— Ты, сваяк, мо папалуднаваць хочаш?
— Кажы, калі галодны! Накармлю-у! Ну, прызнавайса! У мяне ўсяго — паўнюткі халадзільнік! Працягні толькі унь туды руку і выбі-рай, на што маеш хэнць! Можам нават саланіны табе наскварыць зара! У мяне ўсё е-е!
Лаўрэн усхапіўся як уджалены.
— Не-е, Маня, што ты выдумля-аеш, я нядаўно е-еў!.. Ну, то, мусі, паеду — I так столькі часу ў цябе забавіў!
Ён нагнуўся, каб развітацца.
— Мусіш ехаць ужэ?!. Пабу-удзь шчэ хоць з паўгадзінкі, не пакіда-ай мяне!
— Не, сваячко, хопіць!
— А-а, так мало пабыў!..
— Сколькі мог, Марыя...
— То хутчэй прыягджай зноў!
— Як яно выйдзе, сваячка...
ЗНІКНЕННЕ СТАРОГА
Праз некалькі дзён Лаўрэн задоўга да світання, старанна пагаліўшыся, зноў абуў свае юхтавыя — з даваенных яшчэ часоў — боты з высокімі халявамі ды аб'явіў, што збіраецца на вёску яшчэ раз. Цяпер супакоены Уладзік старога не адгаворваў. Толькі вечарам яго крыху насцярожыла, што бацька доўга не вяртаецца.
Днём прынеслі якраз пенсію. Не ведалі, як быць, і Кіра кабеце запрапанавала:
— Каб стары не мусіў хадзіць на пошту, мо дайце, Аркадзеўна, грошы ад вас прыму я!
У вачах нізкай і кірпатай татаркі Аркадзеўны на хвіліну загарэлася насцярожанасць. Але Маркевічы былі ў яе даўнія кліенты, пенсію выдалаі прымусіла Кіру падпісацца ў квітанцыі. Адразу кладучы грошы на шафу, нявестка яе супакоіла:
— Тут ён іх трымае. Паляжаць сабе да прыезду!
Паштарка ўсумнілася:
— Каб дзеці іх там...
— Што-о вы, не дастануць!
А сам Лаўрэн вярнуўся аж к канцу наступнага дня.
Сыну надта не спадабалася, што стары яго — як сам прызнаўся — начаваў у Крапака. Уладзік здзівіўся: чаму не ў цёткі Марысі, а ў зусім чужога чалавека. Вядома, яны разам служылі калісьці ў польскім войску, хадзілі разам і да дзяўчат, калі былі кавалерамі, але ж сын добра памятаў, што бацька аб старым Зміцеру ніколі нават добрага слова не вымавіў. Наадварот, яшчэ і высмейваў, які прымак гультаяваты ды лятун. Бацька з участковым Панімаеш-Касцевічам калісьці нават самагонны апарат у яго адбіраў. Яшчэ прызнаваўся, што з рук няхлюі — Касавокай Хвядоры — брыдзіўся б з'есці нават кавалак хлеба. Калі ж маці хацела часам купіць у Зміцера якую-небудзь кофтачку, што пасля вайны той прывозіў з горада, бацька на яе навальваўся:
«Купі, купі ў прайдохі яйцо, то яно без жаўтка акажацца!»
Чаму цяпер да Крапака аж так перамяніўся, Лаўрэн сыну тлумачыць і не збіраўся. Толькі на пытанне, як Зміцер жыве, неахвотна буркнуў:
— Халера яго не брала.
Падумаўшы, дадаў:
— А жыццё таму-сяму Зміцера, аднак, навучыло, калі так разабрацца над ім!.. Такое было з яго барахло, такі пустацвет і няздара — каня правільно запрагчы не мог, а, бачу, вылюдзіўса як бы крыху. Нават сумленне пачало ў ім прабівацца перад смерцю і сам чалавекам пачаў рабіцца.
Неўзабаве Лаўрэн паехаў у вёску яшчэ раз. Цяпер не вяртаўся ўжо і на трэці дзень.
Не дачакаўся сын бацькі і на дзень чацвёрты...
НА КОЛЬКІ ШКЛЯНАК ЧАЮ ДЗЕЛЯЦЬ ЛІМОН
1
Калі мінуў аж цэлы тыдзень, а бацька так і не з'яўляўся, абодва сыны пачалі трывожыцца. Потым забегалі адзін да аднаго на параду. Спрабавалі нават званіць у сельсавет і праўленне калгаса, але нічога не даведаліся.
У братоў Маркевічаў так ужо вялося, што галоўным лічыўся — сярэдні. Вінаваты Павел з надзеяй у голасе пачаў брату тлумачыць:
— Марочым мы з табой толькі голавы людзям! Скокні ў вёску ты, Уладзік, сам ды старого прывязі! Ты бачыш — спадабаласа яму там гэтак! Скокні, скокні! Ужэ хопіць яму гасцяваць, а цябе ён лепш паслухаецца!
— Сам думаю пра гэто...
Дачакаўшыся выхаднога, Уладзік выкаціў нарэшце з гаража ад-рамантаваныя «Жыгулі», прагрэў матор, праверыў яшчэ раз, як уклю-чаецца святло паваротаў, ды махнуў у Зялёную Даліну. Спраўная машына неспадзявана хутка адолела добры асфальт і вынесла яго на знаёмы ўзгорак.
Уладзік спыніўся, паглядзеў на вёску.
Перад ім у далінцы былі параскіданыя — то бокам да вуліцы, то шчытамі — зялёнадалінскія будыніны, густа абкружаныя калючкамі голых дрэў прысаддзя. З алавянага неба сыпаў сняжок. Людзі сядзелі па дамах з размаляванымі белай, жоўтай і сіняй фарбамі сценамі, верандамі, вокнамі, нават — з каляровай дахоўкай. Будынкі гэтыя назваць хатамі — язык не паварочваўся. Уладзіка першы раз уразіла такая відаль сваёй ахайнасцю ды прыгажосцю.
I гэта — яго вёска?! Як малюначак!
Яго ўпікнула нейкая зайздрасць, і Уладзік сябе супакоіў:
Читать дальше