Але не буду больш пра сумнае. Ведаеш, усю дарогу дамоў у аўтобусе я ўспамінала ваш чысты прыгожы гарадок, твой мілы ўтульны дом, цябе, мой любы. Прайшло ўсяго тры дні, як мы развіталіся, а быццам мінула вечнасць. Часам мне нават здаецца, што гэта была прыгожая казка– сон. І толькі твой невялічкі каляровы фотаздымак на маім стале сцвярджае – тое было. І ты існуеш, мой любы. І недзе там, за тысячу кіламетраў адсюль, зараз думаеш пра мяне. Як жа я хацела б быць побач з тобою ў гэтую хвілінку! Пазіраю ў расчыненае акно – здаецца, выпырхнула б у яго і паляцела да цябе “альс Блауэс Фёгэляйн[ 1 1 Сіняй птушкай /ням./
]. Але дзіва, кажуць, на свеце не бывае. Таму дапісваю свой ліст і буду ў нецярпенні чакаць твой, мой мілы. Прабач, што ён атрымаўся кароткі, але на дварэ змяркаецца, гукае мама садзіцца за ўрокі. Трэба наганяць тыя два месяцы заняткаў, што я прапусціла ў школе. Шчырае прывітанне ўсім тваім сябрам, нізкі паклон фрау Вайс. Бывай, мой любы.
Алеся
P.S. Пішы мне, калі ласка, як мага падрабязней пра сябе і сяброў, пра фрау Вайс. Мне так хочацца ўсё пра вас ведаць” .
Адпісаўшы Алесі ліст, Ёхан адвёз яго на пошту. А праз паўгадзіны ён быў ужо на цэнтральнай гарадской вуліцы. Пасланне Алесі ўразіла яго. Не, ён не мог сядзець у бяздзейнасці, калі дзесьці там, у далёкай чарнобыльскай краіне, пакутуюць яго каханая і яе юныя сябры.
Мясцовае аддзяленне Чырвонага Крыжа ён адшукаў хутка – у ім некалі працавала ягоная бабуля. Яно месцілася ў высокім чырвоным цагляным доме. Невысокая, хударлявая, з акуратна ўкладзенымі на галаве бліскучамі сівымі валасамі жанчына, якую Ёхан знайшоў у прасторным і светлым пакоі, выслухала яго ўважліва. Калі Ёхан з хваляваннем растлумачыў, чаму прыйшоў да яе, жанчына загарнула вадзіцельскія правы і падняла на яго свае маленькія летуценыя вочы.
– Прабачце, а фрау доктар Вайс вам кім даводзіцца?
– Гэта мая маці, – хутка адказаў Ёхан.
– Я калісьці лячылася ў фрау Вайс. Яна – проста цудоўны ўрач. Вы можаце ганарыцца сваёй маці, – зычліва падкрэсліла жанчына і, працягнуўшы Ёхану ягоныя вадзіцельскія правы, перайшла да справы.– Значыць, вы хочаце дапамагчы ахвярам Чарнобыля? У вашай сям’і хтосьці з іх папраўляў здароўе?
“Алеся”, – ледзь не вымавіў Ёхан, але, падумаўшы, што гэтай прыязнай сівой жанчыне, што сядзіць насупраць яго, наўрад штосьці скажа незнаёмае імя, ціха адказаў:
– Так, у нас нядоўга жыла адна пацыентка маці.
– Што ж, мы вітаем ваша шчырае і светлае жаданне, – зычліва сказала жанчына і запрасіла Ёхана пасунуцца бліжэй да стала.
Праз паўгадзіны, атрымаўшы ад фрау Энкель новенькае бліскучае пасведчанне сябра Чырвонага Крыжа, а разам з ім і дазвол займацца дабрачыннай дзейнасцю, Ёхан быў ужо на вуліцы.
Вярнуўшыся дамоў, ён перш–наперш падняўся ў свой пакой, узяў у рукі скарбонку, разбіў яе на стале. Сабраў грошы, пералічыў іх. Было роўна 200 марак. Як добра, што ў яго паўгода таму ўзнікла ідэя купіць новы магнітафон! Акуратна склаўшы грошы, Ёхан саўгануў іх у тоўстую бліскуча–белую грашовую скрынку, якую атрымаў зусім нядаўна ад фрау Энкель. Гэта было першае ахвяраванне Алесі і яе чарнобыльскім сябрам – яго, Ёхана, ахвяраванне. Зірнуўшы на гадзіннік – быў пачатак першай, Ёхан заспяшаўся. Да абеду заставалася зусім нямнога. А менавіта ў гэты час у горадзе самы вялікі наплыў народу. Пераапрануўшыся ў касцюм і падхапіўшы пад паху скрынку, Ёхан паехаў у горад. Першы свой працоўны дзень ён вырашыў пачаць ля кірхі[ 2 2 Царквы /ням./
]. Там цяпер ішла дзённая меса. А вернікі – людзі шчырыя і добрыя. І Ёхан разлічваў на іх спачуванне і міласэрнасць. Пакінуўшы матацыкл на стаянцы, Ёхан паставіў грашовую скрынку, як яго вучыла фрау Энкель, на невялічкі раскладны металічны стульчык, умацаваў побач з ім шыльду. Ён баяўся, што прахожыя не заўважаць, пройдуць побач, не звернуць увагі на ягоны заклік ці проста не кране іх сэрцаў надпіс на шыльдзе. Але тыя спыняліся, уважліва чыталі надпіс, пераводзілі позірк на Ёхана і апускалі ў скрынку грошы. Некаторыя моўчкі, іншыя пыталіся, дзе той Чарнобыль і што там здарылася? Ёхан у такім выпадку працягваў кароткую даведку–брашуру: “Вось пачытайце, тут усё напісана”. Ён не крыўдаваў на людзей за іх недасведчанасць. Хіба ж ён сам яшчэ зусім нядаўна не быў гэткім жа і амаль нічога не ведаў пра Чарнобыль, пра гэтую жудасную і нечуваную бяду?
Самае прыемнае здзіўленне чакала Ёхана пад вечар, калі раптам да яго на матацыклах падрулілі Ганс, Грэтхен, Эльза і Карл.
Читать дальше