Убачыўшы, як па шчацэ маладога чалавека скацілася сляза, стары апусціў руку. Карціна тут жа знікла. На свае месца, бы з туману, выплыла сцяна пакоя.
– Я ж папярэджваў цябе, паэт. Праўда не заўсёды бывае прыемнай для чалавека, – прамовіў стары.
– Няхай. Але я цяпер ведаю яе, – прашаптаў малады чалавек. Голас яго дрыжэў, позірк згас. – Забяры мяне, Божа. Чуеш? Мне няма для каго больш жыць…
Стары ўважліва зірнуў на хворага. Горкі сум бліснуў у яго задуменных вачах.
– Што ж, воля твая, паэт, – сказаў ён. – Хай твая пакутная душа знойдзе нарэшце свой доўгачаканы спакой…
Ад моцнага подыху старога полымя свечкі на пісьмовым стале патухла, пакой агарнула цемра…
…Над зарослымі магілкамі кружыліся вароны. Неба было зацягнута пунсовымі аблокамі. Крапаў дробны прахалодны дождж. Ля свежага пясчанага грудка, што быў у пачатку пахаванняў, стаяла на каленях маладая жанчына. Мокрыя растрапаныя валасы вужакамі спадалі на ўгнутыя плечы. Па бледным апухлым твары каціліся слёзы. Жанчына ціха ўсхліпвала:
– Ты прабач мяне, любы. Я не думала, што ўсё так скончыцца. Я проста хацела, каб ты крыху прыраўнаваў мяне. Ты ж увесь свой час бавіў за пісьмовым сталом, а мне хацелася хоць крышачку ўвагі. Даруй, мілы. Божа, калі ты чуеш, забяры мяне, адпраў да любага. Я не магу без ягонага кахання. Божа, чуеш?..
– Воля твая, жанчына.
Да грудка выйшаў сівы стары. Ён скрушна зірнуў на абмяклае цела маладой жанчыны, якое спаўзло на пажоўклую траву.
– Неразумная жанчына. Хіба ж паэт не ствараў вершы ў твой гонар! Ты была ягоным жыццём і натхненнем. Хай жа вашы душы зноў плывуць побач. Бо што песня без слоў.
Стары перавёў позірк на свежы пясчаны грудок з вялікім драўляным крыжам.
– Вось і напісаў ты сваю лепшую кнігу, паэт!
Стары павярнуўся, паволі рушыў да ўваходнай брамкі, а калі дасягнуў утаптанай сцежкі, на хвіліну прыпыніўся. Мудрыя вочы дапытліва зірнулі ў нябесны блакіт. Відаць, сачылі, як дзесьці там, сярод неабсяжнай прасторы і бясконцых зорак злучаюцца дзве аблудныя душы. Стары нарэшце ўсміхнуўся, бы той касец, задаволены сваёй працай, і пайшоў далей…
Мо зноў хто звярнуўся да яго са шчырай пакаяльнай малітвай? Га, Магутны Божа? Quo vadis, Domine?..
Ваўкі мы – вольнае наша жыццё.
У. Высоцкі
Выцеры слёзы, ваўкі не плачуць.
Не да твару ім прытварацца людзьмі.
