І затрымаў свой самотны позірк на піўным шапіку, што свяціўся яскравай вывескай пры канцы туманнай вуліцы, і ля якога звычна тоўпіліся раскудлачаныя заўсядаі хмелю.
“Ih vino veritas? Ісціна ў віне?” – узгадаўшы выснову старажытнага філосава, цяжка ўздыхнуў паэт.
Павярнуўшыся, ён прыхапіў з шафы чорнае восеньскае паліто і пайшоў на вуліцу. Праз колькі тыдняў ён захварэў і злёг ў ложак, і маркотны позірк паэта звярнуўся да акрайца неба, што бачыўся ў нешырокім акне…
2
Quo vadis, Domine?.. Куды ідзеш, спадар Ісус? Ты – Уладар бясконцага і неабсяжнага Сусвету. Вялікі і Непазнавальны. Справядлівы і Міласэрны. Гаспадар жыцця і смерці, святла і цемры, самоты і кахання. Куды на гэты раз скіраваўся твой магутны непадзельны дух? Няўжо зноў на Зямлю? Тую гаротную Зямлю, якая знемагае ў цемры граху, страху і бязладдзя. Толькі навошта табе тыя бедныя і нікчэмныя, якія некалі выракліся цябе – Вялікага Пакутніка Галгофы. І чаму не яны Цябе шукаюць, а Ты шукаеш іх; чаму не яны Цябе знаходзяць, але Ты знаходзіш іх. А мо, ужо спяшыш учыніць свой справядлівы суд? Ці зноў нехта звярнуўся да Цябе са шчырай пакаяльнай малітвай! Га, Магутны Божа? Ты ж Добры і Міласэрны. Quo vadis, Domine?..
…У невялікім шэрым пакоі, усё ўбранства якога складалі пісьмовы стол ды ложак, панавала паўцемра. У вузкае расфіраненае акно з выцвілага вячэрняга восеньскага неба самотна зазіраў медны дыск поўні. Ледзь бачна варушылася полымя свечкі, якое адбівалася ў журботных карых вачах маладога чалавека, што ляжаў на ложку. За сценамі пакоя горад, у якім пульсавала і клекатала жыццё. Але што да таго хвораму паэту, якога пакідалі сілы…
Чаму побач з талентам заўсёды нядоля? Чаму добрыя і шчырыя вымушаны пакутаваць, а прагныя, ненажэрныя, злыя заўсёды ў цяпле, сытыя і вясёлыя? Скажы, Божа, чаму лепшых Ты забіраеш, а выродлівыя і нікчэмныя ўсё жывуць і жывуць?..
..Хворы паэт самотна зірнуў праз акно на чорнае нябеснае прасцірадла, на якім прыгаршчамі запальваліся нанач зоркі. І горка ўздыхнуў. Няўжо зоркі не чуюць ягонай ўмольнай просьбы. Няхай яго пакінулі ўсе: сябры, родныя, каханая. Але Ён, Справядлівы і Міласэрны?.. Паэт у роспачы адвёў позірк са счарнелага неба і змружыў павекі. Калі ж адплюшчыў вочы, ад ледзь улоўнага шолаху, то нейкі час разгублена пазіраў на сівога старога ў доўгім сінім плашчы, які стаяў пасярод пакоя.
Вы… вы хто? – нарэшце паварушыў малады чалавек губамі.
– Ты клікаў мяне, паэт? – прыцішана пачулася са змроку.
Журботныя вочы хворага на імгненне асвятліліся. Ён з хваляваннем вымавіў:
– Гэта ты, Божа? Прабач, не пазнаў цябе. Але ж, ты некалі быў малады, а цяпер…
– Калі пакутуюць дзеці, разам з імі пакутуе і бацька. Пакутуе і старэе, – перабіў хворага сівы стары.
– Чакай, Божа, я зараз устану. Ты сядай, калі ласка.
Малады чалавек зрабіў нялоўкую спробу прыўзняцца з ложка, але стары перапыніў яго:
– Табе лепш пакуль ляжаць, паэт. Мне зручней размаўляць з тымі, хто ляжыць. Прысаджвацца ж не буду. Я ненадоўга.
– Разумею, – больш не спрабуючы ўзняць галаву, толькі крыху павярнуўшы яе ў бок старога, ціха прамовіў хворы.
– Ну, дык навошта ты мяне клікаў? – зноў пачулася з паўцемры.
У светлых вачах маладога чалавека адбіўся сум.
– Захварэў я, Божа. Каторы дзень ужо не ўстаю з ложка. Няўжо прыйшоў мой час?.. Але ж я не напісаў яшчэ сваёй лепшай кнігі…
– Усе чалавечыя хваробы ад самаго чалавека, – спакойна заўважыў стары.
– Так яно, Божа, мая хвароба ад самоты і адзіноты, – нягучна вымавіў хворы. – Ты ж ведаеш, мяне пакінула любая. Але як жа ствараць вершы без кахання? Можа, дапаможаш, вернеш любую да мяне?
Вочы маладога чалавека з надзеяй зірнулі на старога, але той маўчаў.
– Прабач, Божа, даруй за недарэчную просьбу, – сумна прашаптаў хворы. – Я забыўся, што ты стварыў нас, людзей, вольнымі. І за тую волю нават сам узышоў на Галгофу. Але хоць крайком вока можна зірнуць на любую. Можа, яна таксама зараз дзесьці пакутуе?
– Гэта можна, – ціха прамовіў стары. – Толькі б я не раіў. Праўда не заўсёды бывае салодкаю.
– Хай. Мне б толькі на хвілінку пабачыць…
– Воля твая, паэт, – уздыхнуў стары і ўзняў угору руку.
Дальняя сцяна пакоя раптам растала, бы той цукар у кіпні. На яго месцы ўзнік куток нейкага начнога кафэ з невялічкім круглым столікам, за якім сядзелі высокі смуглы мужчына і маладая бялявая жанчына. Трымаючы ў руках напоўненыя віном кілішкі, яны пра штосьці весела гаманілі. Але вось смуглы мужчына прыхінуў да сябе галаву жанчыны, пацалаваў яе ў пульхныя губы…
Читать дальше