Напоўнены сваёй бядой, што здавалася вялізнай, як сусвет, Лаўрэн, выслухаўшы сваяка, аж здзівіўся — маюць жа людзі клопат. Буркнуў:
— А чаму бутэлек нельга тут збіраць кожнаму? Тут жа не хутар твой — горад!
З-за вывернутага франтавым агнём века Лаўрэна ўпікнула слязлівае вока.
Перад тым як адысці, Кірын бацька заявіў з абурэннем:
— Шчэ і сваяк! Скажаш таксама! Гэта — мая зона, якое мае права тут шураваць другі хто?!
Лаўрэн яшчэ крыху нерашуча патаптаўся, затым цяжка ўздыхнуў і неахвотна павярнуў назад. Пад навесам непрыкметна апусціўся на лаўку зноў.
2
Старыя, што так горача абмяркоўвалі Вераб'ёвы вершы, надта ж стаміліся ды папрыціхалі. Лаўрэну выразна стала чуваць, як на самай крайняй лаўцы, дзе жанчыны дагэтуль гутарылі ўвесь час пра штосьці сваё, як бы ў заключэнне тэмы адна кабеціна пачала ўгаворваць другую:
— Кінь убівацца! Думаеш, адно твая такая? Даўно сказано — лепш чорт у хату, ніжлі — іншая нівестка! I не маўчы! Такое табе выкінула, а ты — маўчаць!
— Прыйдзе час, выскажуса.
— Мі-ілая ты ма-я-а! Паслу-ухай ты мяне-е, чалавека быва-алаго! Добрыя аладкі з пятэльні! Калі ўжэ выстынуць, то зусім-зусім не тое! Грэй іх потым ці не грэй — адна халера! Найсамперш вазьмі сябе ў рукі! Адразу! А вернешса зара дадому — зараз жа ёй аб'яві: хопіць здзекувацца!
Яе сяброўка — дакладна гэтак, як гаварылі ў Зялёнай Даліне, баранілася:
— Думаеш, цярпець стану? А нігды-нігдачкі! Ты шчэ мяне не ведаеш! О-о, мяне толькі!.. Ты не думай, што я баюса — нікого цяпер не баюса, от! Ужэ збіраласа пра гэто абоім сказаць і сама, але выпадку не было!
— Бо дурная будзеш, калі здачы не дасі!
— Усё, усё-о, во табе свенты крыж — ва імя ойца і сына і духа свентэго, амэн!
— Ну, то дзякуй богаві, што цябе нарэшце злосць разабрала, цяпер ты за сябе пастаіш!
З суседніх лавак даляцела роўная плынь іншай гутаркі:
— ...I гэтаго золата з брыльянтамі — паўнюткі склеп, дальбух! Па самыя вокны дарагого дабра ў ім навалено! Біжутэрыя ўся жарам гарыць, калі свечку запаліш — аж ззяе! Царкоўнымі літарамі пра яе ў старых кніжках напісано. I ўнукі, і праўнукі пра яе ведалі, але хітрыя ксяндзы з панамі нікого не падпускалі да склепа. Як хто разнюхае пра скарб, так яго розныя змеі з павукамі і адпалохаюць. А такі малады вучоны пра ўсё вычытаў у царкоўных кніжках ды пачаў да склепа дабірацца. Але яго забілі! Маладо-ого вучо-онаго і файнаго хлопца — забілі! А потым — забілі кінжалам і другога... Страх, якая файная кніжка. А называецца — «Альшанскі замак». У іншай — пра тое, як памешчыкі чучалы на коней садзілі і дурных мужыкоў палохалі, каб на паляванні ніхто таму каралю, Стаху, не перашкаджаў. Таксамо файная і яна...
— ...Самшы-ыт, самшы-ыт, шляхотнае дрэва, ды ўсё такое! А ў Піцундзе бачыў на ўласныя вочы, як вуліцу падмятаюць мяцёлкамі з самшытавых галінак! I на бамбуковым кійку шляхотнасць гэтая, і каля пальмаў і сіняго мора, а тым самым самшытам па смецці і каменнях — джэр-р! джэр-р!..
— ...Учора падлічыла, у маім доме не быў ніхто старонні ўжо амаль шэсць гадоў! Падлічы-ыла, падлічы-ыла, і так мне стало страшно і так сябе шкада! I тады я на цэлы свет зазлавала! Забегла на пошту ды кажу: «Усё, пенсію мне цяпер насіце, бо я хадзіць па яе адмаўляюса! Хопіць, цярпела! Хоць жывого чалавека ўбачу ў сябе адзін раз на месяц!»
— ...Вядомо, сляпы ён і кульгавы, але ж чалавек шчэ моцны, свой дом мае ў Ласосне над рэчкай, агарод з садком. Меліса распісацца. Але прыслаў сястру з наказам — прыйдзі да яго нанач. Хоча пераначаваць са мной і адно тады скажа, будзе распісувацца ці не. Сяджу тут ды думаю — што мне рабіць, каго папытацца і параіцца!..
— Ой, не кажы, мілая. I мне надто вядома хвароба адзіноты. У «Кракадзіле» бачыла карыкатуру на старую, што падглядвае за суседзямі ў дзюрку ад ключа. Мастак файно яе размаляваў — з крывым носам, згорбленую, з усмешкай на зморшчаным твары. Я паўзіраласа на той малюначак ды сабе падумала: хоць і маляваць так умееш, а гіцаль ты з гіцляў! З каго смяешса, са сваёй мацеры?! Паса-дзіць бы, як тую дзекабрыстку, у турэмную камеру і цябе гэтак ад-наго-адзіношанькаго сярод мёртвых муроў ды трымаць у іх да самай смерці, ты ж тады праз усе шчылінкі выглядаў бы ка божы свет!
— Ну. Іншы — смешачкі яшчэ строіць. Ты чалавека, які ў бядзе, пашкадуй!
— Ого, пашкадуюць яны цябе! I я не раз сама сябе пытаю — чаму якы такія?
— С жыру бесятся...
— ...А мая ўнучка ўчора просіць: «Баба-а, нарадзі мне браціка! Няма з кім гуляць — браціка хацу!» — «Не магу унучанька, чаго — не, таго — не!» — талкую. «Не-е, ты ўсё мозас! Мамку мне нарадзіла, ага?!» Дзіцё-о шчэ горкае, а ты тут гаворыш — ужэ нявеста!
Читать дальше