Першыя павіншавалі Ёхана з перамогаю трэнер і сябры па клубе. Пасля ён трапіў у пяшчотныя абдымкі маці. Алеся ж цярпліва стаяла ўбаку. Калі ўрэшце, вызваліўшыся з сяброўскага палону, Ёхан узяў яе за руку, яна затрымцела і падняла свае прыгожыя звабныя вочы:
– З перамогай цябе, Ёхан. Ты проста цудоўна гуляў!
– Гэта табе дзякуй, што прыехала падтрымаць мяне. Каб не гэта, то я ніколі б не выйграў, – вымавіў Ёхан. – І яшчэ, я запрашаю цябе на нашу сяброўскую вечарынку, – нясмела дадаў ён і ўмольна зірнуў на маці, што падышла да іх. – Мама, ты дазволіш сёння нам з Алесяй?..
– Чаму ж не? Калі Алеся не супраць, ідзіце, – ласкава перабіла яна, – Але цяпер я пакуль забяру дзяўчыну. Нам трэба прыняць лекі. Дый яшчэ зрабіць нешта…
Гэта “нешта” Ёхан убачыў пад вечар, калі апрануўся ў старанна адпрасаваны касцюм і прайшоў да машыны, якую падаў да параднага пад’езда іх хатні шафёр. Праз хвіліну ў дзвярах з’явілася маці:
– А вось і мы…
Калі Ёхан зірнуў на Алесю, якая спускалася па прыступках, у яго перахапіла дых. Яна была ў прыгожай белай бальнай сукенцы, у шыкоўных туфлях, а яе бялявыя валасы акуратна ўкладзены на галаве і прышпілены бялёсай брошкай, бы ў казачнай прынцэсы. Ёхан міжволі ўявіў, як пабольшаюць вочы ў Шыльды, калі яна ўбачыць гэткую прыгажосць. Адчыніўшы дзверцы машыны, ён працягнуў дзяўчыне руку…
Да дома Карла яны даехалі за пятнаццаць хвілін. Вялікі шэры дом стаяў амаль побач са знакамітым замкам Фрыдрыха Мудрага, высокая круглая вежа якога, нібы тая скала, узвышалася над пузатымі цаглянымі забудовамі гарадскога цэнтра.
Вечарынку Карл ладзіў у драўляным двухпавярховым флігелі, што прылягаў да дома.
Невялікая прамавугольная, абвешаная квяцістымі каляровымі гірляндамі зала, у якую Ёхана правёў швейцар, была напоўнена ўжо гоманам, водарам духоў і кветак. Ледзь ён паспеў адшукаць вачыма ў натоўпе, што паволі рухаўся пад ціхую меладычную музыку, гаспадара вечарынкі, каб выказаць сваю ўдзячнасць, як Ёхана прыкмецілі. І зала выбухнула воплескамі.
– Чэмпіёну горада наш шчыры – віват! – выгукнуў што было моцы Карл, працягнуўшы насустрач Ёхану свае кароткія рукі.
– Віват! – дружна падхапіў натоўп.
Ёхан ад засмучэння стуліў галаву, твар ягоны наліўся чырванню. Як добра, што яшчэ ў холе ён сустрэў Грэтхен і Эльзу і яны ўзялі з сабою Алесю ў дзявочы пакой. Ёхан не цярпеў вось такіх гучных віншаванняў, як і наогул асаблівай увагі да сябе. Але сёння з гэтым даводзілася мірыцца.
– Маэстра, музыку! – усклікнуў чыйсьці фальцэт. – Каралеву балю сёння выбіраць каралю тэніса! – раптам пазнаў ён высокі птушыны голас Шыльды. Яна была побач з Карлам. Размаляваная, у кароткай прыталенай блакітнай сукенцы, пажадліва зазірала Ёхану ў вочы.
Зайграў аркестр. Узяўшы ў рукі невялічкую белую кветкавую карону, якую яму важна працягнуў Карл, Ёхан у хваляванні абвёў вачыма залу. Калі ўбачыў у дзвярах Грэтхен, Эльзу і Алесю, у яго адлегла ад сэрца.
Ха, толькі б ведала Шыльда, што ён зараз зробіць, не прамовіла б яна тыя словы, бо на карону, пэўна ж, спадзявалася сама. Падумаўшы, як праз імгненне тая пракаўтне сліну, Ёхан ступіў да Алесі. Ён ведаў, што каралева балю павінна будзе прачытаць ці выканаць нешта – так ужо павялося на іх школьных вечарынках. Але Ёхана не спалохала гэта. У канцы залы, на невялічкім узвышэнні, стаяла чорнае Карлава фартэпіяна, і Алеся сыграе свой цудоўны паланез Агінскага. А пасля…
Пасля быў танец. Ягоны з Алесяй танец. І Ёхан забыўся, што ўгэты момант на іх пазіраюць усе, хто знаходзіўся ў зале. – Карл, Грэтхен, Эльза, Шыльда… Плыла музыка, варушылася полымя свечкі… Ён прыхінуў Алесю да сябе, лёгкую, амаль улоўную ў руках. Мяккія льняныя валасы, што пахлі водарам ружаў, прыемна казыталі ягоны твар. Ён чуў затоенае дзявочае дыханне, ласкавы дотык да сваіх плячэй яе…
Пасярод танца ён перахапіў позірк Шыльды, устрывожаны, крыўдны.
“Хто гэта?” – пыталіся яе вочы.
“Хіба ж небачыш, мая госця”, – адказаў Ёхан таксама вачыма.
І ён танчыў з Алесяй зноў і зноў…
Пасля да іх падышлі Ганс і Грэтхен. Ганс – сусед Ёхана па парце, высокі і кашчавы, таму касцюм на ім вісеў, бы на той вешалцы. Грэтхен крыху ніжэйшая за яго, але ладна скроеная, з прыгожай тонкай таліяй і чорнымі, як смала, вачыма.
– Ці не хопіць танчыць, маладыя людзі. Ёсць ідэя, – сказаў Ганс, бразгаючы ў кішэні ключамі. – Як вы паглядзіце на падарожжа ў шаснаццатае стагоддзе?
– Мы прымаем ідэю, – хутка адказаў Ёхан.
Читать дальше