Як біліся аб дошкі галовы цяжка кантужаных возчыкаў, калі фурманкі падкідвала на грудах?
Як з лясочка, рэзка выдзяляючыся на фоне дыму, цэлілі ў яго вогненныя струмені трасіруючых куль?
Як білі злева, білі справа, білі спераду і ў вочы яркія ды пякучыя ўсплёскі агню?
Як навокал дыбілася зямля?
Як ляцелі ў яго адшчапаныя ад дошак возіка трэскі, камяні і камы гразі?
Як супрацьпяхотнай мінай агаліла ў задняга каня на хрыбце ўсе скабы, і яны бліснулі белізной крутога яйка?
Як аслізлымі ад крыві рукамі ён усё не мог утрымаць нож, каб перарэзаць новы гуж?
Як выбухамі абсмаліла яму вусы, апякло бараду, а з шыняля засталіся толькі стужкі?..
Першым чынам здалі санітарам кантужаных.
У коней, бы кавальскія мяхі, яшчэ хадзілі бакі, а са змакрэлых клубоў валіла пара — Лаўрэн іх схаваў у гушчар. З тым самым сяржантам, які толькі што збіраўся ісці з ім у разведку, прыселі на тое, што засталося ад развернутага бомбай нямецкага танка, закурыць. Да іх падсела двое сувязістаў. Дрыжачымі ад перажытага ды моцна закуродымленымі рукамі хлопцы нязграбна скруцілі цыгаркі, глыбока зацягнуліся радаснай узбуджанасцю ад небяспекі, якую толькі што так шчасліва перажылі. Лаўрэну з-пад вушанкі цёк горкі пот і, пападаючы ў вочы, шчыпаў, як мыла. Размазваючы гразь па лбе, ён змахнуў брудным і калючым рукавом густыя кроплі ды аж прыжмурыўся ад прыемнасці. Крэкнуў:
«Ах, файно як!..»
«Люхс!» — паспеў дабавіць сувязіст. I тут міна — джара-ах!
Лаўрэна адкінула пад сасну. Ачуняў ён, узняўся ды глядзіць — яго суседзяў парвала на кавалачкі. Стодваццаці-міліметровая жарнула! У сяржанта яшчэ б'ецца адкрытае сэрца, дыхаюць сіняватыя лёгкія, дрыжаць вузлы нерваў і жылы, бялеюць аголеныя рабрыны, а сам хлапец з шэрым тварам і ўталопленымі ўверх вачыма вяла зявае, бытта выкінутая на бераг рыбіна...
I пра гэта гаварыць?
Ад такога апавядання атрупянее нават гэтая вучыцелька, для якой ад коней, бачыце вы, нясе церпкім потам. Усе тыя жахі потым маладзіцы, напэўна, пачнуць сніцца, не кажучы пра дзяцей. Каму тады не даставалася?
А пра смешнае?
Было і такое.
Лаўрэну вельмі было пацешна назіраць яшчэ ў час нямецка-польскай вайны ў верасні 19З9 года бабуль ды паненак у невялічкім мястэчку Малкінь ля Варшавы. Вайна тады толькі-толькі пачыналася, і людзі яшчэ не ўяўлялі сабе нават усяе небяспекі.
На Малкінь якраз наляцелі самалёты. Бабулі адразу шчыльна заматалі посцілкамі галовы ды — бабух на траву, дзе стаялі, а паненкі — адна да адной папрыціскаліся.
Паненкі так і прастаялі ўвесь налёт — нехта дурніц запэўніў, што аніякая нямецкая бомба не ўваб'ецца паміж людзей, калі будуць цесна так стаяць.
Цялушкі бязмозглыя.
На ўвесь Малкінь рагаталі салдаты з Лаўрэнавай роты, назіраючы за сцэнай. Бо чаму ж і не пасмяяцца даросламу з таго, што смешна. Але ж няўжо расказваць будзеш дзецям і пра такое?
Грэх. Лаўрэн быў хоць і няверуючы, але грэх прызнаваў.
— От, ваяваў, як усе. Хто ў той час не стараўсо, не цярпеў, не падстаўляў галавы? — бомкнуў ён, забыўшыся нават ужо дакладна, пра што вучні пыталіся.— Не знайсці такого цяпер чалавека з майго ўзросту. Усім даставаласа па самыя годзі. Дасталоса, вядомо, і мне, бы вашым дзядам. Што цяпер пра тое правіць... .
Зноў адчуў, што не дагадзіў вучням.
3
Цяпер ад задняга століка спыталася ўжо дзяўчынка:
— Дзядзя, а медалёў у вас многа?
— Медалё-оў?!.
А як жа, узнагароды і яго не абмінулі. З фронту навёз штук з пяць. Што бо яму першае далі?
Ага, медалю «За адвагу» возчыкі нават зайздросцілі. Потым — «За ўзяцце Берліна». А яшчэ пазней дабавілі — «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй». Усе такія бліскучыя, з новенькімі лентачкамі і ценькім звонам — калі, пачапіўшы на гімнасцёрку, ён крочыў куды. А з узнагародамі часамі атрымлівалася так: калі ты іх маеш ужо з пяць, то шостую можаш атрымаць нават бытта бы і за нішто.
У ваенкамаце пачапілі пасля вайны яшчэ некалькі ўзнагарод — гобілейных. Колькі бо, дай бог памяці,— дзве ці нават тры? Ой, мабыць, усяго аж чатыры, бо юбілеяў было надта многа! Ды меншы, Колік, каторы цяпер водзіць па акіянах караблі з Уладзівастока, усе бацькавыя медалі, каб ён там быў здаровы са сваімі дамашнімі, на розныя ножыкі, шкелцы, гуму для рагаткі ды на іншыя штуковіны прамяняў.
Скардзіцца цяпер вучням на ўласнае дзіця?
— Было іх не мало,— уздыхнуў Лаўрэн.— Аж сем ці нават з восем... А мо з дзесяць, бо потым шчэ і за работу ў калгасе дабаўлялі... Сам не заўважыў, куды падзеліса — ні аднаго ўжэ не маю. Ат, не бярог, бо генералам стаць не збіраўса.
Читать дальше