– Ты бачыў апошні фільм Сюзэн… Праўда, яна цудоўна сыграла сваю ролю?! А ты прыкмеціў, якая на ёй была сукенка?! А колькі брыльянтаў!.. А завушніцы!.. Якія на ёй былі завушніцы!..
Усё. Больш слухаць гэтую несусветную лухту Ёхан ужо не мог. Ён думаў толькі пра адно, каб як мага хутчэй скончылася музыка.
І цяпер ад адной толькі думкі, што яму зноў давядзецца ўвесь вечар выслухваць пустую балбатню Шыльды, яго ўзяў жах.
Але ж і не прыйсці на вечарынку таксама нельга. Скажуць, што цураецца, пазбягае класа і сяброў…
З тэлеграмай бацьку Ёхан управіўся даволі хутка. Пасля паехаў у кафэ. Зрабіўшы заказ, колькі хвілін сядзеў, чакаў маці, разважаючы над тым, навошта яна захацела сустрэцца з ім у гэтай невялічкай змрачнаватай бура–чырвонай зале?
Маці з’явілася, як і абяцала, апоўдні. У прыгожым блакітным летнім касцюме, на імгненне прыпынілася ў дзвярах, аглядзела залу, прыкмеціўшы Ёхана, лёгка, нязмушна, плаўна, бы тая фея, пайшла да яго. Ёхан пазіраў на яе захопленымі вачыма, адчуваючы гонар ад прыгажосці маці. Мала каму так пашанцавала з бацькамі, як яму, – інтэлігентнымі, тактоўнымі, разважлівымі. Бацька яго – інжэнер, будуе завод у ЮАР, маці вядомы ўрач.
– Прывітанне, мой хлопчык, – нахіліўшыся, маці пацалавала Ёхана ў шчаку, прысела на вольны табурэт, узяла ў руку кубак кавы. Твар яе быў крыху стомлены, вочы занепакоеныя.– Як справы ў школе? Бацьку тэлеграму адбіў? Ты часам не спознішся на гульню?– зірнуўшы на гадзіннік, засыпала Ёхана пытаннямі.
– Не, яшчэ ёсць паўгадзіны, – даеўшы бутэрброд, адказаў Ёхан.– Тату павіншаваў. А ў школе… Заўтра пачынаюцца канікулы.
– Ну, вось і добра, сынок, – пяшчотна сказала маці.– Прабач, што не змагу паглядзець сёння тваю гульню, шмат працы ў бальніцы. Таму я толькі на хвілінку. Хачу папрасіць цябе зрабіць адну ласку.– Яна дапіла каву, паставіла кубак на стол.– Бачыш, у нас дома некалькі дзён будзе жыць адна мая пацыентка. Яна іншаземка, з Беларусі, ахвяра Чарнобыля. Пасля аперацыі ёй вельмі неабходна свежае паветра. Ты не змог бы ўдзяліць ёй гэтыя дні крышачку ўвагі, паставіцца да яе па–сяброўску. Я вельмі спадзяюся на цябе, мой хлопчык.
– Добра, мама, я пастараюся, – кіўнуў Ёхан галавою.
Адмовіць маці, вядома ж, ён не мог, хоць нават і не ўяўляў сабе, як можа пасябраваць з незнаёмкай, да таго ж яшчэ іншаземкай, што пасялілася ў іхнім доме. Удзяліць крыху ўвагі – гэта, канечне, можна. Праўда, на пачатак канікулаў у яго былі іншыя планы, але яны пацерпяць. Хіба ж ён можа пакрыўдзіць маці? Затое ў яго цяпер ёсць важная падстава не пайсці на вечарынку да Карла…
Праз дзесяць хвілін Ёхан быў ужо на стадыёне. Прайшоўшы ў раздзявальню, павітаўся з трэнерам. Той, як звычайна, не вельмі гаваркі, хітнуў галавою ў адказ, сказаў, калі Ёхан ужо накіроўваўся на корт: “Памятай адно – твой козыр хуткасць і настрой”. Пра апошняе трэнер мог і не нагадваць. Настрой на гульню ў Ёхана быў заўсёды. Ён любіў тэніс, шчыра, апантана. На корт яго некалі яшчэ шасцігадовым хлапчуком прывёў бацька, сказаўшы: “Вось тут, сынок, пакажы сваю рухавасць”. Гульня Ёхану спадабалася адразу. Ён зачаравана глядзеў, як разразае паветра бялёсая ракетка, як скача, бы вавёрка, дзівосны маленькі блакітны мячык. З таго часу ён не прапусціў ніводнай трэніроўкі ў спартыўным клубе. Было, праўда, акрамя тэнісу ў Ёхана яшчэ адно захапленне. Пра яго, дарэчы, амаль ніхто не ведаў, апрача маці ды фрау Шуман, іхняй кухаркі. Дома, у ягоным светлым утульным пакоі, стаяў невялічкі металічны тэлескоп – падарунак бабулі, у які Ёхан вечарамі назіраў зорнае неба. Яго вабіў неабсяжны нябесны акіян – колькі там было таямнічага, і загадкавага! Але ўсё ж на першым месцы ў Ёхана быў тэніс.
Шкада, што маці і бацька не бачылі ягонай сённяшняй гульні! Ёхан насіўся па корце, як вецер. Біў з задняй лініі, выходзіў да сеткі, наносіў удары з лёту, абводзіў, падкручваў мячык, трымаючы, як патрабаваў трэнер, увесь час свайго праціўніка ў напружанні. Праўда, той у яго сёння быў не самы моцны – высокі, шыракаплечы, але маларухомы Эрых. Яму было цяжкавата гуляць супраць бойкага Ёхана. Калі першы сет, дзякуючы моцным падачам, Эрых яшчэ неяк вытрымаў, то другі здаў Ёхану амаль без бою. Поўным гаспадаром на корце быў Ёхан і ў трэцім, заключным сеце. Ягоны настрой не змагла сапсаваць нават Шыльда, якая сядзела на галоўнай трыбуне і адтуль глядзела на яго зачараванымі вачыма. І Ёхан, чарговы раз імкліва выйшаўшы да сеткі, бліскучым ударам з лёту завяршыў матч, а разам з ім выйграў і пуцёўку ў фінал.
Читать дальше