Рута моўчкі сядзела на ўслончыку, паклаўшы вузкія зграбныя рукі на калені. З-пад шырокіх спадніц вытыркаліся запыленыя маленькія ножкі з ружовымі пазногцікамі, на стане напінаўся расшыты бліскаўкамі тугі кабацік. Пакуль гаварылі жанкі, яна маркотна пазірала ў акно, а то падыходзіла да сцяны і разглядала малюнкі на адрыўным календары. Мама не давала ім кавалкаў, а запрашала за стол і карміла абедам.
Калі Кацярына з дачкою заходзілі да нас, у мяне пачынала часцей стукаць сэрца, я губляўся, апускаў вочы, ненатуральна мітусіўся і крадком аглядаў дзяўчыну ад малюпаценькіх пальчыкаў босых ног да хвалістых валасоў, пранізаных сонцам. На дарогу маці давала Кацярыне пару сухіх гомалак і ладны акраец хлеба. Тая далікатна аднеквалася, і міласціна знікала ў нейкіх патаемных кішэнях.
На змярканні я хадзіў да цыганскіх вогнішчаў. Слухаў працяжныя сумныя песні, глядзеў, як у вялікіх казанах паруе вячэрняе варыва, як дурэюць і скачуць галапузыя цыганяты, а часцей непрыкметна спыняўся каля Кацярынінага шатра, глядзеў, як Рута, падкурчыўшы ногі, падграбае ўкрытае белым прысакам вуголле пад трыногаю, а на ёй у закураным кацялку булькае засквараны кулеш. Мы часам гаворым з ёю. Пра што? Так, ні пра што — дзе была, што бачыла, куды збіраецца заўтра, а ці зойдзе да нас, спытаць не адважваўся. Калі пад гітару і скрыпку тужліва запяюць каля суседняга вогнішча, пытаўся, пра што тая песня.
— Табе рана пра гэта... Пра каханне і пра здраду пяюць.
— А табе хіба не рана?
— Я дзеўчына. Мне пара чакаць нарачонага. У нас рана замуж аддаюць,— сумна гаворыць Рута. Мне шкода яе, я зайздрошчу таму, хто возьме яе ў жонкі, такую ладную, статную і ласкавую. Ён недзе тут, у табары.
— Гэта ты з ім танцавала?
— Не ведаю. Можа, і з ім,— загадкава ўсміхаецца Рута і маўчыць.
Каб толькі нешта казаць, пытаюся:
— А ты ўмееш чытаць? — Яна адмоўна круціць галавою. Мне аж не верыцца, што такая дзяўчына і не ўмее чытаць.
На другі дзень я прынёс у табар паэму Пушкіна «Цыганы». Каля вогнішча Кацярына мясіла жытняе цеста на праснакі, раскочвала яго і кідала на гарачую патэльню. Руцін бацька, сухі, чорны, як галавешка, цыган хутаўся ў старую кажушную безрукаўку, а яго доўгія худыя рукі бездапаможна ляжалі на каленях падкурчаных ног. Рута скубла курынае пер'е. Я павітаўся.
— О, каго бачу! Хадзі да шалаша, адагрэецца душа. І павячэраеш з намі,— запрасіла Кацярына. Я засаромеўся, патаптаўся, але сеў бліжэй да агню. Згасала залаціста-чырвоная паласа захаду, на ружавата-зялёным небе выбліснулі першыя зоры, у суседніх шалашах чулася прыглушаная гамана, плач дзяцей, іржанне і тупат коней на ўзлессі. Руцін бацька спытаў, што ў мяне за скрутачак. Я разгарнуў кніжку і сказаў, што ў ёй вельмі складна напісана пра цыганоў.
— А хто і што можа пра нас ведаць? — не паверыў цыган.
— Пушкін,— адказаў я і паказаў партрэт.
— Дай, дай сюды,— цыган сухімі пальцамі ўзяў кніжку, паглядзеў зблізку, потым здалёк, пакруціў так і гэтак.
— Дык ён жа цыган. Палянь, Каця? Хіба не? Выліты Епіфан. Зірні, Руціца.
Я запярэчыў, што прадзед Пушкіна быў з Афрыкі.
— Дык і там, у той Афрыцы, нашага брата не бракуе... Чытай. Паглядзім, цыган ці не.
Я прысунуўся бліжэй да вогнішча, побач сядзела Рута. Чуўся пах яе прадымленай і прапацелай сукенкі, рассыпаных па плячах валасоў. Ад святла вогнішча яны здаваліся то залацістымі, то чырвонымі, як агонь. Я пачаў чытаць натхнёна і выразна, каб даходзіла кожнае слова. Усе прыціхлы толькі сіпела патухлая люлька цыгана. Калі я дайшоў да радкоў
Огни везде погашены,
Спокойно всё; луна сияет
Одна с небесной вышины
И тихий табор озаряет.
В шатре одном старик не спит;
Он перед углями сидит,
Согретый их последним жаром,
И в поле дальнее глядит,
Ночным подернутое паром...
Рута цёмнай далонькай змахнула слязінку, а бацька перабіў мяне:
— Ану, пакажы яшчэ.— Узяў з рук кніжку, доўга глядзеў на партрэт, вярнуў мне.— Складна напісаў. Відаць, усё ж цыган ён. Можа, украў яго той фрыканец.
Я і не заўважыў, як пападыходзілі суседзі. Яны стаялі моўчкі і чакалі, калі пачну чытаць далей.
Калі скончыў чытаць, ужо дагарэлі кастры, замоўк табар. Рута сядзела, нізка апусціўшы галаву. Я развітаўся, адышоўся і азірнуўся. Яна заграбала пад трыногаю жар. Я амаль бег пад бярозавымі прысадамі, з лісця зрываліся і падалі на твар халодныя расінкі, над маладым жытам плыў зеленаваты туман пад святлом поўнага месяца.
Читать дальше