Неяк досвіткам Аўдотка выскачыла ў склеп, а як толькі вылезла з міскаю салёных гуркоў, аж чуе: сусед Гарасім у некага пытаецца:
— Чуў?
— А ты хіба што казаў?
— Я-то не казаў. А чаго ўсю ноч сабакі заходзіліся?
— Можа, дзе воўк падкрадаўся ці ліхога чалавека пачулі.
— Кажаш, не чуў? Гэта ж у Барсюка стралялі.
— І такі застрэлілі?
— Дзе ты бачыў! Кажух толькі шротам пасеклі нейкія партачы. - »
— От шкода...
— Чаго табе шкода?
— Кажуха. Чаго ж яшчэ? Барсюк жа цэлы.
— І дзякаваць богу, а то ўсё сяло ператрэслі б. І так бяды будзе. Кажа, от каб на столечкі лявей — капцы б Піліпу.
— Кажух новы, а стралок храновы, не пачакаў, пакуль здыме.
— Табе ўсё смешкі з дзедавай булавешкі. Праўда, стралялі,— пераконваў Гарасім, а той, што стаяў за дрыўмі, зноў выскаляўся:
— Матрона хоць папаласкала яго галіфэ, каб смуроду меней было?
— Ты б, Канстанцін, калі бога не баішся, людскіх вушэй і языкоў асцерагаўся. За такія разгаворчыкі сам ведаеш, куды падаянкі возяць.
— А я што? Я ж нічога. Кажуха пашкадаваў, і толькі, а Піліп няхай сабе жыве. Калі не ён, другі ноймецца, і яшчэ, калі хочаш, мудрэй узачне.
І пакацілася па сяле погаласка: ноччу цераз акно нехта страляў у Піліпа Барсюка. Онь і шыба падушкаю заткнута. Гэтую размову Аўдотка запомніла на ўсё жыццё, бо з таго дня пачалося і яе гора. Тады ж у Балашоўку наехала міліцыя і з ёю нейкі важны брытагаловы начальнік. Прывезлі рудога з натапыранымі вушамі ваўкадава. Пакруціўся ён пад акном Піліпавай хаты і ўсё лапамі ў дзверы драўся. Казалі, што цюцька следу не ўзяў, быццам той стралок на лыжах падкраўся, стральнуў і — драла, а цяпер шукай ветру ў полі: колькі па той дарозе прайшло і праехала, не злічыш.
Піліп аж заходзіўся, што кулакі ўжо ў Савецкую ўласць страляюць, што даўно пара іх усіх — пад корань, падтыкаў тых, на каго зуб меў. Іх цягалі ў цёмную, дапытваліся, дзе быў, што рабіў тою ноччу. А што робяць ноччу? Ведама,— спяць. Дваіх такі ўпяклі на тры гады па падазрэнню, а праз нейкі год выпусцілі. Барсюк ужо насіў наган на папружцы зверху, дзірку на рукаве не даваў цыраваць, паказваў ён яе як баявую рану, і расказваў, як стрэлілі, а кажух быў накінуты толькі наапашкі, гэта і ўратавала.
Пра стрэл у Балашоўцы пісалі газеты, пра мужнасць і самаахвярнасць у барацьбе за новы калгасны лад Піліпа Барсюка гаварылі на сходах, а ён адставанне ў калектывізацыі тлумачыў супраціўленнем класавых ворагаў і агітацыяй варожых элементаў.
Начамі ў сельсавеце збіраўся актыў. Клікалі туды і Анікея. Толькі тады дазналася Аўдоцця, што ён партыйны. Прыходзіў позна, доўга не мог заснуць, уздыхаў, варочаўся, выходзіў курыць. Жонка дапытвалася, што з ім, а ён аднекваўся і маўчаў. Потым прызнаўся, што хочуць яго сарваць з леснікоўства і паслаць у калгас брыгадзірам. «Не ведаю, як яно будзе далей, а пакуль што добрага мала. Спісы ўсё нейкія складае Піліп, да вашых загальскіх хутароў дабіраецца».
І дабраўся-такі: наехалі з раёна ў шынялях і ў хромаўках актывісты і апошнім, ледзь трывушчым зімнікам падаліся на балотныя хутары.
Загадалі ўсім збірацца ў дарогу, браць адзежу, харчы, посцілкі, коўдры, збожжа выграбалі да зярняці, ссыпалі ў мяхі і скрыні, цяглі кублы сала, усё грузілі на сані, залыгвалі кароў, вязалі свіней і авечак і кідалі ў палукашкі. Рову, віску, мэкання і галашэння было болей, як на пажары. Жанкі біліся лбамі аб вушакі і сцены, цалавалі парогі, ірвалі на сабе валасы, пхалі ў клункі зёлкі з роднай зямелькі, выносілі абразы, а іх вырывалі з рук і кідалі ў студні.
Піліп з памагатымі ўсіх прыспешваў: «Давай, давай барзджэй! Што, прыпякло кулацкім выпладням?! Марш бягом!»
Сані і капыты правальваліся на падталым зімніку, людзі ішлі пехатою з малымі дзецьмі на руках. Пасля балота на Балашоўку паехалі спарней. Там толькі пакармілі коней перад дальняй дарогай. На дзесяць падвод далі аднаго актывіста з вінтоўкаю.
Аўдотчына свякруха праз акно ўбачыла гэты пакутніцкі абоз, пляснула рукамі: «Палянь, дачушка, ці не вашы гэта едуць?» Ухапіла Аўдотка хустку, накінула на плечы паўкажушак, а на вуліцы плач і галашэнне. Адшукала сваіх, кінулася да мамы, да Анатолі, цалавала, заліваючыся слязамі: «А на каго ж мяне пакідаеце, а за што ж вас гоняць за свет?» — «За тое, дачушка, што гаравалі свой век, як чорныя валы, што свету божага не бачылі. Хоць ты застанешся на роднай зямельцы, будзе каму памянуць нас. Ой, на пагібель вязуць нас». Браты сядзелі, як скамянелыя, бацька толькі шморгаў носам, безнадзейна разводзіў рукамі, нібыта яму мову адняло.
Читать дальше