Настаўніца хмыкнула.
— Во! — упікнуў як нехта, ачараваны надта вучонымі словамі Вераб'я, і гэтым бытта падвёў рысу пад спрэчкамі.
А Верабей дадаў:
— Вы кажаце нажвачча Камаром, Пелуном, Шэршнем... Прож-вішча не мяняю на пшэўданічнае, бо ліпкае павуцінне шлавы мне ні к чаму. Вучоныя ж нашага універшытэта — Ашокіна Екачярына Вашыльеўна, Лінёў Леанід Алякшандравіч і Кажлоў Вашыль Паўлавіч мяне шлухалі і шкажалі — такое яўленне ў мяне роду мышлей. I шчэ шкажалі — будзе гэто так у мяне да шамай шмерці, нічога не шаб'е мяне ўжо ж маёй чвёрдай дарогі. Толькі гумарам пішаць не надта ўмею — не атрафіруечча ў мяне гумар. I дарабляць швае вершы не магу — шамавучка. Насіў іх у наш шаюз пішменнікаў — у дом Эліжы Ажэшкі, але там сядзіць бюракрат. Шкажаў — дарабляць і не думае. У мінулым годзе прыязджаў ж Мінску паэт Пятруш Макаль — такшама дарабляць адмовіўша: чэлы вечар у гашцінічы мае вершы чытаў і на жаўтра аддаў. Таму і не жбіраюша нікуды іх пасылаць — ушороўна рэдакцыі ў шамавучак вершаў, паэм і баек не бяруць. А друкаваць такшама не хочуць.
Вытрымаўшы паўзу, Верабей зноў абвёў прысутных вачыма і аб'явіў цяпер самае галоўнае:
— Пішу яшчэ намёткі для ражвіцця іх у раманы і ўсё жбіраю для мужэя. Многа іх накапіў. Шпецыяльную папку для мяне жавялі ў гіштарычным мужэі — сінюю, будзе яна ляжаць у іх вечна. Пад нумарам. Нават ведаю на памяць якім: «Фонд — восем, шправа — што дваццаць шостая, лішты — ад першага да трышта шорак шош-тага». Вучоныя людзі над гэтай папкай потым будуць шавяліць гала-вой, ламаць вочы ды рабіць выпішкі — шкарыштаюць мае лішты ж вершамі і наброшкамі для прагрэшу. Лішты гэтыя кожны раж у мужэі ў мяне вельмі просяць. I я жгадзіўша — хай шабе яны там ляжаць і атрафіруючча. Хаджу да іх кожны тыдзень. I жара туды мне трэ, бо мушу новае жаняшці...
Па прысутных бытта смальнуў раптам пярун. На хвіліну нават адняло ўсім мову, і слухачы ад якогасьці нібы страху аж паадкрывалі раты, загіпнатызавана ўзіраючыся на паэта і дзівячыся — унь хто перад імі!
Нават старая настаўніца паглядзела на маленькага чалавечка гэ-так, бытта адно цяпер яго ўбачыла. Некуды дзявалася ўжо і яе ўпэў-ненасць. З астаткам недаверу, як бы пад прымусам выціснула з сябе не то насмешлівую, не то паблажлівую, не то ліслівую ўсмешку ды няўпэўнена кінула:
— Ха-ха, возьмуць у музей!.. Дакументы эпохі!.. Атрафіраваны самародак!.. Зрэшты... Чаму не, цяпер туды ўсё бяруць! Валакуць зараз туды і не тахое! Столькі гэтых музеяў цяпер развялося ўсюды — запоўніць жа іх чым-небудзь трэба?!.
Яна ўзнялася, каб пайсці. Але спачатку адчыніла сумачку, кінула вокам у люстэрка. Як павуцінку, кранула пальцам твар, нос, а старыя вусны сцягнула аборачкай і вінавата кінула:
— Ой, трэ мне тэрмінова прывесці сябе ў парадак! Так тут з імі засядзелася, мама мія!..
Пануры дзядок, які ўвесь час не прамовіў ані слова, бытта чакаў сігналу. Усхапіўся, пабалансіраваў на хісткіх адседжаных нагах, злавіў раўнавагу ды буркнуў сабе пад нос:
— Цьфу, як мне абрыдла гэтая селяві!..
Цяпер ўжо некалькі пенсіянераў крэкнулі, узняліся з лавак ды таксама патупалі за Вераб'ём і настаўніцай у горад.
Лаўрэн гэтулькі меў сказаць і пра Васілька, і пра тое, што гаварылі пад навесам іншыя, але з-за сваёй нерашучасці ды нейкай далікатнасці такую магчымасць правароніў. За слабасць гэтую, за комплекс непаўнацэннасці забітага вяскоўца, які ў сабе насіў, чалавека зараз разабрала на сябе злосць.
Падняўся з лаўкі і ён.
ПРА ДРАЎЛЯНЫЯ ВОСІ Ў ТРАЛЕЙБУСАХ. ПРА ГАТУНКІ КАПУСТЫ. ПРА КАРОЎ, КАБЫЛ, АВЕЧАК I ПАРАСЯТ
1
Толькі Лаўрэн вылез з-пад навесаў, як у твар яго пачаў ляпіць той самы цяжкі, мокры і абрыдлы снег, а сырасць агарнула да шпіку касцей. Ад разлезлай снежнай кашы асфальт зрабіўся слізкі, бытта намылены, і нельга было на яго цвёрда ставіць нагу. Лаўрэну адразу расхацелася куды-кольвек валачыся. Ён спыніўся, разважаючы, што рабіць, патаптаўся ў нерашучасці пару мінут.
Тут і ўбачыў свата.
Згорблены, у асеннім макруткім палітэчку, Кірын бацька валокся з вялізным пустым рукзаком у руцэ. Ад разгубленасці Лаўрэну адняло нават мову.
Ані крыху не здзівіўшыся спатканню, сват адразу сваяку вываліў скаргу:
— Лаўрэ-эн, ты разумееш, нейкі алкаш ужо ўсё-ўсё тут падабраў! Да адной-адзінюсенькай пасудзіны вызбіраў — падчыстую, гад, сабраў! Каб ён здох, халера!
У вайну Трафім гарэў у танку, таму ўся скура на яго твары была ў такіх шрамах, што, узглянуўшы на яго, паміма волі чалавек са спачуваннем думаў пра такое калецтва. Працаваў ён у гасцініцы швейцарам. У свабодны час лазіў па вядомых сабе мясцінах у горадзе і збіраў пустыя бутэлькі. Грошы за посуд клаў на кніжку — збіраўся купіць «Запарожца».
Читать дальше