Але не суджана было Васілю і яго равеснікам сесці за парты. То цёмнаю хмараю насунуліся немцы, то хлюставатыя белапалякі прыйшлі ім на змену. Прасіўся Васіль у Крэслера, каб узяў з сабою, а той паклаў руку на плячо і лагодна спытаў:
— А бацькоў і сясцёр сваіх на каго пакінеш? Хто іх абароніць ад бізуноў і здзекаў? Тут тваё месца, Васіль. Калі хочаш, каб хутчэй вярнуліся Саветы, з розумам памагай адсюль.
Усе хорастаўцы высыпалі праводзіць таварыша Крэслера і атрад чырвонагвардзейцаў. «На каго ж вы нас пакідаеце, саколікі,— галасілі жанкі,— зноў нам не будзе адхлання ад паноў ды войтаў».
Васіль ледзьве стрымліваў слязу. Здавалася, босы, бяззбройны рынуўся б следам, каб толькі ніколі не разлучацца з рэўкомаўцамі. Гэта спакойны і ўпэўнены латыш адкрыў Васілю свет спадзяванняў, у далёкай далечы запаліў яскравую знічку, да якое нялёгка дайсці.
Паехалі чырвонагвардзейцы.
Непадалёк ад Хорастава пралягла мяжа.
Родныя мясціны Васіля Захаравіча да 1939 года былі пад панскай Польшчай. Весткі пра блізкую радню даходзілі рэдка. Толькі праз год даведаўся Корж, што змардаваныя дэфензівай бацька і маці ў адно лета сканалі, а пасля допытаў і жандарскіх пастарункаў чэзне старэйшы брат Сцяпан. Дазнаўся, што і бацькаву хату спалілі асаднікі. Усё помсцяць за яго, за дзёрзкія партызанскія рэйды па панскіх маёнтках, за разгром жандарскіх котлішчаў, за вызваленне палітычных вязняў у далёкія дваццатыя гады.
Паны помслівыя. Вось і зрываюць злосць на яго радні. І не заступішся, нічым не дапаможаш: роднае Хорастава за мяжою, і прафесія ў былога партызана самая мірная — дырэктар саўгаса «Крапоткінскі» ў Краснадарскім краі. А гаспадарка якая! Па палескіх маштабах, цэлая воласць, або, як цяпер там завуць, гміна. На 18 тысяч гектараў разлілося залатое мора пшаніцы. Куды ні зірнеш — ходзяць хвалі каласоў. Пяць аддзяленняў у саўгасе, дзесяткі камбайнаў, сотні трактараў і аўтамабіляў, больш за тысячу цудоўных працаўнікоў і сотні спецыялістаў. Амаль кожнага дырэктар ведае ў твар, памятае прозвішча, імя і імя па бацьку.
Устае Васіль Захаравіч у чатыры гадзіны раніцы, едзе на фермы, у трактарныя брыгады, усё бачыць, усё ведае. Кожнаму можа не только параіць, а і памагчы. Сялянская кемлівасць і спрыт, любоў да зямлі, да паху ўзаранага чарназёму і спелай нівы жывуць у ім з маленства, з матчынай калыханкі.
Дырэктар з нетутэйшым вымаўленнем адразу прыйшоўся па душы «крапоткінцам» — нястомны, справядлівы, просты і чулы, з сялянскаю душою мужчына. Ды і два баявыя ордэны на гімнасцёрцы ўзвышалі аўтарытэт. Рознае казалі пра яго: партызан грамадзянскай вайны, герой баёў у Іспаніі, нават казкі расказвалі пра свайго дырэктара. А Васіль Захаравіч на пытанні адказваў жартамі:
— Вось кончым жніво, пачнуцца доўгія асеннія вечары, тады і паспавядаюся, усё па парадку раскажу, а цяпер няма калі, ды і доўгая гэта гісторыя. Адразу пра ўсё не раскажаш. А кожнаму закарціць дазнацца, што было далей, чым скончылася. Добра, як-небудзь збяромся ў вольны час і пагаворым,— паспешліва развітваўся і ехаў у суседнюю брыгаду.
Канчалася жніво, самая гарачая і радасная пара. Ужо здалі дзяржаве мільён дзвесце пудоў збожжа, трактары пераворвалі чарназём пад будучы ўраджай, на таках сартавалі насенне. Работы і клопатаў у дырэктара было па самую макаўку. Не хапала толькі часу расказаць пра сябе.
І тут Васіля Захаравіча аглушыла радасная вестка: 17 верасня 1939 года часці Чырвонай Арміі перайшлі граніцу і ўзялі пад сваю абарону насельніцтва Заходняй Беларусі. Увесь беларускі народ уз'яднаўся ў адзінай савецкай сям'і.
З маленства не плакаў Корж, а цяпер не мог стрымаць слёзы радасці. Родная зямля вольная! Запаветная мара збылася! У Хораставе Савецкая ўлада! Як там Сцяпан, Параска, Марыля, Антоля і Ганна? Напэўна, і пляменнікі ўжо вялікія? Дзе цяпер сябры па сумеснай падпольнай і партызанскай барацьбе?
Тысячы пытанняў і ўспамінаў закруціліся ў памяці, прыгадалася ціхая лясная Лань, роднае Хорастава, Чаланец, Рахавічы, знаёмыя з маленства аселіцы, сцежкі і пералескі, абліччы сяброў і аднавяскоўцаў. Якія яны цяпер?
Начамі даймала бяссонніца. Але звычайны распарадак не парушаўся. Пачырванелі і глыбей запалі вочы, часам дырэктар марудзіў з адказам — не адразу ўдавалася адбіцца ад надакучлівых думак і ўспамінаў.
Увечары Васіль Захаравіч завітаў да свайго лепшага сябра Шахава.
— Выручай, парторг.
— Наконт новых камбайнаў?
Читать дальше