Дапытлівы позірк дзяўчыны вывучальна прабёг па мячы на поясе Сварга, па луку і стрэлах, што віселі за ягонымі плячыма.
– Айн Крыгер? – урэшце з палёгкай уздыхнула чужынка.– Міхась – Крыгер. Лясны Крыгер – Ройбэр[ 13 13 Разбойнік?
]? – зноў выступіла на пасвятлелым было ўжо твары дзяўчыны хваляванне.
“Ну вось, цяпер мяне ўжо ў лясныя разбойнікі прызначыла!” – уздыхнуў раздражнёна Сварг.– “Да ну вас немцаў! Якія ж вы ўсе някемлівыя і тугадумы!”– ледзь услых не вылаяўся ён.
– Ды просты я воін! Іхь кайнфахэр Кры–гер! – кінуў ён узлавана і, нагнуўшыся, пачаў збіраць раскіданнае ля паляўнічай пасткі на траве сухое галлё, што належала фрэйлен. Калі сабраў у кучку, абвязаў сушняк ляйчынамі.
– Крыгер не прычыніць табе зла, – выпрастаўшы спіну, мовіў ён дзяўчыне на ейнай мове. – Бяры галлё, ідзі дамоў! – Паказаў ён рукою ў бок выхаду з бору.
Дзяўчына, ухапіўшыся за ляйчыны, накінула сушняк на свае хударлявыя плечы, зрабіла з ім колькі крокаў, раптам прыпынілася, азірнулася з цікаўнасцю на Сварга, апаліўшы сэрца воя сваімі загадкавымі карымі поўнямі.
Данкэ, Вольф Міхась, – пяшчотна вымавіла, – за тое, што ўратаваў мяне. А ты прыгожы, Вольф Міхась. Я заўтра раніцой зноў прыду ў бор. Сустрэнеш мяне?
“Гэ, спатканне мне на заўтра прызначае, ці што?” – разгубіўся Сварг і згодна хітануў галавой.
– Біс бальд, Вольф![ 14 14 Да сустрэчы, Воўк!
] прыязна ўсміхнулася дзяўчо і, павярнуўшыся, пайшла ў заценне разгалістых дрэваў.
Разведчык доўга пазіраў ёй задуменна ўслед. Ці разумна ён робіць, што адпускае дамоў чужынку, якая пабачыла яго на свае вочы? Што будзе, калі яна паведаміць сваім супляменнікам аб чужым крыгеры ў боры? Нямецкія акуратныя гаспадары адразу тады насцярожацца, данясуць у свой бург.
“Не, не павінна расказаць, – урэшце падумаў ён пра дзяўчыну. – Я ўсё ж уратаваў яе ад смерці. З– за ўдзячнасці змоўчыць. Дый спатканне, здаецца, табе прызначыла…”
Ледзь прыгожы гнуткі дзявочы стан схаваўся за высокім зараснікам, Сварг зрушыўся ў накірунку часовага прыстанку свайго атрада. Выразныя карыя вочы дзіўнай нямецкай фрэйлен стаялі перад ім, бы тыя акенцы ў загадкавы патаемны свет…
Да сваіх ён дабраўся, калі сонца ўжо схілілася да заходняга небасхілу. Лагер месціўся пасярод цёмнага ціхага гушчару і ахоўваўся прыхаванымі сярод дрэваў вартавымі. Вярталіся адзін за адным і іншыя разведчыкі, што аглядалі і вывучалі другія блізкія да бору чужыя куты. Каранасты цёмнавалосы сотнік Зварыч, які кіраваў воямі, выслухваў па чарзе назіральнікаў, удакладняў дэталі. У Сварга ён пацікавіўся: ці бачыў разведчык самога знатнага нямецкага рыцара ў радавым бургу? Атрымаўшы пакуль адмоўны адказ, загадаў вою весці на працягу тыдня далейшыя назіранні за варожым гняздом, высветліць ягоныя сілы і зручныя падыходы да цытадэлі. І адпусціў адпачываць. Пасля прыпозненага сытнага абеду Сварг забраўся ў невысочкі галлёвы будан з мягкім хваёвым подсцілам і ад стомы адразу заснуў моцным сном.
Пасярэдзіне ночы ён зноў скіраваўся да варожага замка з думкамі аб чароўнай нямецкай дзяўчыне, з якой звёў яго ўчора ў боры лёс. Ці прыйдзе яна раніцой сёння ў лес, як абяцала?
Апынуўшыся на золку ў росным хмызняку, разведчык колькі часу назіраў за бургам, што ўзвышаўся змрочнай скалой удалечы, кідаючы зрэдку занепакоены позірк у бок нямецкага пасялення, што віднелася пакуль туманнай плямай на даляглядзе. Ці не з'явілася на сцяжыне стройная хударлявая постаць чужынкі? Бург не падаваў на світанку якойсьці асаблівай мітусні і руху, на сценах звычна паходжвала варта. З шырокай брамы выехаў адзінокі рэйтар[ 15 15 Коннік
], нетаропка паскакаў кудысьці па дарозе. Мерна цякло ранішняе жыццё і ў пасяленні. Там–сям над дамамі курыўся дым. Да лугу, што ляжаў перад шэрымі гаспадарчымі забудовамі, паволі сунуўся статак хатніх жывёл. Разведчык быў ужо захваляваўся, што маладая чужынка перадумала з ім сустракацца, як неўзабаве прыкмеціў на сцяжыне гнуткі дзявочы стан. У руках Марты матлялася вялікая плеценая кашолка. За грыбамі наважылася, ці што?
Сварг узгадаў выраз аднаго бывалага ліцвінскага воя: які дурань адпускае адну дзяўчыну нанач у лес, калі выходзяць на паляванне ваўкі! Гэта было сказана яшчэ пры паходзе дружыны Давыда ў Мазовію колькі летаў таму. Тады аднойчы ноччу дазорцы натыркнуліся на маладую мазоўку – напужаную, заплаканую. Пайшла ў лес за суніцамі і заблукала. Пашкадавалі, вывелі на дарогу.
Читать дальше