Ківаючы галавой, ветэран цяжка ўздыхнуў:
— Ох, і гінулі тады коні, ох, і гі-іблі — страх! А шкада было іх — бы людзей.
У класе запанавала спачувальнае маўчанне. Аднак Лаўрэн сэрцам адчуў, што гаварыў зараз гэтым хлопчыкам і дзяўчаткам хоць і пра вайну, ды ўсё яшчэ вайна яго была далёка не тая, якую маладзенькія слухачы патрабавалі.
2
Выручыць яго ўзялася настаўніца.
— I ўвогуле, Лаўрэн Яфімавіч, з коньмі, мабыць, было вам не соладка на вайне! Усе брыклівыя, упартыя, а некаторыя яшчэ, як вы самі тут гаварылі, кусачыя ды не слухаюцца! Яшчэ церпкім потам ад іх нясе,— зморшчыла яна востры носік.— А тут трэба па немцах страляць! I трэба глядзець, каб не прарваліся п'яныя фашысты ды не зайшлі ў тыл, праўда?
Лаўрэн са здзіўленнем паўзіраўся на дробную кабетку — ну да чаго ж яна падобная на Святланку з яе дзіцячымі пытаннямі. Нават у вачах пярэдніх хлопчыкаў улавіў усмешку, бытта вучні сваю настаўніцу папракалі — падумаеш, знайшла клопат, пхі-і!
Той самы пуцалаваты піянер не адставаў:
— Раскажыце, а як у партызаны набіралі? Прымалі туды ўсіх, хто хацеў?
Ашаломлены пытаннем, Лаўрэн задумаўся. Яго ўзялася выручаць настаўніца зноў:
— Самойла, я ж вам у класе талкавала пра гэта неаднойчы! Мы ўжо з вамі гэта праходзілі і вы павінны ведаць! Забыў? Так слухай! У пачатку вайны, трэцяга ліпеня,— запамятайце гэтую, дзеці, дату назаўсёды, яна вам яшчэ не раз на экзаменах спатрэбіцца, калі станеце потым у інстытуты свае паступаць,— па радыё выступіў да народа таварыш Сталін з заклікам. I тады савецкія людзі адразу пай-шлі ў лес! Цяпер табе ясна?
— Я-асна!
— Зразуме-ела!
— Да Самойлы нічога ніколі не даходзіць!
— Затое — да цябе даходзіць!..
Лаўрэну так і захацелася рубануць: ну, а каб Сталін не выступаў па радыё трэцяга ліпеня, то і партызанаў не было б? Што ты гаворыш, кабета! Але ж змаўчаў — не выпадала ставіць маладую настаўніцу ў няёмкае становішча.
Самойла не здаваўся:
— А вы самі ў партызанах былі?
— Не.
— Чаму?
У класе запанавала насцярожанасць. Ад дзіцячых дапытлівых позіркаў Лаўрэн крыху бы сумеўся ды адчуў сябе вінаватым.
— Не ўсіх туды бралі, бо...
Вучань яму дапамог:
— А-а, ведаю ўжэ! Бо з вашага дома немцы нікога не расстралялі і не было за каго помсціць, праўда?
— Не таму. Бо не ўсіх у партызаны бралі.
— Чаму?
— А чым ты іх узброіш, куды схаваеш — усюды ж вораг! Шчэ — ты пойдзеш, а старых бацькоў, жонку з дзяцьмі куды дзець? Немцы ж іх расстраляюць за цябе ўраз! Слабого, хвораго хто ў лес прыме?.. О-о, каб усім, хто толькі хацеў, можно было туды!.. Сувязным у іх лічыўса... Міхась Васілёк — шчэ даўні мой сябар — заўша да мяне ноччу пры-ходзіў з лесу на хутар... Днём з ім на фурманцы ў Бераставіцу егдзілі пару разоў, да Ваўкавыска. А раз нават і ў Гродно прыягджалі... Калі не мог вязці я, то Міхась з Данілам Кісляком з-за Нёмна егдзіў... Ён быў калекам, немцы на яго падумаць не маглі!.. Мы абодва былі сувязнымі. А з вінтоўкай — толькі на фронце ваяваў. Дый якое было там ваяванне — насіў яе, пачапіўшы за плячо, альбо вазіў, піхнуўшы ў воз пад сено, каб не намакала ды потым не ржавела, бо тады аніяк не дачысцішса.
— А якія вы гераічныя ўчынкі пра сябе ведаеце?
— Учы-ынкі? — сумеўся ветэран.
Клас выбухнуў, як па камандзе:
— Ага-а!
— Гераі-ічныя!
— I стра-ашныя, каб — ы-ы-ых!..
— Альбо — вельмі смешныя!
— I многа-многа раскажыце!
— Мы будзем вас слухаць!
— Гм, пра што вам такое паведаць...
У пачатку лютага медсанбат яго апынуўся каля Пазнані. Каторы тыдзень стаяла макрэнь — марасіў дождж са снегам, і ўсе былі мокрымі. Медсанбат перакідвалі з месца на месца. Яны часта блыталі дарогу, траплялі пад абстрэл. Пачынаюць бухаць снарады, міны, і што тады якому-небудзь пехацінцу — упаў у баразну альбо нырнуў у яміну ці варонку, ляжы сабе ды чакай, пакуль агнявы той вал пранясе. З коньмі так не схаваешся.
I немец тады іх нашаткаваў. Не дай бог колькі!
Перад Лаўрэнавымі вачыма адразу паўстала лагчына над чужой рэчкай, уся заваленая магутнымі конскімі тушамі — з надзьмутымі, як мячыкі, бліскучымі і пацямнелымі ад дажджу жыватамі, з выстаў-ленымі, бытта ўсім напаказ, адшліфаванымі да бляску, падковамі, з якімісьці кплівымі ўсмешкамі, што навечна застылі на вышчараных конскіх зубах, ад чаго і мёртвыя буланыя і буланчыкі, гнядыя і сіўкі, саўрасыя і вараныя ўсё яшчэ як бы заліваліся страшэнным рогатам смерці ды з папрокам крычалі — паглядзіце, людзі, паўзірайцеся, што вы з намі, такія-сякія, зрабілі! Вы паміж сабой аніяк не падзеліце і ваюеце, але ж пры чым тут мы-ы-ы-ы?!
Читать дальше