«Не хаваўся я, чалавеча, нікуды. Паспрабуй з гэтай дрыгвы куды вылезці, боўтнеш, і ваўкі не знойдуць. А тут і дзед і бацька звекавалі, ляды карчавалі, жылы рвалі, пакуль разжыліся, і пахаваны о-о-нь там у хвойнічку. А мне што? Кінуць-рынуць усё мазалём нажытае? Петунія як Марка ў пекле, і яны,— кіўнуў на сям'ю,— адхлання не бачаць. Чужога і каліва тут няма, ні крадзенага, ні куплёнага — усе сваім гарбом загаравалі. А ты, чалавеча, крычыш. Каму вінен, няхай прыйдзе скажа, расчытаная да каліва»,— асмялеў бацька. «Дурня не строй, стары. Гасударству вінен за столькі гадоў. Дэзерцір прадналогавы. Гэта ж трэба, а? Неучцёны сельсаветам...»
А той Анікей маўчыць і з Аўдоткі вачэй не зводзіць. Унь Антоля — старэйшая і пазарнейшая, дык на тую і не гляне, а да яе, як прыліп. Загадаў Піліп Анікею распрэгчы каня, даць сена і паставіць у стайню. Бацька нешта шапнуў маці і пайшоў памагаць Анікею.
На прыпеку верашчала яечня на дванаццаць вочак. Доўга прыезджыя начальнікі вячэралі, гаманілі, курылі папяроскі. Сёстры паслаліся на печы, гасцям саступілі ў каморы ложак.
Піліп пад галаву паклаў наган і наказаў, калі хто ноччу зойдзе ў камору, прыстрэліць на месцы. Браты Уладзік і Зміцер спалі пад старым кажухом на падлозе.
Праз тыдзень зноў прыджгаў на хутар Анікей, і не адзін, а з ляснічым, такім паважным, акулярыстым, з люлькаю, і гаварыў неяк не па-простаму. На стол паставілі пляшку, высыпалі больш за фунт цукерак, ёй Анікей накінуў на плечы квяцістую шаліноўку, на палец узаткнуў пярсцёначак, стаў перад татам і мамаю на каленцы, нізка пакланіўся і ўсчаў прасіць, каб аддалі за яго малодшую дачку. Для ўсіх гэта было як пярун сярод яснага неба. Адгаворваліся, што перш трэба аддаць старэйшую, Антолю, а Аўдотка яшчэ маладзенькая, дурненькая, нідзе на людзях ніколі не была, чужых цураецца, ды і рабіць не будзе каму, а яна ж здатная і жаць, і ткаць, і малаціць, і стагі вяршыць, усё аж гарыць у яе руках.
Анікей і слухаць не хоча, і ляснічы ўгаворвае, хваліць свайго лесніка, а ляснік божыцца, што на руках будзе насіць жонку, не дасць, каб і слязінкі было ў яе вочках, каб і волас упаў з галавы. Бацькі ўпінаюцца, але не вельмі, відаць, цану набіваюць, кажуць, што падумаць трэба і пра пасаг падбаць. Анікей — на сваім: яму і пасагу не трэба, абы Аўдотка пайшла за яго, а ў нявесты ніхто не пытае, нібы на рынку старгоўваюць нейкую рэч. А ёй і хочацца вырвацца з гэтае багны, да людзей бліжэй, з гэтай егіпецкай работы хоць трохі вылузацца.
Доўга бацькі саймаваліся, думалі і так і гэтак, пакуль не здаліся. У мясаед такі прапілі Аўдотку. Паплакалі з мамкаю і Антоляю, і паехала яна ў вялікае сяло Балашоўку — у хату чужую, да маткі чужое, да чужых людзей. А яна ж была дзікаватая і палахлівая, не ведала, як з кім абыходзіцца, што казаць, як каму дагаджаць. Праўда, Анікей яе вучыў і настаўляў, што да чаго, угаворваў ласкава і песціў, як малое дзіця. І маці яго была добрая кабета — далікатна паказвала, што рабіць. А сяло было доўгае і люднае. Па суботах гулялі вечарынкі, у буднія вечары з прасніцамі ды песнямі дзяўчаты і маладзіцы да суседзяў ішлі на попрадкі.
Анікей часта толькі цёмначы варочаўся з абходаў, то ў лясніцтва ездзіў, то аб'ездчыкам кляйміў лес і адводзіў дзялянкі. Аўдотка нудзілася адна, чакала і выглядала яго неўпрыкметкі цераз акенца. Анікей быў ласкавы і вясёлы, з твару відны, у касці шырокі і дужы. Бялявыя валасы непаслухмяным крылом падалі на лоб, вочы ясныя, усмешлівыя, а рукі мяккія, як спавівачы, абдымалі яе. Маці часам усміхалася і бурчала: «І не абрыдла. Як маленькія, ліжацеся». Анікей абдымаў і маці і ціха гаварыў: «За службаю, мамачка, і жонку можна страціць, а яна ж у мяне адна на векі вечныя. Татку, зямля яму пухам, не было калі вельмі мілавацца, от вам і завідна. Ха-ха-ха!» — заліваўся смехам і ішоў на дрывотню калоць яловыя цурбаны.
Хутка Аўдотка пачула невядомае слова «калгас». Анікей ёй тлумачыў: «Калі ў сям'і кожны будзе сам па сабе, ні хаты, ні лапаты не агораеш, а як усе разам возьмуцца, і лягчэй, і спарней работа пойдзе. Гэта сям'я, а тут усё сяло разам выйдзе на ворыва ці на жніво, можна горы звярнуць. От Савецкая ўласць і робіць калгасы, каб людзям лягчэй было ўсю зямлю абрабляць разам, коней — у адну стайню, кароў — у адну абору, на работу — талакою, што заробіш — палучы: усё агульнае, толькі жонка ў кожнага свая»,— і Анікей зноў абдымаў сваю Аўдотку. А яна ніяк не магла ўцяміць, як гэта можна некуды аддаць сваю кароўку, каня, свінчо, застацца з пустым хлявом, не ведаць, каторы твой загон. Гм, усё агульнае. Гэта ж не кожная сям'я ў злагадзе жыве, а тут столькі людзей! Хто з імі зладзіць?
Читать дальше