Аляксей Карпюк
МАЯ ГРОДЗЕНШЧЫНА
Нарыс
Падрыхтаванае на падставе: Аляксей Карпюк, Мая Гродзеншчына. Нарыс, — Дзяржаўнае Выдавецтва БССР Рэдакцыя мастацкай літаратуры, Мінск 1960
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Гродзеншчына мае багатую і цікавую гісторыю.
Сівыя каменні гродзенскіх вуліц памятаюць Пятра I. Тут капаў ён першыя рэдуты, сустракаючы Карла XII перад Палтаўскай бітвай.
Гэта на Гродзеншчыне нарадзіўся і ў гродзенскіх лясах змагаўся ў 1863 годзе Валерый Врублеўскі, пазней генерал Парыжскай камуны, член I Інтэрнацыянала. Гэта пра яго сказаў Ленін, што памяць аб В. Врублеўскім «непарыўна звязана з найвялікшым рухам пралетарыяту ў XIX стагоддзі...»
З-пад Свіслачы распраўляў свае арліныя крыллі Кастусь Каліноўскі. Гэта Гродзеншчына спарадзіла і натхніла Элізу Ажэшку і Адама Міцкевіча, Цётку і Карскага.
Рэвалюцыйныя выступленні гродзенскага пралетарыяту пачаліся адначасова з выступленнямі рабочых Пецярбурга. Яшчэ і цяпер у нашых гарадах і сёлах жывуць матросы «Аўроры», уДзельнікі штурму Зімняга палаца, будзёнаўцы.
Пяць з паловай стагоддзяў таму назад, рыхтуючыся да Грунвальдскай бітвы з мечаносцамі, уся руская і польская армія рыхтавала ў гродзенскіх лясах зубровае мяса. Цяпер зубры жывуць толькі ў Белавежскай пушчы і ў заапарку. Мяса хапае на калгасных фермах. Ды не толькі мяса! Гэта на Гродзеншчыне, у Скідзелі, паявіўся першы беларускі цукар! А на Брусельскай міжнароднай выстаўцы побач з мінскім самазвалам красаваліся і памнажалі славу Радзімы крышталёвыя вырабы з шклозавода «Нёман».
Амаль чатырыста гадоў таму назад польскі кароль Стэфан Баторы прывёз на Гродзеншчыну цэлую армію ксяндзоў і манахаў ордэна езуітаў і «падарыў» ім пятнаццаць тысяч прыгонных — мясцовых сялян. Але не пакарыў тутэйшых людзей.
Паводле дадзеных Гродзенскага архіва, у гарадскую турму ў красавіку 1934 года пілсудчыкі кінулі дзевяноста пяць мужчын і адзінаццаць жанчын, абвінавачваючы іх у «камунізме». А ў 1938 годзе ў сырых гродзенскіх казематах тамілася ўжо трыста два камуністы. Дзяўчаты, адсылаючы ў турму пасылкі, вышывалі таварышам на сурвэтках: «Хлопцы, стойце насмерць!»
— Стаім насмерць! — вуснамі паэта-вязня Валянціна Таўлая адказвалі ім з турэмных камер.
I сапраўды, стаялі! Стаялі і падбадзёрвалі другіх. У калектыўным пісьме, адасланым у рэспубліканскую Іспанію, гродзенскія камуністы-падпольшчыкі заклікалі байцоў Інтэрнацыянальнай роты імя Сяргея Прытыцкага:
— Стойце насмерць!
Сына беднай удавы Уладзіміра Кірвяка, сакратара падпольнай камсамольскай ячэйкі, паклікалі ў «пастарунак паліцыі панствовай». Камендант «пастарунка» з лішняй далікатнасцю запрасіў Кірвяка ў кабінет, пасадзіў за стол і сказаў:
— Раю вам ва ўсім прызнацца і расказаць аб падпольнай рабоце!
Кірвяк маўчаў. Тады камендант паказаў маток дроту і з цынічнай усмешкай прыгразіў:
— Не прызнаешся,— увесь гэты дрот будзе ў тваім жываце...
Валодзя маўчаў.
Праз некалькі дзён яго труп паліцыя аддала маці з заключэннем доктара: «Скончыў жыццё самагубствам, праглынуў сорак восем сантыметраў дроту...»
Звар'яцелая маці потым скардзілася суседзям:
— Людцы добрыя, хіба ж можа чалавек з'есці дрот?
— Ваш Валодзя стаяў насмерць!—растлумачылі ёй.
Пра подзвіг Скідзельскіх камсамольцаў у дні Айчыннай вайны ведае кожны вучань. Пра іх можна напісаць раман. Стары і малады гаворыць, што на Гродзеншчыне ёсць свае «краснадонцы».
Аднаго разу па Азёрскай шашы каля Гродна немцы вялі савецкіх ваеннапалонных. Васемнаццацігадоваму масквічу Васю ўдалося схавацца ў лесе. Вечарам акрываўленага Васю знайшоў яго равеснік вясковы хлапец Сеня Таранка з хутара Крушнікі. Сеня схаваў чырвонаармейца. Даведаліся немцы, схапілі Сеню і яго маці. Яны не выдалі чырвонаармейца.
На падворку Гродзенскай турмы Сеня памёр на руках у маці. Вось яго апошнія словы:
— Мама, даруй, я інакш не мог!
— Ведаю, сынку,— сказала маці, заліваючыся слязьмі і апошні раз цалуючы акрываўленага сына...
Аднойчы група партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага, вяртаючыся з задання, заблудзілася. Каб не натрапіць на немцаў, партызаны вырашылі дачакацца світання і залеглі ў полі. Калі нарэшце развіднела, яны жахнуліся. Аказалася, што яны ляжалі перад амбразурамі нямецкага дота ў адкрытым полі. Сярод іх быў сірата Міша Кучынскі. Міша сказаў сябрам:
— Я выклічу агонь на сябе, а вы, хлопцы, ратуйцеся!
Читать дальше