– Цяжка яму будзе выкарабкацца, – прамовіла яна. – У мяне некалі брат пасля падзення з будаўнічай лесвіцы быў у падобным стане. Чатыры дні ляжаў у коме, і толькі народныя лекі дапамаглі, якія я дастала ў аднаго старога знахара. Вось бы яму тыя лекі.
– А дзе жыве гэты стары знахар? – ухапілася Таццяна за апошнія словы медсястры. – І як да яго можна даехаць?
– Адрас табе я дам, – зірнула жанчына на Таццяну з цікаўнасцю. – Ты, як відаць, сваячка яму, – хітанула галавою яна ў бок Аляксея. – Толькі не ведаю, ці жывы зараз той стары. Гадоў дзесяць ужо прайшло, як я да яго ездзіла.
– І усё ж напішыце, калі ласка, – працягнула Таццяна запісную кніжку.
Калі медсястра пайшла, яна перавяла позірк на Аляксея. Вочы яго былі заплюшчаныя, губы злёгку прыадкрытыя. Дыхаў ён павольна, быццам пасля дзённых цяжкіх турбот забыўся ў глыбокім сне. І толькі гіпс на целе і дробныя кропелькі поту на лбе выдавалі ягоную хваробу. Таццяна пяшчотна выцерла іх хустачкай і ледзь стрымала слёзы. Было балюча пазіраць на самага блізкага і жаданага чалавека і ўсведамляць, што ты нічым не можаш яму дапамагчы…
“Ты толькі прачніся, любы, – прасіла ў думках яна. – Чуеш, выжыві…”
На аўтастанцыю Таццяна выбралася а дзесятай гадзіне дня, калі ўрачы закончылі ранішні агляд хворых. Нічога суцяшальнага аб стане здароўя Аляксея яны не сказалі. Папярэдзіўшы па тэлефоне Надзею Пятроўну, што не прыедзе сёння дамоў, Таццяна купіла білет на міжгародні аўтобус. Да Навагародка яна даехала за тры гадзіны. Доўга чакала маршрутнае таксі. У вёску Жыўніца яна патрапіла толькі апоўдні. Стары драўляны домік, што стаяў на беразе шырокага празрыстага возера, яна адшукала хутка. Нясмела ўвайшла ў невялічкі чысты двор, пастукалася ў дзверы. Калі тыя з меладычным гукам адчыніліся і ў праёме з'явілася пажылая жанчына ў чырвонай сукенцы, Таццяна зычліва павіталася, спытала ў яе пра старога знахара.
– Гэта значыць, вы да майго бацькі па лекі, – сумна ўздыхнула сівая жанчына.– Толькі вы моцна спазніліся. Ужо сем гадоў, як яго няма, але людзі ўсё едуць і едуць. У вас хто хварэе? – спыталася яна.
– Мужчына, – ціха кінула Таццяна.
– І моцна?
– Чацвёрты дзень без памяці пасля аварыі, – сумна адказала Таццяна.
– Што ж, вельмі шкада яго. Але нічым не магу дапамагчы, – развяла жанчына рукамі. – Пасля смерці бацькі нават крынічка, з якой ён браў для сваіх лекаў ваду, і тая перасохла. Так што дарэмна вы ехалі.
– Прабачце, – у роспачы вымавіла Таццяна.
На вачах у яе з'явіліся слязінкі – марна яна ехала ў такую дарогу. Павярнуўшыся, Таццяна зрушылася, але пажылая жанчына раптам прыпыніла яе:
– Чакай. А кім жа даводзіцца табе той мужчына, што ты так шкадуеш яго? Родны, ці што?
– Не, проста знаёмы, – прамовіла Таццяна.
Жанчына дапытліва зірнула на Таццяну, яе позірк на хвіліну зрабіўся адсутным, яна аб чымсьці разважала.
– Значыць, кахаеш яго, – нарэшце вымавіла яна. – І моцна. Інакш не паехала б у такую далеч. Чакай, – дадала яна і схавалася ў хаце.
Вярнулася на двор хвілін праз пяць.
– На вось, вазьмі, – працягнула жанчына маленькую бутэлечку з празрыстай вадкасцю.– Для сябе хавала. Толькі навошта яны цяпер мне, калі мне ўжо сёмы дзесятак пайшоў. Ад старасці гэтыя лекі не ўратуюць.
– А родныя, дзеці? Можа, для іх калісьці спатрэбіцца? – няпэўна прамовіла Таццяна.
– Не спатрэбіцца, – пачуўся ціхі адказ. – Не даў мне Бог ні мужа, ні дзяцей. Адна вякую на гэтым свеце. Так што бяры.
Таццяна асцярожна ўзяла бутэлечку з лекамі, падзякавала жанчыне, спыталася:
– Скажыце, калі ласка, як вас завуць? Каб ведаць, каго ўспамінаць добрым словам…
– Бацьку майго ўспамінай. Дзедам Міхасём яго называлі. Давай па лыжцы раніцай і вечарам свайму каханаму. Дасць Бог, дапаможа, – прамовіла жанчына на развітанне.
У Мінск Таццяна вярнулася ўвечары. На дзяжурстве з дапамогай медсястры, якая падказала ёй адрас старога знахара, дала Аляксею лекі. Ноч той ляжаў спакойна, быццам забыўся ў глыбокім сне. Пад раніцу ягоныя губы раптам заварушыліся, ледзь чутна прашапталі:
– Марыля… дачка… неадкладна прышпілі рамяні… Дачка… чаму я не чую цябе… Прышпілі рамяні…
Аляксей трызніў. Дзяжурны ўрач зрабіў яму ўкол, супакоіў Таццяну:
– Нічога страшнага. Яго мозг пачынае пошукі рэальнасці. Гэта добрая прыкмета…
Новая ноч выдалася для Таццяны неспакойнаю. Пульс у Аляксея скакаў. Калі ён учашчаўся, той пачынаў трызніць. Жанчыне даводзілася некалькі разоў вызываць медсястру. Толькі праз суткі Аляксей супакоіўся, заснуў на некалькі гадзін…
Читать дальше