Я хату покинул,
Пошел воевать,
Чтоб землю в Гренаде
Крестьянам отдать.
За два гады барацьбы сумесна з іспанскімі партызанамі да драбніц спазнаў звярынае аблічча фашызму. Вось і два ордэны за Іспанію з рук самога Міхаіла Іванавіча Калініна атрымаў. Але гэта ўжо другая тэма.
А цяпер фашысты падышлі да нашых граніц, палову Еўропы пад сябе падмялі і на нашу зямлю зяпу разяўляюць. Як думаеш, таварыш парторг, дзе маё месца цяпер? Зірні на карту. Бачыш, якая тоненькая рысачка падзяляе нас з фашыстамі.
На тутэйшым чарназёме кожны, абы толькі не ленаваўся, лепшую за нас з табою пшаніцу выгадуе. А калі што здарыцца там, на Захадзе, мой партызанскі вопыт вунь як яшчэ спатрэбіцца.
Дык як, падтрымаеш?
Шахаў паківаў галавою:
— Ну, браце, ніколі не думаў, што ты такі. Суровае, нялёгкае, але прыгожае жыццё ў цябе, Васіль Захаравіч. А што да твае просьбы, дык, калі глядзець па-дзяржаўнаму, сапраўды, там ты болей патрэбен. Хоць і разлучацца не хочацца. Шчыра скажу, лёгка з табою працуецца, з паўслова разумееш, душу людскую бачыш навылёт.
— Не дужа хвалі, бо магу зафанабэрыцца, чаго добрага, сам сябе на «вы» пачну называць,— усміхнуўся Корж.— Чуў я гэта. Дык як, падтрымаеш?
— Пярэчыць не буду. Дай руку. І за «споведзь» дзякую,— адказаў Шахаў.
Увесну 1940 года Корж выправіўся ў Беларусь.
З раённага цэнтра ў роднае Хорастава праз 19 гадоў Васіль Захаравіч ехаў на райкомаўскім аўтамабілі. Пазнаваў мілыя з маленства сцяжынкі, лагчынкі і пералескі, масткі і скрыжаванні дарог. У лесе Васіль Захаравіч папрасіў прыпыніцца. Праз хмызняк выйшаў на палянку, зняў шапку каля магілы свайго партызанскага друга Ігната Швайко, прыгадаў маладосць, баявых сяброў, смелыя аперацыі ў далёкія дваццатыя гады.
Васіля Каржа сустракала ўсё сяло. Але нават сёстры не адразу пазналі яго. Былі слёзы, абдымкі, пацалункі, гулі вясёлыя застоллі ледзь не ў кожнай хаце. Бо палова сяла — Каржы, сваякі, суседзі, даўнія сябры, а цяпер і зусім чужыя пераконвалі, што іх дзяды некалі пакуміліся ці былі сватамі, і цягнулі паваяганага госця да сябе. Дапытваліся пра ўсё да драбніц: як жывуць у калгасах, што гэта за машына камбайн? Няўжо, праўда, і жне і малоціць адразу? Васілю Захаравічу было пра што расказаць землякам. Яго баявыя ордэны разглядалі старыя і малыя: такія ўзнагароды бачылі ўпершыню. А паміж сабою разважалі: «Вось што значыць Саветы! Жыў бы Васька тут, лапці цягаў бы ды перад панам карак гнуў, Васькам бы і застаўся. А цяпер які чалавек Васіль Захаравіч! Гаспадаркаю на 18 тысяч гектараў камандаваў! Не жартачкі! Гэта ж болей, як у трох папоў! І баявыя ордэны абы за што не даюць».
Шумна сустракалі і шумна праводзілі.
За аселіцай Васіль Захаравіч завярнуў на вясковы пагост, пастаяў над роднымі магіламі, успомніў матчыну калыханку, адвярнуўся і доўга цёр кулакамі вочы.
З Хорастава Корж прыехаў у Пінск. Яму даручылі загадваць гаспадарча-фінансавым сектарам абкома КП(б)Б.
Зялёныя вуліцы ціхага Пінска крута збягаюць да берага Піны. За імклівай плынню рудаватай вады — бязмежныя лугі ў квецені рамонкаў і чабору, у пчаліным звоне і ў мядовым водары дзяцельніку. Па рацэ паважна паўзуць параходы і барат, гружаныя смольнымі круглякамі, з дробным стукам прабягаюць маторкі ў бурунах вясёлкавых пырскаў. Па пясчаных пляжах пабліскваюць маладыя загарэлыя спіны. Раніцаю ў нядзелю Васіль Захаравіч з пятнаццацігадовым сынам пайшоў на калектыўны гарод паліваць капусту.
Ён і ў выхадныя дні заўсёды ўставаў на світанні, і дзецям не дазваляў песціцца ў ложку — з маленства прывучаў да працы на зямлі.
— Бачыш, Лёня,— казаў ён сыну,— з зярняці такое дзіва вырасла. А палянуешся, не сагрэеш яго клопатам і ласкай, дзядоўнік з лебядою заб'юць, усе сокі высмакчуць, і зачэзне гэты срабрысты клубочак, што столькі сілы дае чалавеку. У капусце больш за ўсё вітамінаў. А ведаеш, што такое вітамін? Віта, па-нашаму, значыць жыццё.
— Татка, ты часам вершы не састаўляеш? — усміхнуўся Лёня.
— Куды мне... А чытаць люблю. Пушкіна і Купалу. А Якуб Колас у «Новай зямлі» нібыта пра мяне напісаў. Ён тут, побач, у Пінкавічах, настаўнічаў,— завіхаючыся, расказваў Васіль Захаравіч.— Вось пальём апошнюю баразёнку і ўцячом з табою на Піну, пасядзім з вудамі над тым чорным вірам.
Але ў гэтую нядзелю не суджана было Васілю Захаравічу пайсці на ціхі бераг.
Каля пад'езда настойліва сігналіла абкомаўская машына. Халадок трывогі кальнуў у сэрца. Не на прагулку ж яго запрашаюць. Па даўнейшай звычцы сунуў у кішэню пісталет, узяў дакументы, схапіў вайсковую фуражку і, пераскокваючы прыступкі, скаціўся па лесвіцы.
Читать дальше