* * *
...Цяпер, калі надаралася Ісці па той вуліцы, Пінчук збянтэжана, быццам яго ў нечым абвінавачвалі, ківаў галавой Галіне, якая заўсёды бачыла яго набліжэнне, і заўсёды знаходзіла час, каб усміхнуцца яму, сказаць нешта пра надвор'е. Пастаянныя яе кліенты, відаць, таксама заўважылі, што ёсць паміж гэтымі двума нейкая, хай і тонкая, нітачка, таму што аднойчы той жа хлопец у каляровай кашулі — здавалася, ён і не здымаў яе ніколі — крыкттуў яму здаля:
— Ты б ёй спатканне назначыў, ці што!
Хтосьці засмяяўся, хтосьці зацікаўлена паглядзеў на прадаўшчыцу, а яна залілася гарачай чырванню і нават не адказала хлопцу, затое Пінчук раптоўна падумаў, што ён, той хлопец, усё ж нечым сімпатычны., I — нібы апякла думка: а што, калі папраўдзе прызначыць спатканне? Але як падысці, што сказаць? Лёгка пажартаваць, прызначыць спатканне як бы мімаходзь? Ён забыўся, як лёгка гэта было калісьці, і пакута, разам з сорамам і шкадаваннем нечага, напоўніла ягонае сэрца.
I ўсё ж праз некалькі дзён, прыкінуўшы, калі яна заканчвае работу, ён падышоў да яе. Жанчына, скінуўшы халат, складвала яго ў сумку. Яна нічога не спыталася, толькі, ускінуўшы вочы, моўчкі ўсміхнулася поглядам і лёгка пайшла па вуліцы, крыху спяшаючыся, каб не адставаць ад ягонай размашыстай хады.
— Стаміліся? — спытаўся ён нарэшце.
— Ды ўжо ж. Гэтая работка — не радасць,— адгукнулася яна.
Цёмная жакетка, з-пад каўняра якой выбіваўся какетлівы краёчак хусткі, рабіла яе постаць стройнай, амаль дзявочай. На ёй была вузкая шэрая спадніца, ногі, як заўсёды, абутыя ў прыгожыя пантофлікі, але сёння раптам Пінчук заўважыў, што збоку, каля вялікага пальца, на пантофліку была акуратная латка.
— Навошта ж вы пайшлі сюды? — спытаўся ён зноў і тут жа пашкадаваў аб гэтым, бо пытанне прагучала неяк нялоўка, нязграбна.—- Я ж гэта... проста хацеў сказаць, што вы, мабыць, маглі адшукаць і іншую работу.
— Не такую, як прадаўшчыца? —- засмяялася яна.— Гэтую работу, між іншым, не кожнаму давераць.
— Чаму? — зноў пытанне прагучала наіўна і няўклюдна, ён зразумеў гэта па яе твары.
— Таму што тут кантролю амаль ніякага, а пены шмат,— крыху іранічна загаварыла Галіна.— А з пены нават замак можна пабудаваць. Што, не верыце? Ну, не замак, дык катэдж, з гаражом, з фінскай лазняй...
— Вы... вы таксама ашукваеце людзей? — чамусьці шэптам сказаў Пінчук. Кроў кінулася яму ў твар. Галіна пазірала на яго насмешліва.
— Божа, гэтыя педагогі! —- ціха засмяялася яна.— Слова якое тут жа... не пашкадавалі!
— Я проста спытаўся,— амаль прашаптаў Пінчук, ужо шкадуючы, што пайшоў за ёю. I жанчына, нібы адчуўшы ягоны настрой, прагаварыла больш мякка:
— Шкадуеце, што загаварылі пра гэта?
— Не, чаму ж! — пачаў ён апраўдвацца, але яна перабіла яго.
— Можаце паверыць, мая фотакартка на Дошцы гонару вісіць. Не першы год. I на кожнае свята — падзякі. Мне, Іван Пятровіч, толькі гэта і засталося -— ва ўдарніцах хадзіць.—- Горыч прагучала ў яе словах, і ён прымоўк, а пасля спахапіўся:
— Адкуль вы ведаеце мяне — і па бацьку нават?
— Я вас даўно ведаю. Так даўно, што ого!
— А я...— ён спыніўся, больш пільна ўгледзеўся ў яе,— я вас пе прыпамінаю.
— Ды як было запомніць, нас шмат было,-— сказала яна, і ён задумаўся: можа, яна вучылася ў іх школе? Не, гэтага не магло быць — сваіх выпускнікоў ён ведаў амаль усіх, абавязкова ўспомнілася б хаця якая рыса.
— Не старайцеся, не ўспомніце,— прагаварыла жанчына крышку як бы разачаравана.— А я якраз вам свой букет уручала — белыя вялікія такія гваздзікі. Мы з мамай іх на рынку выбіралі, каб самыя лепшыя былі. Мама вельмі клапацілася, каб у мяне было прыгажэйшае, лепшае...
I дадала ўжо са смехам:
— А вы мяне за тое ў галаву пацалавалі.
— Калі гэта было?
— Даўно...— сум, як цень, пабег на яе твар.— Часам здаецца, што зусім у другім жыцці. У Дзень Перамогі.
— А ўсё ж? — ён дапытваўся, як быццам пільна трэба было аднавіць усе падрабязнасці іх даўняй сустрэчы, калі яна, відаць, была яшчэ школьніцай.
— Я тады ў сёмы клас хадзіла,— працягвала Галіна.— Упершыню даверылі кветкі ўручыць ветэрану. Я ж раней троечніцай была, а тут вырвалася амаль у выдатніцы.
Ён спрабаваў успомніць, пра які Дзень Перамогі яна гаворыць. Ды іх было ўжо не так і мала, тых святаў. Дзесяцігоддзі напластоўваліся адно на адно, жыццё пайшло з паскарэннем. Праўда, у тыя дзесяць — пятнаццаць гадоў назад, пра якія яна гаворыць, ён дужа здзіўляў усіх сваім занадта маладым для ветэрана выглядам. Пінчук прывык да здзіўлення: не кожнаму будзеш расказваць, што на вайну пайшоў шаснаццацігадовым, быў разведчыкам, а пасля камандзірам разведкі ў партызанскім атрадзе. I хаця двойчы паранены, узнагароджаны ордэнам, не кожнаму пакажаш блізны на целе. Дый узнагароды свае доўгія гады ўвогуле не насіў — не тое каб саромеўся, але неяк не прынята гэта было ў тыя гады. Занадта многа было тады хлопцаў, якім грудзі трэба было пашыраць, каб змясціць усе ўзнагароды. З гадамі франтавікоў заставалася ўсё меней, і апошнія гады, усё болей і болей прыкметна, стала назірацца нейкае як бы аднаўленне мінулага, цікавасць да яго. Нібыта нешта скранулася ў самім часе ці пачынаўся нейкі новы віток спіралі — але ўзнагароды вымаліся з запаветных шкатулак, новая плынь мемуарнай літаратуры прабівалася на старонкі выданняў, ажывала тое, што, здавалася, крэпка засела ў тым, даўно мінулым, але незабыўным часе маладосці...
Читать дальше