Валянцін Акудовіч
Дыялогі з Богам
© Акудовіч В., 2012
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015
Кніжыца, якой не мусіла быць
Я краў тры разы. Першы і трэці выпадак не дзеля гэтага аповеду. А вось другім, здаецца, будзе ў самы раз распачаць гаворку пра кніжыцу, якой не мусіла быць…
Я не памятаю дакладна, калі навучыўся чытаць, але, засвоіўшы гэтую справу, чытаў такім спехам, што, здаралася, бегаў у местачковую бібліятэку па два разы на дзень. Бібліятэкарка чамусьці не давала больш за тры кніжачкі ў адны рукі, а потым злавалася, што я адно гартаю іх дзеля малюнкаў і зноў скачу ў бібліятэку напускаць холаду.
Натуральна, у мяне не хапала адвагі нагадваць ёй, што хоць я яшчэ і маленькі, але ўжо чытаю некаторыя кніжкі і без малюнкаў, у чым нескладана пераканацца, пагартаўшы хаця б тыя, што цяпер у яе пад рукой… Я адно вінавата ўгінаўся і думаў, што калі вырасту, дык ажанюся не з жанчынай, а з бібліятэкай. Бо не было ў мяне тады іншага жадання, акрамя як чытаць і самому пісаць кнігі.
Калі б у тую пару мне прапанавалі на выбар: быць Уладаром усіх Сонцаў і Сусветаў ці лядашчым пісакам, нейкі твор якога ў лепшым выпадку прачытае ўсяго толькі выпадковы чалавек, я б не вагаўся ні хвіліны, бо тады быў пэўны, што быццё і людства створаныя адно дзеля таго, каб было аб чым пісаць кнігі.
Што там казаць, мне вельмі карцела і самому як мага хутчэй далучыцца да гэтай справы. Аднак, перш чым улегчыся ў перастварэнне свету, патрабавалася вырашыць адну сур’ёзную праблему: чым пісаць? Недарэчна было нават думаць, быццам пісьменнікі пішуць пёркавай асадкай, якой раз-пораз мусова дзяўбсці школьную чарніліцу.
І тады я скраў у старэйшага сябра аўтаручку… Але кнігу я тады не напісаў, бо бацькі майго старэйшага сябра (і сябры маіх бацькоў) неяк заўважылі ў мяне скрадзенае.
Было вельмі сорамна – і мне, і маім бацькам. Зрэшты, без таго пякельнага сораму сёння я б ужо і не памятаў, што першую сваю кніжку выдаў амаль праз сорак год пасля таго, як пачаў яе пісаць.
* * *
І была яна зусім не падобнай на тую, што я распачынаў у дзяцінстве. Хаця нікуды той хлопчык не знік, і самыя ўдалыя мае радкі ўсё яшчэ пішуцца ягонай, дасюль не ўпэўненай у пісьме, рукой.
Чалавек увогуле ніколі нікуды не знікае – некуды знікае тое жыццё, якім ён жыве. І насоўваецца іншае (некалі – апошняе), з новай вярэдай, якая захоплівае без астачы. Аднойчы пра гэтыя змены я выславіўся наступным чынам:
«Калі цябе вабіць жанчына – ты пішаш вершы. Калі цябе трывожыць чалавек – ты пішаш прозу. Калі цябе вярэдзіць быццё – ты пішаш філасофскае эсэ».
Неяк само так атрымалася, што яшчэ да таго, як склаўся зборнік вершаў, чалавек агулам мяне пачаў вабіць значна болей за жанчыну. І я забыўся на вершы, каб цалкам улегчыся ў прозу. Але пакуль пісалася кніга прозы, чалавек мяне перастаў цікавіць – зусім. (Ну што там цікавага? Нарадзіўся, апладніўся, памёр – вось і ўвесь чалавек.) Праўда, цалкам магчыма, што чалавек апынуўся па-за маёй увагай не з мізэрнасці чалавека, а з вусцішы быцця, якое раптам зачаравала сваёй магутнай тайніцай і тым самым адсланіла ад мяне ўсё астатняе.
Вось чаму мая першая кніжка сабралася не з вершаў і нават не з прозы, а з эсэ. Хаця ў Літаратурным інстытуце ў Маскве я вучыўся «на празаіка» і яшчэ колькі год пасля вучобы ўяўляў сваё будучае цалкам «празаічным».
Вярнуўшыся на жытво ў Мінск, я наўмысна пайшоў працаваць вартаўніком, каб заставалася даволі часу пісаць аповесці і раманы. Але пісалася не надта. І толькі пазней, калі мяне ўцягнула ў сябе і закружыла стыхія беларускай мовы, я зразумеў, з чаго гэта мне ў вартаўніцкіх каморках «не пісалася».
* * *
Стыхія беларускай мовы падобная да лавіны. Яна ляжыць маўкліва і непарушна – але адно да таго моманту, пакуль ты яе не зварухнуў…
Я нарадзіўся і трохі асталеў у памежным з Польшчай мястэчку Свіслач. У гады майго дзяцінства там размаўлялі на беларуска-польска-рускагабрайскай трасянцы. Прынамсі, так выглядала навонкі. Толькі насамрэч у Свіслачы тады размаўлялі выключна па-беларуску. Бо мова – гэта не словы, мова перадусім – тая ментальная структура, якая па-свойму ўпарадкоўвае і задзіночвае словы ў адметны праект быцця… Карацей, структура мовы, на якой трымалася свіслацкая трасянка, была цалкам беларускай. Хаця агрэсіўная русіфікацыя, як шашаль, ужо распачынала яе падточваць – з самай сарцавіны. Таму я нават не заўважыў, як пачаў размаўляць па-руску, калі праз год пасля школы апынуўся на Мінскім маторным заводзе. І мне не да галавы было пісаць па-беларуску турысцкія песні і першыя вандроўныя нарысы, якія некалькі разоў друкавала (о то было гонару!) самая папулярная тады ў Беларусі газета «Знамя юности».
Читать дальше