Па-панску апранутая публіка. Дзіўныя тралейбусы. Легкавыя, легкавыя, легкавыя, а паміж імі звітныя матацыклісты ў шлемах, бы спелыя яблыкі.
Куды ні глянь — цямнее асфальт: шчыльны, гладкі, аднатонны, як брусок ад брытвы. Па яго краях — акуратна падагнаныя пад лінеечку дабротныя бетановыя ды гранітныя бэлькі і бэлечкі. Дзе трэба машыне заязджаць у двор, парогі і парожкі акуратна счасаныя пад вуглом... Нават дурню відаць, што майстры справу сваю рабілі тут з вялікай ахвотай, з радасцю, з душой і «на совесць», бо толькі тады атрымліваецца гэтак усё дабротна і ладна.
«Трэ ж было нарабіць усяго гэтага!
I ты толькі паглядзі, што ў людзей атрымліваецца, калі адно яны захочуць добро ды з толкам возьмуцца дружно за дзело!
Але ж, халера, колькі мусіло яно каштаваць. Напэўно — купу грошай. Унь куды, выходзіць, пайшлі тысячы цэнтнераў зерня і буракоў, тоны мяса, малака і з нашай Зялёнай Даліны! Але ж хібо шкада на такое?
Ай, малайчыны — усё па-гаспадарску і аж так файно зрабілі! Дый цяпер усё гэто хтось палівае, скрабе, пуцуе, падмятае, беражэ! Талково, талково!..»
Цэлае жыццё дзядзька працаваў, бы той чорны вол, але мільёнаў не нажыў, бо праца для яго была сэнсам існавання, а не сродкам дасягнення асабістай выгоды ды маёнтка. Светам, паводле яго глыбокага пераканання, адвечна правілі.
Парадак,
Сумленнасць,
Праўда.
Таму цяпер, разважаючы гэтак, Лаўрэн як бы і сам станавіўся багацейшым. Ужо рупліва падняў пустыя кубачкі ад марожанага, бязладна пакіданыя дзецьмі, і панёс да урны.
Побач з урнай якраз латалі вуліцу. Тры мужыкі і дзве дзябёлыя бабы з шуфлямі ды каточкамі былі замусоленыя, бы тыя д'яблы ў пекле пры катлах з грэшнікамі, але Лаўрэна гэта ані крыху не здзівіла — хіба ж пры такой рабоце ўсцеражэшся?
Ён спыніўся на хвіліну, паназіраў, як у дужых руках мужчын лёгка хадзілі два сталёвыя каткі, як магутныя бабы спрытна, бытта гуляючы, падсыпалі ім у ямкі смаляніста-чорную, што аж дымілася, масу бітуму.
Насцярожана прыслухаўся.
Па гаворцы вызначыў дакладна — гэткія ж, як і ён, «сакуны» з наднёманскай вёскі. I зарабляюць, напэўна, немалыя грошы — за такую работу, вядома, шкадаваць ім ніхто не будзе...
Лаўрэну ж надта захацелася ўзяць у дзябёлай кабеціны з жылякамі на тоўстых ды загарэлых лытках шуфлю і ўволю пакідаць асфальт, паспытаўшы даўно не адчуваную мускульную радасць. Але выканаць жаданне не адважыўся — не быў пэўны, што людзі прыхільна прымуць яго захцянку. Яшчэ папруць ад сябе, як прыблуду-бобіка. Выгляд вольных ды здаволеных і самавітых вяскоўцаў-землякоў зноў пасяліў у яго душы пустэчу.
Ён уздыхнуў і павалокся ў бок парку. Каб развеяць смутак, ужо каторы раз пастараўся падзівіцца адкрыццём, якое зрабіў для сябе на гродзенскіх вуліцах.
Зараз ён знаходзіўся ў цалкам новым і разоў у пяць большым за даваенны горадзе. Народ цяпер тут жыў пераважна прыезджы — з усіх канцоў свету. Але — от фокус! — усе жыхары мелі няўлоўныя рысы, па якіх адразу пазнаеш гродзенцаў. Лаўрэн сіліўся і сіліўся зразумець, чаму адбываецца такое, але ўцяміць не мог.
Паводле акадэміка Д. С. Ліхачова з'ява тлумачыцца нават вельмі проста.
Кожная мясціна ўплывае на паводзіны і на душы жыхароў. Першым чынам дзеці прыезджых пераймаюць гульні, выхадкі і слоўцы мясцовых аднагодкаў — праз іх незаўважальна даходзіць новае і да саміх бацькоў. А дарослыя — што дзеці, паступова і яны ўспрымаюць нозыя звычкі ды звароты мовы ад мясцовых: гавораць — «егдзіць», «файно», «валкаваць», «ашчэ», ужываюць выразы — «ніц не зробіш», «нігды больш», а чысціня на вуліцах і тратуарах прымушае і цябе для акурка шукаць урну. Тыя самыя вулачкі і закамаркі прымушаюць людзей бегаць і круціцца дакладна гэтак, як бегалі і круціліся па іх сто гадоў таму. Той самы Нёман, тыя ж высокія берагі, пляжы, лес, азёры, дажджы і вецер змушаюць падобным чынам паводзіць сябе летам альбо — зімой.
Ды і выразнай граніцы паміж прыродай і культурай не бывае. Старыя вуліцы ці дамы, цэрквы ці касцёлы прымушаюць кожнага прыезджага хоць і рэдка ўзглянуць на старыя фатаграфіі, памацаць даўнія муры, пацікавіцца, чаму і хто гэта стварыў, прымераць і падагнаць да іх сябе...
Чалавек потым і сам не заўважае, калі ўступіць у духоўную сувязь з тутэйшымі продкамі, стане мясцовым патрыётам і каранным «гродзенцам», што паступова праяўляецца і ў яго вонкавых абрысах.
Вельмі шкада, што ўсяго гэтага не было каму вытлумачыць дзядзьку Лаўрэну. Кіруючы ў парк, бедны ламаў і ламаў галаву над дзіўнай з'явай, губляючыся ў здагадках.
Читать дальше