Ведаеш, любы, я адлічваю кожны дзянёк, што набліжае нашу сустрэчу. Прыціскаю да сэрца тваю фотакартку і ў думках уяўляю яе. А яшчэ я жыву ўспамінамі. Часамі мне нават сніцца ваш мілы, добры і ўтульны дом, ты, мілы, фрау Вайс, быццам зноў мы едзем да Карла на баль, пасля танчым з табою пры свечках вальс, стаім каля святой магілы Марціна Лютэра… Божа, няўжо ўсё гэта было? Няўжо я зноў хутка буду побач з вамі? Даруй, любы, але падчас мяне ахоплівае трывожнае прадчуванне, што не падаруе нам лёс гэтай салодкай хвіліны спаткання. Я стараюся адагнаць гэтыя змрочныя думкі, бо, што б ні здарылася, я ўсё роўна прымчуся да цябе, мой любы, у той дзень. Прылячу сіняй птушкай ці зазірну ў тваё акно бялёсай заранкай. Ты зірні ў тэлескоп, убачыш яе – чароўную, чыстую, ласкавую, ведай – гэта я. Як там у нашага Максіма Багдановіча:
… Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю,
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
З ёю зліём мы пагляды свае…
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне
Глянь іншы раз на яе…
Шчасця, цяпла, радасці табе. Бывай, мой каханы.
Алеся.”
Паклаўшы развітальны ліст Алесі на стол, Ёхан дацягнуўся рукою да фотакарткі, якая стаяла побач з жоўтай ажурнай лямпай. Наблізіўшы яе да вачэй, пяшчотна правёў па ёй пальцамі. І не стрымаў слёз. Алеся, дзівосная і прыгожая, як лясная фея, бы жывая, усміхалася яму з фотакарткі сваёй шчырай і чароўнай усмешкай…
Цяжка падняўшыся са стула, ён падышоў да акна. Прыціснуўшы да сэрца маленькі бялёсы фотаздымак, Ёхан скрозь слёзы журботна зірнуў у нябёсны блакіт – туды, куды сінявокай заранкай паляцела ягонае першае юначае каханне…
КАЛІ ЗАЦВІТАЕ ПАПАРАЦЬ–КВЕТКА… аповесць
Частка першая
Свой доўгі і тлумны працоўны дзень буфетчыца Таццяна пачынала з прыбірання ў кафэ, у якім працавала чацвёрты год. Спачатку яна старанна выстаўляла на паліцы тавар, потым выцірала чыстай анучкай пыл на круглых століках, што стаялі ў невялічкай зале, да бляску мыла падлогу.
Першымі наведвальнікамі кафэ звычайна былі рабочыя мясцовага лесазавода, якія куплялі запалкі і цыгарэты і таропка знікалі за ўваходнымі дзвярамі, пасля з’яўляліся школьнікі, якія ласаваліся перад заняткамі цукеркамі.
Абслужыўшы рухавы дзіцячы гурт, Таццяна з хваляваннем зірнула на гадзіннік. Быў пачатак дзесятай. Хутка ў кафэ прыйдзе ён – гэты загадкавы цёмнавалосы мужчына, які зусім нядаўна пасяліўся ў іхнім невялікім лясным пасёлку. Яна падфарбавала ля люстэрка вейкі, вусны, паправіла прычоску, на хвіліну залюбавалася сабой. Так, ёй вось–вось стукне дваццаць восем, але выглядае яна зусім яшчэ маладой дзяўчынай: правільныя рысы твару, вялікія выразныя карыя вочы, вытанчаная фігура… Колькі разоў, стоячы за прылаўкам, яна лавіла на сабе зацікаўленыя мужчынскія позіркі, чула ад іх кампліменты, да якіх яшчэ нядаўна ставілася абыякава – аж пакуль у пасёлку не з’явіўся таямнічы незнаёмец…
Таццяна ўзгадала першы ягоны прыход у кафэ. Гэта было два тыдні таму. Быў поўдзень. Кафэ апусцела. Абапёршыся на прылавак, яна вяла гаворку з пажылой гаспадыняй Надзеяй Пятроўнай, якая жыла адна і таму была ахвочая на слоўца. Раптам рыпнулі дзверы і да прылаўка падышоў высокі статны мыжчына ў сінім джынсавым касцюме. Ягоныя густыя валасы былі акуратна зачасаныя назад, мужны, крыху стомлены твар быў чысты паголены.
“Напэўна, чыйсьці госць”, – вырашыла Таццяна, паколькі ўсіх жыхароў пасёлка ведала ў твар.
Звярнула ўвагу на незнаёмца, вядома ж, і гаваркая Надзея Пятроўна.
– Відаць, суседзямі з вамі будзем! – зычліва прамовіла яна пасля таго, як мужчына папрасіў у Таццяны цыгарэты. – Гэта ж вы купілі ў нашым доме аднапакаёвую кватэру. Але чаму вы без сваёй палавінкі? Ці мо разышліся з жонкай?
Было відаць, што адкрытая вясковая дапытлівасць крыху збянтэжыла незнаёмца.
– Ды не, я пакуль халасты чалавек, – нягучна адказаў ён.
– Божа, як жа гэта так? – здзівілася Надзея Пятроўна. – Такі статны мужчына – і адзін!
Наіўная шчырасць пажылой жанчыны выклікала на твары незнаёмца ўсмешку.
– Што зробіш, – прамовіў ён, – жанчынам патрэбны грошы. А ў мяне іх не вельмі многа…
– Хіба ж грошы галоўнае ў жыцці! – працягнуўшы мужчыну цыгарэты, не вытрымала Таццяна. – Галоўнае, каб ў чалавека была душа!
Мужчына рэзка ўзняў галаву, з непрыхаванай цікаўнасцю паглядзеў на Таццяну.
Читать дальше