарадавольніцкай традыцыі. Нацыянальнае пытанне ставілася ў праграме не надта выразна. Партыя патрабавала, каб усе народы Расіі атрымалі свабоду, але не акрэслівала, так як зрабілі выдаўцы «Гоману», межаў гэтай свабоды. Пастулат аўтаноміі для Беларусі да 1905 г. БРГ не прапагандаваўся. Гэтая справа раздзяляла БРГ і ПСП. Польскія сацыялісты выказваліся ў той час за нейкую форму самастойнага дзяржаўнага існавання Беларусі, вядома, у хаўрусе з Польшчай. Узнікненне БРГ і яе праграма ўказваюць на загладжванне адрозненняў паміж рэвалюцыйнай плынню, выцекшай з заходнерусізму, і беларускімі рэвалюцыянерамі каталіцка-шляхецкага паходжання. На пачатку ХХ ст. у беларускім руху выразна дамінавала прарасійская арыентацыя.
Читать дальше