Адна з гэтых калонаў звышадметная. На яе карнізе выяўлена трагічная постаць чалавека, які згубіў раўнавагу на высокіх рыштаваннях. Паказаны момант падзення. Гэта, мусіць, самы нечаканы помнік безыменнаму будаўніку.
Турнэ — апошняя старонка Вашага вандроўнага знаёмства з Бельгіяй. I на развітан-не з ёй, радзімай Ціля Уленшпігеля, папрасіўшы ў хлапчука-араба кавалачак крэйды, Вы малюеце на тратуары контур давыд-гарадоцкага дома, з прамяністым сонцам на франтоне і гармонікам плота.
1986
Ступіў і ты за месяцам услед
На вуліцы вячэрняга Бруселя,
Як госць п'яны, які згубіў вяселле,
Пакрыўджаны на той і гэты свет.
Шануюць непарушны этыкет
Кавярні дарагія і гатэлі.
Арабы свае танныя кактэйлі
П'юць у шынках, дзе сплеснявеў паркет.
У сэрцы і алах, і Магамет,
А ў небе — сцягі натаўскіх краінаў.
Пад іх аховай — сумная навіна —
Стаіўся выпадковы мінарэт.
Жанчыны, паднавіўшы марафет,
У крэслы свае мяккія паселі
I з вокнаў запрашаюць у пасцелі,
У той, вядомы толькі ім, сакрэт...
I ўласны табе ўбачыцца партрэт —
Не ў золаце празрыстай акварэлі,
Намаляваны крэйдай па панелі
I крэйдаю падпісаны «Poete».
У гэтай цемрадзі густой,
У гэтай цемрадзі дажджлівай
I мне патрэбны — крэсла, стол
I куфаль сонечнага піва.
У гэтых вулках і дварах,
У горадзе фламандскім гэтым
I мне патрэбен цёплы дах
I ўтульны водар цыгарэты.
У тваіх нетрах, Свет Стары,
Дзе крок спакусы вельмі хуткі,
Мне даспадобы ліхтары
I сёстры Бога — прастытуткі.
Я нібы птушка, для якой
I ў цемры шлях ляжыць дадому,
Якая ў далечы чужой
Шукае на гняздо салому...
Я не зпайшоў сабе супакаення
На вулках Браціславы і Масквы,
На вулках Бруге, што абклаў каменнем
Фламандскія каналы і ставы.
I нават Мінск мне не дае спакою,
I роднага Палесся паплавы,
Пакрытыя чарнобыльскай лускою...
Не супакоіць гэты свет і той
Вандроўніка, што зайздрасцю сляпою
Працяты, як атрутнаю стралой.
ВАНДРОЎКА Ў ТАТРЫ I ДЗВЕ ПОСТАЦІ СПЕВАКА
Тэадору Крыжку
Я нават разгубіўся.
Мае клапатлівыя сябры прапанавалі проста каралеўскую праграму адпачынку. Чаго ў ёй толькі не было — і экскурсія па «славацкім раі», з яго бясконцымі вадаспадамі і каньёнамі, і агляд гары Поляна. і паездка на Саліску, на вяршыню якой (2400 метраў) можна ўзняцца толькі на ланоўцы (канатным пад'ёмыіку), і яшчэ шмат экзатычнага значылася ў той праграме...
Я выбраў Саліску, спадзеючыся на палёгку, якую час ад часу ахвяруюць целу розныя ліфты і пад'ёмнікі. Зрэшты, мой не дужа ахвотны выбар быў яўна выпадковы. Ён узнік толькі таму, што нешта ж трэба было выбіраць.
З гэтай вяршыні, хацелі падбадзёрыць мяне сябры, можна ўбачыць Польшчу.
«А хоць сам Дапыд-Гарадок,— прыкра падумалася мне.—Малая радасць самохаць лезці анёлам пад крылы».
Прызнаюся — замест Татраў мне хацелася паехаць у Прагу, і на тое была свая прычына.
Але настояць на пражскай паездцы, ведаючы сваіх сяброў, я не мог. Яны любілі Татры, любілі апантана і былі ўпэўнены, што Татры любяць усе. Татры былі іхняй рэлігіяй. «Якая Прага, калі ёсць на свеце Татры!» — мог бы пачуць я ў адказ. I вядома ж, пачуў бы, каб засцярожліва не прамовіў: «О, Саліска, які гэта цуд...»
Мяне з асалодай убралі ў альпінісцкія транты, і мы паехалі ў горы.
Я ўзіраўся ў лацінскія літары на шыльдах, што, пагойдваючыся, як у старым кінематографе, без гуку ўзнікалі на экране вагоннага акна. Я нібыта лічыў і перагортваў старонкі, створаныя самым геніяльным стылістам — паветрам... Трнава, Леапольдаў, Пешцяні, Нове Места над Вагам, Трэпчын, Трончэске Цепліцэ, Пухаў (з гэтай станцыі рытм майго пераліку пажвавеў, бо цеплавоз памянялі на электравоз), Поважска Бістрыца, Жыліна, Кралёваны, Ружамберак...
Я не прапускаў ніводнай назвы.
Я жадаў, каб у мільгаценні шыльдаў згубілася маё памкненне, мая крыху акцёрская туга па вандроўцы ў Прагу. Трэба ж, такое несупадзенне — сябры мае па-боску ўлюбёныя ў горы, а мне асабіста горы нагадваюць гурбу непрыбранага камення.
Я сумаваў і, як неабходныя лекі, шукаў за вагонным акном запамінальнае. Прадметы, якія адразу запамінаюцца, мяне заўсёды супакойваюць. На гэты раз такімі запамінальнымі аказаліся шыльды з назвамі славацкіх гарадоў і чыгуначных станцый. Я чытаў іх самазабыццёва, шчыра спадзяваўся — а раптам убачу залатым пяром выведзенае: Praha...
Читать дальше