Сход зацягнуўся да чатырох гадзін раніцы, і ўсё ж упрасіў Каржа застацца. Пасля такіх жа гаманкіх сходаў у Чаланцы і Хораставе Васіль Захаравіч зноў прыняў гаспадарку. Не мог не прыняць, не адважыўся адмовіць землякам, не выканаць абавязак камуніста.
І яшчэ тры гады асушваў балоты, будаваў фермы і школы, урабляў глебу і саджаў лясы, масціў дарогі і брукаваў вуліцы генерал, Герой Савецкага Саюза, член Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета рэспублікі Васіль Захаравіч Корж.
У 1967 годзе нястомнага сейбіта зваліла цяжкая немач.
Толькі смяротна параненага байца выносяць з поля бою. А бой працягваўся за новае светлае жыццё на палескай зямлі. На змену сталі маладыя, энергічныя і дбайныя выхаванцы Васіля Захаравіча.
Калі белай квеценню ўкрыліся пасаджаныя ім сады, 5 мая 1967 года спынілася сэрца легендарнага партызанскага важака, дбайнага гаспадара палёў, сумленнага, да рэшты адданага народу камуніста.
«Васіль Захаравіч усе свае сілы аддаў беззапаветнаму служэнню Камуністычнай партыі і савецкаму народу, карыстаўся любоўю і павагаю працоўных»,— пісалі ў некралогу кіраўнікі партыі і ўрада рэспублікі.
Як трэба любіць людзей, як быць адданым ім, каб заслужыць любоў і павагу працоўных!
Да назвы калгаса «Партызанскі край» дадалося імя Васіля Захаравіча Каржа.
Тут усё задумана і выпакутавана ім, створана супольна з нястомнымі землякамі.
Пра што б ні спытаў ці ні загаварыў, кожны абавязкова ўспомніць свайго галоўнага старшыню. Цяпер самыя высокія ўраджаі — на каржоўскіх тарфяніках, дзевяць школ — клопат Васіля Захаравіча, калгасны парк і водаправод — справа яго рук. Першыя тэлевізары набылі і ўстанавілі з яго ўдзелам. Цяпер іх у калгасе болей за 400. Зялёныя прысады ўздоўж белакаменных вуліц, сажалкі і клубы — яго клопат, яго праца.
На бязмежных хорастаўскіх палях коцяцца хвалі зялёнага жыта. Закаласіцца яно, адкрасуе, налье колас, даспее і пачне новы круг жыцця. А над палямі кружаць буслы і прыносяць у кожную хату яснавокіх маленькіх палешукоў — заўтрашніх гаспадароў гэтай адваяванай, расквітнелай і шчаслівай зямлі.
Дабро з пакалення ў пакаленне перадае нязгасная памяць удзячнага народа.
* * *
У зялёным сонечным Пінску ўвесну запальваюць бела-ружовыя свечкі каштаны. На Прыляці перагукваюцца рудавозы і белыя параходы. З расчыненых вокан дома № 8 па вуліцы Заслонава плывуць гукі раяля і скрыпак. На сцяне шыльда: «Пінская музычная школа», а побач — мемарыяльная дошка: «Тут 26 чэрвеня 1941 года быў арганізаваны адзін з першых у Беларусі партызанскіх атрадаў, якім камандаваў В. З. Корж».
Вуліцу Заслонава перакрыжоўвае вуліца Каржа і выходзіць на вуліцу Веры Харужай.
Непарушнае, вечнае ў несмяротнасці партызанскае братэрства і слава сыноў і дачок няскоранага народа! Яны жывуць у справах, марах, сэрцах і памяці сучаснікаў і нашчадкаў
1973-1975 гг.
Дзённік.