Суседаў хлопчык выхваляўся:
— А ў мяне дома ёсць зілёная банка, і я налью ў яе з батарэі электрычасці!
Унуку не хацелася быць горшым:
— А мой тата — шафёр! Ведаеш, на якім аўтобусе егдзіць? Такім — як домі. Не — як цэлых тры дамы!
Сябар не адставаў:
— А мой тата на дом можа нават залезці, от!
— Ну і што-о? Мой шчэ вышэй залезе!
— А наш — самы галоўны ў горадзе міліцыянер!
Уражаны напавал такой інфармацыяй, Ігар на хвіліну анямеў, не ведаючы, чым крыць. Лаўрэн жа не мог устрымацца ад усмешкі, бо кожную раніцу назіраў, як па суседа прыязджала малочна-белая «Волга». Чалавек быў надта важным начальнікам — дырэктарам вялізнага камбіната, але ў малых на людзей — свая мерка.
— I тата мне сёння сіні аўтамат прынясе! З лямпачкай! Толькі — бзых-бзых-бзых!
— А ў мяне будуць дзедавы акуляры, калі ён памрэ, праўда, дзед? — турзануў яго ўнук.— I бляшаная банка тады будзе маёй, у якой ты трымаеш грошы, дзед, праўда? Тая — з малюначкамі на баках, што на шафе стаіць?
Лаўрэн пацвердзіў.
Тут і нагнала іх абвешаная пакункамі ды пакуначкамі, як нава-годняя ёлка цацкамі, суседка.
— Як бачыце — паспела сама! — перахапіла малога.— Бо хоць драпежніка раніцой, кажуць, усё ж такі злавілі і ў заапарк вярнулі, але мне чамусьці за малога ўсё роўна страшна — з ім справіцца не так проста! Вялікае вам дзякуй, суседзе, за клопат!
— Не было ніякаго клопату. От, усё адно ішоў сюды па свайго галэпуса.
Але маці пра яго ўжо забылася. Малы прыстаў да яе з навіной:
— Мама, а Коля Крэнь — фігу выхавацельніцы паказаў!
Маладзіца — бытта і не чула.
— Ты, сынок, усё ў абед з'еў?
— Мамка-а, а бессаромны Коля Крэнь фігу Ніне Уладзіміраўне настаўляў!
— Ты, Вадзічак, скажы мне, ці ўсё...
— Ма-амка, ма-ам! А Коля Крэнь з нашай групы, калі мы зайшлі ў парк да фантана і пачалі караблікі пускаць...
— Не дуры мне галавы са сваім Крэнем! Пляваць я на яго хацела! Што ў цябе каторы раз пытаюся, аглух? Чаму такі неслух?! Якая дысцыпліна ў цябе? Чаго вас вучаць у тым садзіку? За што дыпломы выхавацелькам вашым выдалі? Чаму не падпарадкоўваешся мне? Чаму? Будзеш слухацца?
— Бу-уду.
— Ну?
— Ма-амка, а Коля Крэнь, калі мы зайшлі, то ён...
— А-а, ты зноў за тое самае?! Мае словы табе — на вецер? Што мама скажа, ты не слухаеш? Ты, хуліган, гэтак сваю маці паважаеш? На табе за такія паводзіны, на, на, на, атрымлівай! Шчэ і бацьку скажу, дабавіць!
Ад крыўды Вадзік зароў на ўсю вуліцу.
— А цяпер скажы — у абед усё з'еў, што далі?
— ЬІ-ы-ы-ы-ы!..
— Гавары! З'еў ці зноў ім пакінуў, каб выхавацелькі за твае харчы сабе дачы будавалі і на курорты ездзілі? Кажы мне зараз жа, бо атрымаеш шчэ і не так!
Суседка павяла малога дамоў, пакінуўшы дзеда з унукам адных.
«Цэлы дзень малое трымало ў памяці і нясло табе гэтую самую Крэневу фігу, каб ты, родная маці, пацвердзіла, што рабіць так нельга! Тваё слова было б тут — бы тая пячатка на іншым дакуменце. А што зрабіла ты? Муштруеш малога, як у польскім войску капрал салдата: «Стой! Ідзі! Гавары! Маўчы!» Э-эх, сапсавала малому ўсю песню! Шчэ, пэўне, й вучаная!» — падумаў Лаўрэн са шкадаваннем, ківаючы галавой.
Забіраючы ўнука з дзіцячага садзіка, ён цяпер меў з-за чаго ківаць галавой не адзін раз. Асабліва калі малых вялі дамоў маладыя бацькі. Іншае дзіця і пра тое, і пра гэта пыталася, а бацька тупаў, як балван, і з выразам панурай абыякавасці на твары маўчаў, бы закляты. I не заедзеш такому ў вуха, не звернеш увагу: «Прыслухайса, дурню, да сваго наследніка, яму ж на чалавека вырасці трэ!»
Затое, калі такому гіцлю трапіць сябар, бацьку ўжэ бытта падмянілі. Забывае адразу пра дзіця. Пачынае выхваляцца на ўсю вуліцу — дзе колькі ўчора выпіў, каму што сказаў, калі вярнуўся дамоў, як не спадабалася жонцы, як баба яго «пілавала», як «уламваў» яе, расол потым жлукціў, як пахмяляўся раніцой...
Вадзікава маці — проста заслепленая самка. Зрэшты, ці толькі яна?
Лаўрэн нагадаў, як некалі прыязджалі на канікулы сыны з ГПТУ ды адразу пачыналіся нелады і ў яго.
Ён, напрыклад, пытаўся:
«Ну, хлопцы, як вучоба ідзе?»
Ніна ўжо на яго кідалася, як той ястраб ка курыцу: «Не перашкаджай, хай пад'ядуць!»
Ён і адступаў — пад'есці, вядома, хлопцам трэба перш за ўсё, бо па сабе ведаў — покуль не насыцішся, нічога і ў галаву не лезе.
Але, выбраўшы момант, калі яны мыліся ды мянялі бялізну, зноў вярнуўся да свайго:
«Сыны, як там у вас заняткі праходзяць? Чаму паспелі навучыцца за гэты час? Што новаго ў горадзе? Мост за Каложай пачалі ўжэ будаваць?»
Читать дальше