Зняўшы з сябя пінжак, ёхан ухутаў ім Алесю, папрасіў у Ганса ліхтар…
Было цяжка і страшна спускацца ў поўнай цемры па лесвіцы, якая да таго ж разгодвалася. Ёхан не глядзеў уніз. Ён стараўся не думаць пра тое, што пад ім амаль сямідзесяціметровая бездань. Хлопца непакоіла толькі тое, што ў вежы знаходзілася Алеся і ёй зараз дрэнна. Галоўнае быць пільным і асцярожным, не спяшацца і не мітусіцца, упэўнена перастаўляць ногі і рукі. Яшчэ адзін павольны рух, яшчэ і яшчэ… І нечакана Ёхан адчуў пад нагамі зямлю.
Аддыхаўшыся, ён праз хвіліну адамкнуў дзверы. Вынес Алесю на руках з вежы…
Дамоў ён вярнуўся позна ўвечары, пасля таго як адвёз Алесю ў бальніцу. Ноччу ён амаль не спаў, сядзеў і чакаў маці. Яна з’явілася толькі пад раніцу – млявая, з чырвонымі стомленнымі вачыма. Прайшоўшы да Ёхана ў пакой, ціха прамовіла:
– Ты ўстаў ужо, мой хлопчык. Прабач, што не патэлефанавала табе, рабілі аперацыю. Ты толькі не хвалюйся, крызіс у Алесі мінуў ужо. Дзякуй табе за тое, што здаў для яе кроў.
– Мама, хвароба Алесі звязана з Чарнобылем? – трывожна спытаў Ёхан.
Тая хітнула галавою.
– А яна будзе жыць?
Маці здрыганулася, прысела побач з Ёханам на канапу, прытуліла яго да сябе:
– Не буду хлусіць табе, сынок, хвароба ў Алесі вельмі цяжкая. Мы зрабілі ўсё, што маглі. Таму будзем спадзявацца… Заўтра ўжо можаш наведаць Алесю. А сёння, будзь ласкавы, купі ёй гасцінец…
Ёхан паехаў у магазін апоўдні. Купіў тры фунты апельсінаў, пачак цукерак, шакалад, сокі. Усё гэта дома ўпакаваў у бліскучы цэлафан, паклаў у халадзільнік. Потым з’ездзіў у бібліятэку, заказаў слоўнік. Калі вярнуўся, маці дома ўжо не было. У холе на стале ляжала запіска: “У мяне начное дзяжураства. Вячэра на кухні, падагрэй. Я сёння адпусціла фрау Шуман. Раніцой чакаю цябе ў бальніцы. Мама.”
Але на кухню Ёхан не пайшоў, есці не хацелася. Перад ягонымі вачыма стаяў твар Алесі – белы, сумны, стомлены. Як яна зараз адчувае сябе ў бальніцы? Ці ўспамінае пра яго? Падняўшыся ў свой пакой, Ёхан прысеў на стул, разгарнуў на стале слоўнік, адшукаў загаловак “Чарнобыльская катастрофа”, удумліва ўчытаўся ў анатацыю. Яна была не вельмі шматслоўная, але халодная і жахлівая. Там гаварылася:
“Чарнобыльская атамная аварыя – самая буйная тэхнагенная катастрофа сучаснасці. Не мае аналагаў у сусветнай практыцы. Адбылася 26 красівіка 1986 года. У выніку выбуху і разбурэння рэактара ЧАЭС радыеактыўнаму забруджванню падвергліся землі трох дзяржаў… Агульная плошча забруджаных тэрыторый – 156тыс.км2. Колькасць радыенуклідаў, што былі выкінуты ў навакольнае асяроддзе, параўноўваецца з эффектам ад выбуху двух дзесяткаў атамных бомб. У ліквідацыі аварыі бралі ўдзел каля 830тыс. чалавек. Асноўныя радыеізатопы выкіду: ёд–131, цэзій–137, плутоній–239, 240. Усе яны складаюць небяспеку для жыцця чалавека…
Найбольш пацярпела ў выніку выбуху 4–га блока на ЧАЭС Беларусь. Практычна, гэта краіна сёння – зона глабальнага экалагічнага нацыянальнага бедства, паколькі радыенукліднаму забруджанню і ўдару падверглася па сутнасці ўся яе тэрыторыя і насельніцтва (80% ад агульнай колькасці ўсіх выкінутых радыенуклідаў). Па ацэнках вучоных Японіі аварыя нанесла ўрон гэтай рэспубліцы ў 200 млрд. долараў. Назіраецца павялічэнне ў рэспубліцы за пасляаварыйны перыяд анкалагічных захворванняў сярод дарослых у 2 разы, сярод дзяцей у 50 разоў, перарываецца штогод да 500 цяжарнасцей па генетычных паказаннях…
Сёння на забруджаных тэрыторыях пражываюць каля 10 млн.чалавек, у тым ліку звыш 2 млн. дзяцей…”
Загарнуўшы слоўнік, Ёхан доўга сядзеў за сталом у трывожным роздуме…
А дзевятай гадзіне раніцы ён быў ужо ў бальніцы. Прайшоўшы ў белым халаце, які яму ўручыла ў холе медсястра, да Алесі ў палату, Ёхан зусім нечакана для сябе ўбачыў там сваіх аднакласнікаў. Прыйшоў, акрамя Шыльды, амаль увесь клас, нават – Карл. Абступіўшы з усіх бакоў Алесю, яны пра штосьці весела з ёй гаманілі. Карл, як звычайна, пагардлівы і напышлівы, першы прыкмеціў Ёхана.
– А вось і наш герой, – сказаў ён. – Гэта ж трэба, спусціцца з такой вышыні! Я ніколі б не адважыўся. Памёр бы са страху.
Ёхан павітаўся з сябрамі. Тыя далі яму праход да Алесі.
– Ну што, хлопцы, пойдзем. А то мы ўжо, відаць, надакучылі Алесі сваёй балбатнёй, – прапанаваў Ганс і, падміргуўшы, па–сяброўску ляпнуў Ёхана па плячы.
Ёхан зычліва правёў вачыма сяброў. Ён быў шчыра ўдячным ім за тое, што яны праведалі Алесю, а яшчэ, што здагадаліся пакінуць яго сам–насам з дзяўчынай. Пасля перавёў позірк на Алесю, якая ляжала на невысокім драўляным ложку, да грудзей захінутай коўдрай. Яе твар быў белы і стомлены, але вочы пазіралі з цяплом і пяшчотай.
Читать дальше