А. Мядзведзеў
Ускраіны густога зялёнага бору ліцвінскі назіральнік Сварг дасягнуў на світанку. Амаль паўночы ён ішоў да яе з непралазнага гушчару, дзе разбіў свой часовы стан невялікі атрад разведчыкаў, які быў дасланы наперад ваяводам Давыдам Гарадзенскім, што з дружынай ужо колькі месяцаў здзяйсняў імклівы паход у самае сэрца Германіі, ў Брандэрбургскую мархію, ў адказ на гвалтоўны пазалеташні напад нямецкіх крыжакоў на ваколіцы Гародні і памесце самога князя, калі ў полымі варожага крывавага разбою загінулі ягоная жонка і малы сын. І вось надышоў час помсты. Амаль лета рухавая конная харугва ваяводы гуляла па чужой зямлі. Бы той лясны воўк, яна раптоўна з'яўлялася то ў адным, то ў другім месцы, робячы нечаканы напад на варожыя цытадэлі і паселішчы, і пасля іхняга спусташэння так жа бясследна знікала ў мясцовых густых барах. Усе спробы варожых сцягоў перахапіць імклівых ліцвінскіх вершнікаў не прыносілі пакуль поспеху, бо кожны раз перад чарговым балючым укусам ворагу мужны і прадбачлівы князь Давыд дасылаў наперад разведчыкаў…
Загартаваны ў шматлікіх баях з ворагам адважны воін–дазорца Сварг выбраў месца для сваіх назіранняў у невысокім густым хмызняку, за якім адразу пачынаўся шырокі луг. З яго добра праглядаўся шэры нямецкі бург[ 4 4 Замак
] з высокімі прамавугольнымі вежамі і зубчатымі сценамі, што, падобна той скале, узвышаўся на пакатым узгорку пры канцы лугавога зялёнага дывана. Непадалёк ад варожай цытадэлі месцілася на раўніне вялікае нямецкі дорф[ 5 5 Пасяленне
] з дыхтоўнымі каменнымі дамамі і пузатымі драўлянымі гаспадарчымі забудовамі, якія здалёк здаваліся лялечнымі. Гэта была вотчына нямецкага рыцара Ото фон Верга, які ўчыніў некалі разам са сваімі сябрамі– крыжакамі крывавую разню ў ваколіцах Гародні. У абавязак Сваргу ставілася высветліць колькасць варты і вояў у варожым бургу, шляхі зручнейшага падыходу да цытадэлі.
Першыя промні сонца, што пачынала ўставаць на ўсходзе, ужо краналі сваімі светлымі прасцінамі за спінай воя верхавіны высокіх соснаў, калі ён, зрабіўшы з тонкага галля подсціл, зручна прылёг пасярод ранішняй роснай лясной травы. Нямецкі бург і сяленне, што бачыліся на даляглядзе, паволі прачыналіся ад кароткага летняга сну. Над маленькімі домікамі сям– там слаліся клубы ранішняга белага дыму, ля гаспадарчых забудоў назіраўся рух гаспадароў. З расчыненай брамы варожай цытадэлі выехаў невялікі эскорт вершнікаў, які паскакаў па тонкай нітцы дарогі кудысьці на захад.На сценах замка разведчык прыкмеціў толькі пару вартавых, якія ляніва паходжвалі ўздоўж зубцоў, амаль не звяртаючы ўвагі на сонныя ранішнія ваколіцы, што прылягалі да змрочных вежаў. Варожы гарнізон паводзіў сябе даволі бяспечна, яўна не чакаючы нападу чужынцаў. Але колькі ў ім вояў? І колькі ратнікаў, калі што, можа даслаць яму на дапамогу пасяленне? Сварг утаропіў пільны позірк на маленкія домікі, што цесным гуртам туліліся ўдалечы на раўніне, і раптам змеціў на сцяжыне, што стужкай бегла ад іх да зацення лесу, тры жаночыя фігуры з ляйчынамі ў руках. Падобна, мясцовыя фрау накіроўваліся ў сасновы бор за сухім галлём для печаў. Калі яны наблізіліся да хмызняку, весела штосьці шчабечучы паміж сабой, разведчык апусціў галаву. Узняў яе, як чужыя галасы зніклі ў далёкім лясным гушчары, і зноў утаропіў свой позірк на варожую цытадэль. Падступіцца непрыкметна да трывалых высокіх сцен з–за адкрытай прасторы магчыма было што толькі пад покрывам ночы. Паназіраўшы яшчэ крыху за вартай, разведчык быў ужо збіраўся ўзняцца на ногі і рушыць у глыб лесу да стана атрада, як краем вока нечакана прыкмеціў дзвюх нямецкіх жанчын, што выйшлі з бору з сушняком за плячыма. Прыпыніўшыся на сцяжыне, яны азірнуліся, занепакоена загукалі ў лясное густое заценне:
Читать дальше