Яшчэ ў адным месцы, каля самага валуна, які выставіў шэрае пуза са снежнай белі, вароны цікавіліся нейкай чорнай кропкай — бы галоўкай ад запалак. Да сажы Уладзік апошнія гады паспеў прызвы-чаіцца. Пузаты валун з пачарнелымі ад моху дзірачкамі памятаў з дзяцінства — казалі, прадзед хацеў з яго яшчэ адзін крыж зрабіць на другую мяжу, але штось яму перашкодзіла. Толькі чорная кропка на момант прыцягнула, бы магнітам, Уладзікаву ўвагу. На ўсё неба недзе весела пракрычала варона, бытта па хвалілася:
Кра-а-а! Кра-а-а!..
Нічога кепскага ён не мог і падумаць, таму, прыгледзеўшыся больш уважліва да валуна, услых сказаў:
— Гэтыя чортавыя груганы занятак знойдуць заўсёды — нават у халадзіну!
На момант Уладзік страціў фізічнае адчуванне свайго цела, бо зноў агарнулі яго шчымлівыя ўспаміны.
Звонкае, марознае паветра. Асаблівы пах дыму з комінаў — шэрага і чорнага ў залежнасці ад таго, паліў гаспадар у печы альбо гаспадыня — у пліце дровамі ці торфам. Іскрыць крыштальна чысты іней на дрэвах. Незразумелая для людзей пераклічка гэтых самых непаседлівых ды крыклівых варон. Прыгінаючыся, Уладзік прабіраецца з санкамі па глыбокім снезе і стараецца, каб, барані божа, не ўбачыла яго з акна ды не ўзняла лямант маці, што сын яе махнуў на Нёман. Уладзік і сам не дурань. Рэчка, напэўна, яшчэ замярзаць і не думала, да яе зараз не падступіцца. Адтуль далятаў сіплаваты прыглушаны і магутны гуд ільдзін: «Псю-у-у-у-у-у-у-ў!..»
Каб Нёман скаваць, трэба, каб дваццаць ці болей градусаў марозу патрывала хоць паўтара-двое сутак,— праверана сваім градуснікам у Гродне.
Уладзік валачэцца спрабаваць акасцянелае ад холаду і ачыш-чанае вятрамі ад снегу бліскучае люстэрка лёду ў іншае месца. Пнецца да свайго поплаву — на старыцу, дзе шумяць на ветрыку паламаныя патычкі сухога трыснягу, хістаюцца ды жаласліва шапочуць аб нечым, бы жывыя істоты, якія трапілі ў бяду і аніяк не могуць з яе ўжо выбрацца.
Ад тужлівых успамінаў у сярэдняга Маркевічавага сына прыемна і доўга шчымела сэрца. Ён ужо гатовы быў стаяць ля могілак да самага вечара. Але ж у Зялёную Даліну прыехаў не для гэтага — трэба было ўрэшце знайсці бацьку.
I куды стары мог падзецца, што за фокус?
Пасяліўся на хутары зімой? Малаверагодна — занадта горды, каб паказваць сваю слабасць і заходзіць туды нават вады папіць. Дый дзядзька Крапак адразу пахваліўся б такой навіной — хіба ж магло такое быць Змітруком і яго Хвядорай незаўважаным? Аніяк не магло. То мо заехаў да сваёй швагеркі — цёткі Марысі — і там сабе цяпер спакойна жыве?
О, хутчэй за ўсё — завітаў да яе і прытаіўся. Як Уладзік пра такое раней не падумаў?!
Толькі ж чаму Франак ані слова не сказаў, калі забягаў на мінулым тыдні? Нябось чуў, як яны з Паўлам галаву ламалі — дзе бацька...
Ат, зразумееш часам таго Шмігельскага.
Зрэшты, Франак тыднямі дома не начуе, хлопец мог нічога не ведаць.
Уладзік адразу накіраваўся да цёткі. Цяпер, падагнаны надзеяй ды якімсьці трывожным азартам нецярпення, крочыў па снезе ўжо амаль подбегам.
2
Спаралізаваная жапчына пляменніка спаткала насцярожаным пытаннем:
— О-ой, і ты-ы з'явіўса?!
— Не чакалі?
— Я вас заўша чакаю! I заўсёды вам рада! Мог бы і раней завітаць!
— То чаго дзівіцеса?
— Я з-за таго, бо...
— Што «бо»? Ану, кажэце, кажэце, калі пачалі ўжэ, цётку Марыся!
— А ты не падганяй! Шчэ замалады мяне падганяць! О-ой, што гэто мы, бы малыя, гульню ўздумалі якуюсь тут разыгрываць, калі трэ нам з табой... Уладзік, скажы мне чэсно, што ў вас там з бацькам атрымаласа?
Тут ён і падумаў — нарэшце напаў на верны след.
Уладзік вінавата нават апусціўся каля жанчыны на табурэтку, рыхтуючыся выслухаць папрокі — усё, што толькі скажа. Зыркнуў па хаце, пашукаў бацькавых слядоў.
Усё было да болю знаёмае, але — цётчына. Уладзік здзівіўся — чаму так? I асцярожна пацікавіўся:
— Цётку Марыся, а чаму пытаецеса?
— Не выкручвайса, бы мой Франак, нашкодзіўшы,— аж занадто вас, такіх гунцвотаў, ведаю! — і кажы першым — я раней у цябе спыталаса!
— Што атрымаласа? — ён шчыра паціснуў плячыма.— Здаецца, нічого асабліваго. Не, не прыпомню, каб што было... А што магло атрымацца, скажэце?
Сваячніца недаверліва заглянула яму ў вочы:
— Махлюеш?
— Ва-ас мані-іць буду?!
— То пабажыса!
Уладзік аж заёрзаў на табурэтцы:
— Ісціны бог, нічого, цётку Марыся! Ісціны бог, пабажыўса і другі раз, во! А магу шчэ і перажагнацца нават!
Кабета прыкметна паспакайнела.
Читать дальше