Але ж хіба ён адзін такі? Онь колькі хат пазабіваных стаіць. Разбрыліся дзеці, і мацяркі падаліся хто куды. Але ад гэтага не лягчэй.
Аўдоцця спахапілася, што ўжо не думае, як жыць далей, а толькі перабірае ў памяці перажытае, перабачанае, перапакутаванае.
Праўда, калі калгас стаў на ногі, старшыні людскія трапляліся, дык онь як разжыліся: кублы і клеці поўныя, разбудаваліся, грошы сотнямі лічыць пачалі, адзежу не горшую за гарадскую паспраўлялі. Ідзеш вуліцай, хаты, як велікодныя яечкі, маляваныя, матацыклы ў кожным двары плот падпіраюць, машыны свае завялі, тэлевізары над кожнаю страхою рожкі вытыркнулі. Добрыя людзі дзяцей павывучвалі, гарадскіх унукаў гадуюць, ведаюць, дзеля чаго і дзеля каго жывуць. Падумала і пастукала сухім кулачком у лоб: «Пільна трымайся свайго селішча, кораню свайго пільнуйся. Чалавека без свае зямлі гоніць вецер, як сухую траву па полі».
6
Дакторчын гаспадар адбіў тэлеграму, што едзе. Замітусілася Арына Аляксееўна: сама ўзялася прыбіраць у сваіх пакоях, а ў абліччы то радасць, то прамільгне трывога — ссуне броўкі і замрэ на месцы з анучаю ў руках. Галінка скача на адной ножцы і прыпявае: «Едзе татка на казе і гасцінец прывязе...»
— Што ты пляцеш, дачушка? Чаму на казе? Да станцыі цягніком прыедзе, а туды па яго машыну пашлюць...
— «Казла»? — хітра ўсміхаецца Галінка.— Можа, ён не казёл, а зусім каза. Бабка Дуня ўсе казкі складна гаворыць, і я так умею: «Баба Дуня шафу суне», «Пашлю маму ў краму да цёткі Веркі па цукеркі».
Арына Аляксееўна ад замілавання смяецца і цалуе дачушку ў белую галоўку, спрытна ўскоквае на табурэтку, напружвае высокія статныя ногі, выгінаецца спіна, высока выцягвае белыя круглыя рукі, каб пачапіць новую фіранку з прыгожымі каляровымі паўлінамі.
Аўдоцця Анісімаўна любуецца ёю — прыгожаю, статнаю, ад яе заўсёды вее свежасцю, часам пахне лякарствамі. «От каб у мяне такая нявестка была»,— думае сама сабе Аўдоцця, гледзячы на дакторку, што ўратавала яе ад пагібелі, прытуліла ў сваім доме мудрэй за родную дачку. Не, такая не выраклася б маці, не
ўцякла б, не тулялася б ад яе.
— Чаго вы ўздыхаеце, Анісімаўна? Можа, вам кепска?
— Што вы, галубачка! Лепей мне ніколі і не было. Цяпер ні рукі, ні сэрца не рву, не вінна нікому нічагусенькі, ды і мне няма з каго спаганяць. А бывала — адны нядоімкі. Бабы абедзве должнасці спраўлялі — мужчынскую і жаноцкую, а на іх толькі пакрыквалі: «Давай, давай!» Знай — і дзень і ноч давай.
І Арына Аляксееўна ўспомніла сваё пасляваеннае дзяцінства. У іх на Гродзеншчыне трохі сытней жылося: старшыні людскія трапляліся, часцей свае, селавыя. І хлеб быў, і да хлеба. Прыгадалася ёй спакутаваная, зжаўцелая маці. Яна павольна канала, не енчыла, не стагнала, не назаляла нікому, толькі да крыві кусала ссохлыя вусны ды на дзетак глядзела праз слёзы. А іх у яе чацвёра — адно пад адным.
Нагледзелася Арына на маміны пакуты і дала сабе слова вывучыцца на доктара, каб ратаваць людзей... Даеў-такі маму рак. Пагаласілі дзеці, стагнаў начамі бацька, яшчэ не стары мужчына. Досвіткам круціўся каля печы, удзень — на калгаснай рабоце, увечары — на сваіх сотках. Дзетак прывучыў даглядаць адно аднаго, у хаце і ў гародзе ўпраўляцца. Так і снавалі яны, як тыя мурашы.
Праз год прывёў тата ў дом не надта маладую кабету, сабраў дзяцей і кажа: «Цяжка нам, дзеткі, без мамы. У цёткі Алены гаспадар з вайны не прыйшоў. Вы ведаеце, якая яна сумленная і добрая. Згадзілася яна ў нас за гаспадыню быць, вас на свае ногі паставіць. Шанаваць будзеце, палюбіце, можа, і мамаю назавеце, а не,— будзе ў нас цётка Алена». І яна пакланілася дзецям і на чатыры куты даўно не беленай хаты. З ёю дабро і цяпло прыйшлі ў асірацелы дом. Праз паўгода ўсе дзеці цётку Алену мамаю звалі. Усю душачку сіротам аддала, выгадавала, вывучыла ўсіх. Мамчыну магілку і цяпер даглядае. Кажа: «Гэта ж мамка маіх дзетак».
Але ці не больш за ўсіх яна любіла яе, меншанькую Арышу. Калі ўжо вучылася ў інстытуце, кожны месяц прывозіла з дому падмацунак і наказвала: «Ты ж, дачушка, не таіся ад суседак, не жуй з кулака. Не скупіся аддаваць, саромейся прасіць і браць. Хто дае, той і мае. Совесна жыві. Чалавека шануй, і табе ласка будзе».
І цяпер яны з бацькам, як белыя галубкі, у згодзе век дажываюць, дбаюць пра дзетак і ўнукаў сваіх.
Арына Аляксееўна лёгка саскочыла з табурэткі.
— Давайце лепей піць чай.
— Калі не грэбуеце, я вас сваім участую,— і патэпала Аўдоцця на кухню. Там развязала мяшэчак, доўга нечым шамацела, а калі чайнік закіпеў і імбрычак настояўся, пазвала Аляксееўну і Галінку за стол. У шклянках іскрыўся бурштынава-малінавы водарны чай.
Читать дальше