Функцыя міфа палягае ў тым, што ён улучае чалавека ў адзінства Сусвету. Гэта намаганне людскога ўяўлення, якое інтэгруе ўсю сукупнасць людскога досведу, чаго не могуць зрабіць ні навука, ні тэхніка. Паводле Л. Жыяра, роля міфа ў тым, каб увесці чалавека ў рэальнасць, якая перасягае яго ва ўсіх дачыненнях і да якой трэба прыстасавацца, каб выжыць. Папярэджваючы тугу і смерць, міф прыходзіць на дапамогу да чалавека. Кожным разам ён актуалізуецца праз абрад. Д. Хэмпэл таксама адзначае, што міф аднолькава абапіраецца як на гісторыю, так і на сучаснасць, у якой жыве чалавек і ў якой ён імкнецца жыць у бяспецы.
Не дзіва, што міфы звязаныя з дадзенай гістарычнай сітуацыяй, бо іхная роля ў тым, каб абгрунтаваць яе. Яны мяняюцца адначасова з ёю і нават паміраюць, калі выявіцца, што яны не выконваюць сваіх функцый. Леві-Строс звяртае ўвагу на зменлівасць тэматычных міфаў. Тое ж, па меркаванні Ф. Рэфуле, датычыць і апакаліптычных міфаў. Яны нараджаюцца ў асабліва трагічныя перыяды гісторыі і гінуць, калі ход падзеяў іх больш не апраўдвае. Так было на руінах эсхаталагічных і апакаліптычных спадзяванняў, якія скончыліся пагібеллю Ерусаліма ў I–II стагоддзях нашай эры. Гэта нарадзіла новае вучэнне гнастыцызму. Крах гэтай апакаліптыкі і выклікаў да жыцця новыя формы рэлігійнага «самавыяўлення», у якое перайшлі старажытныя веранні.
Будучы звязаным з дадзенай гістарычнай сітуацыяй, мяняючыся адначасова з ёю, міф прымітыўных народаў паводле сваёй прыроды ў той жа час негістарычны. Гэта аднолькава датычыць як міфаў апакаліптычных, так і міфаў касмаганічных і этналагічных — пра паходжанне свету і пэўнага этнасу. Апошнія два міфы апавядаюць пра тое, як пачала існаваць нейкая рэальнасць, ці то Сусвет, ці то яе частка: выспа, пэўная ўстанова або практыка, стэрэатып паводзін, рамяство. Яны імкнуцца надаць рэальнасці, у якой жывуць, сутнасны характар. Міф робіць яе суўдзельнай панадчасоваму, вечнаму.
Разам з тым міф не ведае гістарычных падзеяў і не патрабуе іх. Тое, што ён абвяшчае, не з'яўляецца чымсьці, што адбывалася тут, але адлюстроўвае касмічны лёс чалавека, лёс нязменны.
У міфе адлюстроўваецца не толькі касмічны лёс чалавека, але і структура грамадства, у якім ён жыве, бо звязвае яе з прыродай. Ва ўсялякім разе гэта датычыць атэмных міфаў.
Мэты пераводу рэальнасці ў міфе палягаюць у пераносе падзеяў у абсяг пазачасавага. Міфы пра паходжанне ці стварэнне імкнуліся «ўмацаваць» чалавека, зрабіць яго гаспадаром свайго лёсу, зводзячы на нішто падзейнасць жыцця. Яны давалі чалавеку магчымасць распараджацца магутнымі сіламі, ад якіх ён залежаў.
Паводле П. Рыкёра, «гісторыя міфа — гэта барацьба з падзеяй, яна ўяўляе сабою намаганне грамадства, накіраванае на ўхіленне ўзбуральнага ўплыву гістарычных фактараў, яна імкнецца адмяніць гісторыю, паслабіць падзейнасць жыцця, пад яе ўздзеяннем гісторыя і яе пазачасавая мадэль узаемна адлюстроўваюць адна другую, ствараючы з гісторыі дакладны вобраз продкаў, дыяхранія пэўным чынам спалучаецца з сінхраніяй так, каб паміж імі не ўзнікалі новыя супярэчнасці» [57].
Міф, такім парадкам, раскрываецца як спантаннае імкненне чалавека адысці ад патрабаванняў, якія яму выстаўляе падзейнасць жыцця, ад неабходнасці выбару. Ён намагаецца знішчыць сваё існаванне ў гісторыі.
Апакаліптычныя міфы, як відаць, не маюць дачынення да мінулага. Аднак зроблены аналіз міфа можна дастасаваць і да іх. Калі верыць М. Буберу, «кожны раз, калі чалавек з жахам адступаецца ад пагрозы непасільнай працы і імкнецца пазбегнуць таямнічых патрабаванняў, што накладае на яго гісторыя, перад ім амаль у апакаліптычным уяўленні паўстае працэс, які немагчыма спыніць» [58].
На самой справе апакаліптычныя міфы ўяўляюць сабою спосаб нейтралізацыі гістарычнага жыцця, ухілення ад рашэння, якога патрабуе сучаснасць. У апакаліптыцы канец гісторыі не належыць гісторыі як такой, будучыня ўяўляецца незалежнай ад сучаснасці, ад вольнага выбару чалавека.
Такім чынам, адлюстроўваючы гістарычную сітуацыю, міф тым жа часам не толькі супрацьстаіць гісторыі сваёй пазачасавасцю і ў гэтым сэнсе агістарычнасцю, але яшчэ імкнецца дапамагчы чалавеку знішчыць сваё сапраўднае быццё. Іначай кажучы, міф супрацьстаіць не толькі гісторыі, якую пішуць, але, магчыма, і гісторыі, якая адбываецца.
Аднак, як адзначае Эліядэ, міф уяўляе сабою адну з велізарных рухальных сілаў гісторыі. Міфы заахвочваюць чалавека да стварэння, яны бесперапынна адкрываюць новыя перспектывы для яго вынаходлівага розуму. Заспакойваючы яго, робячы гаспадаром свайго лёсу, запэўніваючы яго, што тое, што ён збіраецца зрабіць, ужо рабілася, міф дапамагае чалавеку адкінуць сумнеў у выніку свайго пачынання. Як сведчыць гісторыя габрайскага народа, апакаліптычныя міфы натхнялі людзей на смелыя крокі і здзяйсненні.
Читать дальше