— Тут, відаць, бываюць нячаста? — спыталася Галіна, разам з ім згінаючыся, каб адцягнуць убок доўгі тонкі ствол. Яны ўзяліся за яго разам і гэтак жа разам, не згаворваючыся, паднялі цяжкаватую, набраклую вільгаццю вяршаліну, як быццам аб'ядноўваў іх нейкі агульны рытм.
Пасля яны зноў ехалі і спыніліся нарэшце на ўскраіне лесу, каля самага старога, прысадзістага дуба. З паўночнага боку ён быў калісьці цяжка паранены, пакрывіўся і рос цяпер крыху схіляючыся на поўдзень, горбячыся, як чалавек, стомлены пастаяннымі болямі. Нехта летам расклаў пад ім вогнішча, і па целе яго папаўзлі ўверх чорныя падпаліны. I ўсё роўна ён быў прыгожы — крона яго парыла ўверсе прасторна і незалежна, магутныя галіны раскінуліся над зямлёй, як абдымаючы ўсё навокал.
— Крыху правей — і гэты снарад мяне б тут паклаў,— ціха сказаў Пінчук, паказваючы на яміну, што была бачна пасярэдзіне дуба.— А ён, бачыш, на сябе яго прыняў.
Ён быў сёння асабліва негаваркім, і Галіна, нахмурыўшы бровы, усё глядзела на яго, як бы вывучаючы ці чакаючы нечага. Штосьці нават жорсткае было ў яе вялікіх бліскучых вачах. Ён пражыў жыццё, у якім былі гады вайны, у яго гады ўмясцілася ўсё яе існаванне і яшчэ нешта — вялікае, невядомае для яе: цэлых дваццаць гадоў, на якіх ён старэйшы!
Амаль што два яе жыцці... А паглядзець — і не скажаш, каб стаміўся, каб мог так, як яна, часам праклінаць усё навокал, адчуваць гады як шэрую, прыпыленую наскрозь палявую дарогу, якая будзе вось так адзінока і аднастайна віцца, знікаючы некуды ўдалечыні... Іх раздзялялі не толькі гады. Што рабіла яна? Кахала, звяргала куміраў, хадзіла на танцавальныя вечары і ўсё хацела ад жыцця нечага незвычайнага: не то прынца, які павязе яе, нібыта Асоль, у далёкія райскія мясціны, не то героя, за якім паедзе куды заўгодна! А было ўсяго толькі — нараджэнне дзіцяці, рэўнасць, бязглуздыя скандалы і — паступова — адчуванне нейкай беспрасветнасці.
Але ж ўсё магло быць іначай, магло быць асветлена нейкім святлом, напоўнена глыбокім сэнсам — такое азарэнне было, калі бегла з букетам белых кветак да трыбуны! Сярод усіх твараў выдзеліла аднаго яго — сівыя валасы, мяккія, добрыя маладыя вочы — і доўга пасля адчувала пацалунак па галаве, на праборы, якім мама ў той дзень раздзяліла яе валасы, каб заплесці ў косы святочны белы бант. Дарога жыцця ляжала перад ёй такой вялікай, светлай, душа была так напоўнена цяплом і дабрынёй! Чаму ж пасля ўсё гэта некуды падзелася, чаму на змену прыйшло ачарсцвенне, якое яна ўсё стараецца пераадолець і не можа? Няўжо яно нарасло, прыкіпела да душы навечна?!
I раптам нешта як нахлынула на яе — убачыла шаснаццацігадовага падлетка, які паўзе, бяжыць па полі, ратуючыся ад смерці, што слепа і прагна шукае яго! Слёзы пакаціліся па твары, яна хутка торкнулася ў кішэню, шукаючы насоўку, і адвярнулася.
— Ну што ты...— ён падышоў, абняў за плечы.
— Знаеш...— яна гаварыла парывіста, з усхліпамі.— Майму сыну таксама... праз тры гады... будзе шаснаццаць.
Пінчук здзівіўся, не адразу разумеючы.
Яна плакала, а ён бачыў, што светлыя вочы Галіны не цьмянелі — наадварот, нібы нейкая заслона сыходзіла з твару, які рабіўся мяккім, даверлівым.
I тады ён раптам ясна ўбачыў і ўспомніў тую дзяўчынку, што бегла да яго праз плошчу, і яшчэ ярчэй успыхнула ў памяці — тады нядаўна прайшла навальніца, і пад небакраем толькі што паказалася буйная, рознакаляровая, абмытая дажджом вясёлка...
Дзевяцігадовага Васю Шкуцьку канчаткова прывезлі з вобласці ў раённую бальніцу — як безнадзейнага.
Замучаны бясконцымі ўколамі, працэдурамі і даследаваннямі, Вася абыякава сядзеў у прыёмным пакоі, паклаўшы бледныя караткапалыя рукі на шэрыя штаны і ўсёй спіной абапіраючыся на белую слізкую сцяну. Непрыкметны твар яго, з носам кірпатым і кароткім, як бульбіна, з шэрым, як кудзеля, чубам, быў спакойны і адрачоны. Толькі калі ля акон спынілася «хуткая» і адтуль, коратка і жвава скочыўшы на зямлю, прайшла ў кабінет галоўурача мажная шыракатварая кабета, ён уздрыгнуў і прыўзняўся. Калі ж з-за тонкай фанернай сцяны данёсся да яго рэзкі, непрыветны голас — на твары яго слаба зачырванеліся плямкі. Жанчына наступала:
— А дзе ж мне за ім глядзець? Самі ведаеце — лён вязуць і вязуць, днямі сяджу на складзе. Не-е, хай ён у вас застаецца! Не маеце права хворага аддаваць! Што? Вы ўрачы, вы і лячыце!
Дзяжурная медсястра скоса зірнула на Васю і ўключыла радыё. Але голас з карычневага карабка быў занадта слабы ў параўнанні з голасам кабеты:
Читать дальше