– Якія–такія ветры занеслі на нашу сціплую вечарыну гэткую светлую, яскравую зорку? – у шчырым захапленні партнёркай спытаўся ён, ледзь танец узяў больш павольны рытм.
– Ветры? – усміхнулася незнаёмка загадкавай усмешкай Венеры Мілоскай.– Ды ваш сёняшні лаўрэат… мая школьная сяброўка. Вось даслала запрашэнне на імпрэзу сваёй кнігі. Няёмка было адмовіць.
– Ну і як, павіншавалі ўжо сваю сяброўку з поспехам?
Дзяўчына, ад гнуткага стану ледзь улоўная ў руках, злёгку хітанула прыгожымі бялявымі валасамі.
– Павіншавала, хоць мне не надта падабаюцца ейныя вершы. Я ў захапленні ад вашых нізак – чыстых, пранізлівых і шчырых. Бы ў іх пульсуе само жыццё…
– Тады ўношу прапанову – сысці з вечарыны, – мовіў гучна паэт, – бо далей тут не будзе нічога цікаўнага, акрамя застольнага перапалу таленавітых ласуноў да дармавога пітва, – паказаў ён вачыма на літаратурны гурт, які пачынаў ўжо тоўпіцца з пажаднымі вачыма вакол сталоў, што былі накрыты ў глыбіні залы і ламіліся ад напояў і багатай прыкускі.
– Прапанова прымаецца! – зычліва адказала дзяўчына.– Не люблю сцэн абжорства і пустаслоўя нецвярозых прамоўцаў.
Праз колькі хвілін яны паволі ўжо ішлі па прыцемненай вуліцы, насустрач вечароваму мігаценню высокіх фанароў і зорак, што адна за адной запальваліся на пачарнелай тканіне неба. Непраглядная пялёнка ночы агарнула іх ўжо ў сціплым пакоі паэта, калі маладыя аголеныя пругкія целы зліліся ў пажадлівым трапяткім подыху кахання…
Яны сустракаліся на кожным тыдні, звычайна выхаднымі. І амаль што не вялі размоў. Бо навошта дзівосным зоркам, што ляцяць поруч, словы? Ці не гаворыць красамоўней за ўсё сам іхні непараўнальны асляпляльны бляск? Яны ляжалі на ложку непакрытыя і, сузіраючы без цені сарамлівасці прыгажосць адно аднаго, толькі лёгкім дотыкам чуйных пальцаў запальвалі козытлівую цёплую асалоду на дрыготкай маладой скуры… Раніцой, калі падушка яшчэ захоўвала цяпло пайшоўшай каханай, паэт браўся за аловак і з ягонай натхнёнай душы ліліся узнёслыя, светлыя радкі.
Так доўжылася да самага лістападу, калі раптам наляцелы прахалодны паўночны вецер сарваў пажоўклае лісце з дрэваў і густым залатым дыванам услаў імі сцяжыны паблізу інтэрната. З восеньскай непагаддзю прыйшла і прахалода ў адносінах закаханых.
Яна ў прыталеным паліто, не распранаючыся, яўна не ў настроі, прайшла ў пакой, колькі хвілін у задуменні стаяла ля акна, нарэшце мовіла да паэта.
– Як ты жывеш у гэтым абшарпаным шэрым пакоі? Ні вады, ні душа…
– Ды так, – паспрабаваў ён аджартавацца, – скардзіцца, здаецца, няма на што. Які– неякі кут, каб прыткнуць галаву, усё ж ёсць. Ды яшчэ да яго кавалак хлеба…
– Усё б табе пераводзіць ў жартачкі! – суха перапыніла яна. – Нельга чалавеку так жыць, бы таму сабаку ў будцы. Сёння я размаўляла з бацькам. Ён у мяне адказны работнік міністэрства і не супроць узяць цябе ў свой аддзел. У цябе ж вышэйшая адукацыя. Круху падвучышся. Будзеш атрымліваць добры заробак, дадуць прасторную кватэру. Як, згода?
– Ты прапануеш мне зрабіцца чыноўнікам? – няўцямна зірнуў паэт на любую і ледзь не расмяяўся ў душы, толькі на імгненне ўявішы сябе ў крэсле міністэрскага бюракрата.
Як жа гэта выглядала недарэчна і нават смешна. Ён, таленавіты паэт – сухі згорблены чыноўнік! Сядзіць за сталом у кабінеце і замест стварэння вершаў перабірае нікому непатрэбныя паперы.
Яна быццам спіной пачула ягоныя думкі, уздрыгнула плячыма, змрочна ўзіраючыся ў панылы вечаровы восеньскі пейзаж за шклом.
– Я хачу сустракацца з любым ў светлых пакоях, а не ў цвілой сабачай кануры! – мовіла нарэшце злосна.– Калі табе не да спадобы мая прапанова, тады я пайду, паэт. І мы больш ніколі не сустрэнемся, чуеш?!.
– Што ты, любая, – ступіў ён да вакна і паспрабаваў пяшчотна прыхінуць да сябе каханую, але яна ўхілілася ад ягоных ласак.
У вялікіх блакітах дзяўчыны – звычайна чыстых і светлых – адбілася туга і адчай Мёртвага мора. Яна рашуча зрушылася.
– Бывай!..
За дзвярыма пакоя на зацемненай лесвіцы пачуўся цяжкі металічны стук высокіх жаночых абцасаў, які балючымі стрэмкамі ўпіваўся ў сэрца паэта. Ён доўга застылым статуем ўзіраўся праз халоднае шкло ў густую вечаровую цемру, што агортвала брудную гарадскую вуліцу і ў лядашным покрыву якой знік невыразны цень каханай.
“Але ж я нават не ведаю нумара яе тэлефона, – змрочна падумаў ён. – Што ж, усё светлае і добрае рана ці позна заканчваецца. І падвоенныя зоркі, надыходіць час, узрываюцца і разлятаюцца ў розныя бакі, каб скончыць свой апошні жыццёвы шлях ў самоце і адзіноце.”
Читать дальше