— Камбайны атрымаем... Просьба асабістая ёсць. Хачу прасіцца ў Беларусь. Пара назад, у Заходнюю ехаць. Толькі не пярэч.
— Ты што, Васіль Захаравіч, у летуны хочаш падацца? Хто цябе пусціць у такі час? За год саўгас на ногі паставілі, вунь які ўраджай сабралі! Шчыра прызнаюся, душою да цябе людзі прыгарнуліся, сваім лічаць, мужычы спрыт і розум пазналі, працавітыя рукі і добрую душу ацанілі ў сваім дырэктару. Успомні сам, ніхто тваёй ніводнай просьбе не адмовіў, га? А ты ў Заходнюю! Маленькі, па мамцы замаркоціўся. Адумайся, Васіль Захаравіч!
— Мамку ўжо ніколі не пабачу,— апусціў галаву Корж,— закатавалі яе жандары. І бацьку праз мяне на той свет загналі...
— Прабач, дружа,— спахапіўся Шахаў,— не ведаў... Ды і наогул нічога пра тваё жыццё не ведаю. Адны выдумкі чуў. А распытаць усё няма калі. Пра трактары ды севазварот толькі і гаворка ў нас, а зазірнуць у душу таварыша ўсё няма часу. Жыццё тваё ведаю толькі па анкеце. Ды і ты харошы — маўчыш усё...
— Добра, калі дакараеш, слухай,— устаў з крэсла дырэктар і захадзіў па пакоі.— Раней папам спавядаліся, а цяпер парторгу,— хітра ўсміхнуўся Корж.— Моліа, зразумееш і падтрымаеш...
Вырас я ў глухой палескай вёсцы. Хорастава завецца. А чаму так, здагадваешся? Адным ламаччам ды веццем з панскіх хмызнякоў палілі печы. Лясы ды балоты наўкол, галеча і бясхлебіца з каляд да новага ўмалоту, пры лучыне спрадвек слеплі. Прахадзіў тры зімы ў царкоўна-нарафіянскую школу, на тым і скончылася мая навука. Потым жыццё вучыла ўсім прамудрасцям, а настаўнікамі былі пастухоўская пуга, плуг, каса ды добрыя людзі. Да кніжак прыляпіўся пазней: чытаў усё, што трапляла ў рукі, і цяпер без кніжкі не засну.
Пасля рэвалюцыі часта ў нас, у Беларусі, мянялася розная навалач — то немцы, то белапалякі. Мужыкі супраць іх абрэзамі галасавалі.
Калі пасля наша вёска адышла да буржуазнай Польшчы, ты нават не ўяўляеш, што чаўплося ў нашых пагранічных сёлах. Лепшыя землі наразалі асаднікам, будавалі не дамы, а сапраўдныя крэпасці. У іх сяліліся ўзброеныя пілсудчына і здзекаваліся з нашага брата, выпалосквалі і выкручвалі мужыка, як дзяружку, і на плот сушыцца вешалі. Усе правы беларускага народа былі растаптаныя: з 400 беларускіх школ засталося только 20 і тыя ледзьве ліпелі. А па сёлах паўзлі чуткі, што Чырвоная Армія хутка вызваліць нас, што ў лясах і балотах збіраюцца адважныя хлопцы і помсцяць панам, жандарам і асаднікам. Пакуль шукаў сцежак да іх, у снежні 1921 года залыгалі мяне ў польскае войска. Апынуўся ў Познані, у 7-м артылерыйскім палку. Салдаты — беларусы і ўкраінцы, а капралы — апантаныя садысты з фанабэрыстых шляхцюкоў. Да нас яны інакш не звярталіся, як «быдла», «пся крэў», «галган» і «кацап». Урываўся апоўначы ў казарму падпіты афіцэры« і пачынаў пацяшацца: «Устаць, быдла!», «На падлогу лажыся!», «Адчыніць вокны!», «Вярхом на падаконнікі садзіся!» Калоцімся, дубеем, але сядзім. Здзекуецца, пакуль не змардуецца і не асіпне афіцэрык. Нарэшце загадае: «Спаць, быдла!»
Тры месяцы я трываў гэтыя пацешкі. Аднойчы днявалю па казарме, аж улятае дзяжурны вахмістр, прысукаўся да нейкага непарадку і заляпіў мне аплявуху. А я, не доўга думаючы, трэснуў яму так, што, небарака, як падсечаны, ляснуўся і ледзьве на карачках выпаўз з казармы.
Чым гэта магло для мяне кончыцца, сам разумееш. Палявы суд і «Картуз-Бяроза», а адтуль часцей выносілі, чым самі выходзілі. Тою ж ноччу сябры сабралі і аддалі свае пайкі, і я ўцёк з палка. Ад Познані да Хорастава паўтысячы вёрст. Начамі ішоў лясамі ды хмызнякамі, а ўдзень зашываўся ў стагі і драмаў, як заяц. Сакавіцкі снег, як жужаль. Мокрыя ногі заходзяцца і пухнуць ад вады і холаду. Прыпас даўно кончыўся, ногі ледзьве слухаюцца. Зарослы, схуднелы і абшарпаны, недзе каля Лодзі зваліўся ў хмызняку адпачыць. Разбудзіў ціхі жаночы шэпт. Як спружынай, падкінула мяне. Прачухаўся: стаіць немаладая кабета ў нейкай жалобнай сукенцы і ціха пытаецца па-польску, хто і куды іду. Хлусіў я нешта неверагоднае, а яна шэпча: «Пасядзі тут. Побач жандарскі пост. Не высоўвайся. Я табе есці прынясу». Ускінула на плечы лясёнку з ламаччам і пайшла. Першая думка была — уцякаць. Паварушыўся, а ногі не слухаюцца, нібы гіры на іх пачапілі. Далёка не адбяжышся. Калі выкажа, ўсё адно зловяць. Ляжу, слухаю ўласнае сэрца, у вачах мітусяцца матылі і чорныя кругі, павекі зліпаюцца, плыву ў нейкую прорву. Прахапіўся ад лёгкага дотыку. Стаіць тая яе жанчына з чайнікам гарачай кавы і ежаю ў хусцінцы. Пакуль еў, яна расказала, што працуе на тэкстыльнай фабрыцы, муж загінуў на вайне, але ні імя, ні прозвішча так і не назвала.
Читать дальше