Ух, якая панавала сцяна паміж служкай і панамі! Нездарма і тую рэвалюцыю людзі зрабілі — больш такога вытрымаць, вядома, чалавек не мог.
Ніну служанства таксама не мінавала.
Потым прывозіў ён з жонкай сюды не раз лішак бульбы на праданне, каб накупіць корту хлопцам на вопратку. Поўны палукашак набівалася суседак. Усю дарогу, бывала, бабы мелі аб чым успомніць — і пра тое, як паны служанцы хлеб выдзялялі, як не давалі аніякага прадыху, як абдурвалі з аплатай. Іншы панок, зараза, так і чапляўся, так і прыставаў. Заставацца з ім адзін на адзін у памяшканні нельга было і мінуты.
Ніна дзівілася:
— А паглядзіш на такого збоку, ніколі і не падумаеш, што на падобкае здольны! Паважны, элеганцкі, дарагім мылам пахне! Кіп-цюры тыя ад лаку на ім блішчаць, модны гальштук з залатой пры-колкай вісіць, і сам цёнгле — «прошэ бардзо», «пшэпрашам бардзо», «пенкне дзенькуен», «нех шановна паненка сень не обавя», «естэм до услуг шановнэй паненкі»!
Набічкаваныя ў возе бабы дружна падтаквалі.
— Маю сястру, Марысю, пані спецыяльна для сваго мужыка падабрала, каб яе пан не бегаў на тую вуліцу Гувера. Мо з дваццаць дзевак, падло, перабрала, аж нарэшце спынілася на ёй. Але мая Марыся неўзабаве, як толькі разабраласа, што да чаго, такому ўхажору абцарапала морду да крыві і ўцякла ад іх. Затым свайму пану баба падсунула Зюту з Аўгустова — з таго ў Шпачыхі і пачалоса, сама Бельская нам расказвала, дальбо!
А яшчэ тады перад кожным касцёлам ды царквой цягнуўся даўжэзны хвост жабракоў. Маладыя і старыя Гарбатыя і бязкогія. Бязрукія і бязвокія. Струпастыя і бяззубыя. Бабы і мужыкі. Дзеці і падросткі. Усе ў рваных лахманах з раніцы да вечара канючылі, скавыталі ды чапляліся да прахожых...
Адным словам, да горада прыглядзецца Лаўрэн меў магчымасць з розных бакоў яшчэ задоўга да вайны. А праз нейкі час зноў выпала аказія.
Пасля апошняй сусветнай калатнечы хлопцы яго абодва вучыліся тут на шафёраў. Прывозіў часта сынам харчы ды прыглядаўся таксама.
Не было на што глядзець.
Ну і што, калі ў горадзе жылі некалі каралі ды магнаты, адбываліся польскія сеймы, а з яго крапасных сцен скацілася не адная галава. Пасля апошняй вайны ў ім можна было знайсці адно некалькі сяк-так дагледжаных вуліц. Затое на астатніх — ціснуліся адзін да аднаго трухлявыя, крывабокія, бедныя драўляныя домікі-халупкі — адно што не саломай крытыя, як на вёсцы, а — гонтай і часам — дахоўкай. Пліты тратуараў з надпісам «Magistrat m. Grodna» мелі яшчэ прамяністыя ямкі ад выбухаў супрацьпяхотных мін, а сцены, ганачкі і шчыты — ірваныя дзіркі ад асколкаў і куль.
Паміж брукам і тратуарам цяклі рэчачкі з памыяў. Паабапал гэтых самых раўчакоў буяла смярдзючая трава — конь і той вярнуў ад яе морду. Пасля ж базарнага дня ўвесь горад быў завалены сенам і смеццем. Валяліся на бруку агрызкі, шматкі капусты, саломы, транты, растаптаныя слівы і конскі памёт. Ва ўсім раскошным багацці грэбаліся такія прорвы бойкіх вераб'ёў, бытта з усяго павета зляцелі-ся на сваё птушынае вяселле ды не могуць нацешыцца.
Лаўрэн памятаў, як гараджане яму тлумачылі:
— Не выдзяляе ўлада грошай на будаўніцтва. Усё ідзе на ўзняцце з руін Мінска, Віцебска, Магілёва і Гомеля. Наш горад — сам ведаеш — ад войнаў уцалеў. Покуль што людзі маюць дзе жыць.
I Лаўрэн прызнаваў слушнасць тых тлумачэнняў, бо змалку прызвычаіўся верыць таму, што бачыў уласнымі вачыма.
БАРДЗЮРЫ I ДУРНЫ РЭПРАДУКТАР
1
Старасць для іншага чалавека, што пыл для паліто — выводзіць навонак усе плямы характару. Лаўрэн яшчэ больш стаў нецярплівым да няхлюйства, уражлівым на негаспадарлівасць і парадак, таму не мог зараз нарадавацца.
Перад Лаўрэнам цяпер на тым самым месцы высіліся новыя гмахі. Іх не назавеш нават і дамамі — нейкія кантастыя скрыні ды скрыначкі са шкла і бетону, з балконамі, балкончыкамі ды лоджыямі, пастаўленыя то на кант, то на папа, то бытта нядбайна параскіданыя ўздоўж тратуараў. Дзе знаходзілася яшчэ нядаўна, здаецца, тая самая вуліца Гувера — паспрабуй разбярыся.
Поўныя магазіны тавараў. У харчовых — усё файна запакавана. Патрэбна табе ўзяць два гатаваныя буракі, дзесятак яек ці паўфунта масла і — бяры, калі ласка, у цэлафанавым мяшочку ці ў беленькай паперцы.
Што — масла!
Нават бульбу і тую адпускаюць людзям у спецыяльнай сетачцы — трымай за вузялок ды нясі!
Усюды клумбы з ружамі ды пышнымі чырвонымі кветкамі — як іх людзі называюць, Лаўрэн і не стараўся запомніць: хай ужо назвы такіх дзіковінак ведаюць унукі, ім усё жыццё глядзець на іх ды нюхаць.
Читать дальше