– Прывітанне, Алеся, – нягучна прамовіў Ёхан.
– Добрай раніцы, Ёхан, – ціха, але зычліва адказала дзяўчына і паказала вачыма на стул, што стаяў побач з ложкам. – Ты сядай, калі ласка. Дзякуй табе, што зайшоў, а яшчэ за дапамогу і вечар. Ён быў проста цудоўны. Я ўпершыню так адпачывала. Прабач, што падвяла цябе крыху ў канцы, міжволі прымусіла рызыкаваць жыццём…
– Пра што ты, Алеся, – усхвалявана перабіў Ёхан дзяўчыну. – Якая там рызыка… Я нават і не заўважаў, як спусціўся з вежы. Толькі ўжо на зямлі, калі зірнуў увысь, спужаўся.
Алеся ўсміхнулася:
– Сапраўды? – І тут жа дадала сур’ёзна і шчыра: – Я каб ведала, куды ты тады пайшоў, ніколі б не пусціла цябе, чуеш?
Ёхан узяў руку Алесі – лёгкую, тонкую, беласнежную, прыцягнуў да сваёй грудзіны.
– Што ты, Алеся, я б дзеля цябе на край свету пайшоў бы…
Рука дзяўчыны затрымцела ў далонях Ёхана.
– Ёхан, у мяне ёсць да цябе адна просьба, – ціха прамовілаАлеся.– Та прабач, калі ласка, Шыльду. Патэлефануй ёй. Скажы, што не крыўдуеш. Зробіш гэта дзеля мяне? Абяцаеш?
– Добра, я патэлефаную, – адказаў Ёхан і тут жа ўсклікнуў: – От, ледзь не забыў, я ж табе пачастунак прынёс! – узняў ён з падлогі сумку…
Ёхан наведваў Алеся амаль кожны дзень, пакуль яна знаходзілася ў бальніцы.
А праз тры тыдні дзяўчына ад’язджала дамоў…
Яны стаялі каля высокага прывакзальнага ліхтара. Дзьмуў лёгкі ветрык. Неба зацягвалі цемнавата–шэрыя хмары. І Ёхан у думках маліў нябёсы, каб тыя злітаваліся над імі і пачакалі крыху з дажджом. Рэчы Алесі – сумка і невялічкі жоўты чамадан – былі пагружаны ўжо ў аўтобус, што нягучна фыркаў крокаў за трыццаць ад іх. Да ягонага адбыцця заставалася хвілін дзесяць.
Ёхан трымаў Алесю за руку. Ён хацеў сказаць ёй шмат, вельмі шмат. І гэта турбавала яго, але ён не ведаў, з чаго пачаць. Час жа няўмольна бег. І ад думкі, што Алеся хутка паедзе і ён застанецца адзін вось на гэтай шэрай прывакзальнай плошчы, Ёхан жахнуўся.
– Ну, вось, праз суткі ты ўжо будзеш дома, – зірнуўшы на гадзіннік, вымавіў ён, абы толькі не маўчаць.
– Угу, – ледзь прыкметна хітанула галавою Алеся. – Дзякуй табе за ўсё…
– Напішы мне, як прыедзеш дамоў. Я вельмі буду чакаць твой ліст, чуеш? – ціха папрасіў Ёхан.
– Я напішу, абавязкова табе напішу, – ласкава запэўніла Алеся і, кінуўшы позірк на гадзіннік, прагаварыла: – Ну вось, час ісці…
Яна зрушылася. Але Ёхан прыпыніў яе словам:
– Алеся!
Не, ён не мог расстацца з ёю вось так, не сказаўшы пра тое, адчаго так моцна білася зараз у грудзіне ягонае сэрца.
– Алеся, хвілінку, адну хвілінку! – Ён узяў дзяўчыну за руку.– Я хачу, каб ты ведала, я кахаю цябе…
Алесіна цёплая, далікатная, пяшчотная рука дакранулася да яго твару.
– Я таксама кахаю цябе, Ёхан…
І Ёхан раптам адчуў, як датыкнуліся да ягонай шчакі гарачыя дзявочыя вусны…
Праз хвіліну, зароўшы маторам, аўтобус паехаў.
Заварожаны Ёхан доўга пазіраў яму ўслед, кранаючы рукою шчаку, дзе хвалюючым агнём усё гарэў і гарэў ласкава–пяшчотны пацалунак Алесі…
Алеся, як і абяцала, напісала адразу па прыездзе дамоў. Яе ліст быў сціплы і кароткі, але шчыры і зычлівы:
“Прывітанне, любы. Вось я ўжо і дома, у сваіх родных Запольцах. З радасці пагаманіла з маці і бабуляй – яны, дарэчы, вельмі ўдзячны табе, фрау Вайс, усім тваім сябрам за той шчыры і сардэчны клопат, які вы праявілі да мяне ў Германіі, – пасля схадзіла на колькі хвілінак да сябровак і села за стол пісаць табе ліст. Даруй, калі ласка, за некалькі блытаны стыль майго паслання, крыху стаміла дарога – доўгая, душная, нудная. Дый цяжка зноў прывыкнуць да той страшнай рэчаіснасці, што зараз у нас на дварэ. Ведаеш, калі я рассказала сяброўкам, што ў вас, у Германіі, можна без усялякай боязі і небяспекі для сябе гуляць па вуліцы, зрываць кветкі і есці садавіну і гародніну, мне ніхто не паверыў. Нават калі я частавала іх тваімі апельсінамі, яны насцярожана пазіралі і пыталіся ў мяне: “А ці можна іх есці? Ці не радыеактыўныя яны?” прыйшлося спачатку адзін з’есці самой. Яшчэ хадзіла сёння у бальніцу. Захварэў сын нашай суседкі Яніны Адамаўны, пяцігадовы Петрусёк. Штосьці з крывёю ў яго. Занесла яму вашых нямецкіх цукерак. Ён так ўзрадаваўся! На жаль, тых лекаў, што ў вас мне прызначылі, у нашай бальніцы няма. Не хапае нават самых простых медыцынскіх матэрыялыў: бінтоў, аднаразовых шпрыцоў. У палатах душна і цесна. Хворыя ляжаць нават у калідорах. Балюча глядзець, як яны пакутуюць. Як падумаю, што праз тыдзень–другі мне давядзецца сюды легчы на пасляаперацыйнае абследванне, мурашкі бягуць па спіне.
Читать дальше