У суботні вечар на рэчку яна не прыйшла. Я даседзеў на вале да змяркання і, нібыта нешта страціўшы, пайшоў у мястэчка. Пасярод базарнай плошчы стаяў высокі і доўгі нардом. У ім праводзілі сходы, ставілі аматарскія спектаклі і разы са тры на тыдзень паказвалі старыя кінакарціны. Пры мне ў вокнах патухла святло, загайдаўся зеленаваты слупок з праектара. Я паспеў узяць білет і ўбег у цёмную залу. На доўгіх лаўках, часам асветленыя экранам, чарнелі абрысы галоў. Я спыніўся ў вузкім праходзе, не ведаючы, куды прыткнуцца. Нехта крайні заварушыўся, адсунуўся. Я зразумеў, што мне даюць месца. Я сеў, мая суседка памкнулася далей управа. Каб не заміналі пярэднія, нахіліўся да суседкі і адчуў цяпло яе пляча. Запалілі святло, каб закласці новы ролік, і я ўбачыў, што сяджу побач з Марусяю. На ёй была мяккая мультановая сукенка ў буйную клетку. Толькі цяпер я здагадаўся павітацца і падзякаваць за месца. Яна ўсміхнулася і абыякава адказала: «Лаўка казённая, сядзіце дзе прыйдзецца, а месцы адзначаць у вас яшчэ не дадумаліся».— «І добра, што не дадумаліся, а то не сядзець бы мне побач з вамі».
Святло патухла, і каторы ўжо раз на нашым экране замітусіліся Гопкінс і Фогель, таямніча выплывала злавесная постаць Чычэ ў многа разоў бачаным фільме «Мес-Мэнд». Я глядзеў нібыта засяроджана, а правая рука трымалася ўжо не за спінку, а краналася цёплага Маруднага пляча. Пасля сеанса мы выйшлі разам і поруч пайшлі ў яе бок.
Мястэчка сцішылася пад халаднаватым зорным небам. Праз шчыліны некаторых акон прабіваліся тоненькія нітачкі святла, высокія таполі здаваліся чорнымі зданямі, і толькі на верхавінах пад блакітным святлом поўні срабрыліся і дрыжалі лісты: месяц толькі выплыў з-за хмары з залацістымі беражкамі. Адзін бок вуліцы патанаў у чарнаце густога ценю, на другім баку хаты нагадвалі тэатральную дэкарацыю ў хісткім зеленавата-сінім святле — зырка блішчалі шыбы, друзачкі шкла на дарозе аж сляпілі вочы. Мы ішлі моўчкі. Каб толькі не маўчаць, я спытаў, ці спадабаўся маёй спадарожніцы фільм.
— Я глядзела яго не менш як пяць разоў. А пайшла, бо не было куды дзецца.
— Тут жа столькі студэнтаў. Збіраюцца вечарамі, гуляюць, спяваюць, катаюцца на лодках, а потым разыходзяцца парамі і не сумуюць.
— Вы ж усе тут свае, а я так і не знайшла ні сяброў, ні сябровак.
— Кажуць, вы грэбуеце ўсімі.— Маруся толькі засмяялася. Так, гаворачы ні пра што, мы дайшлі да вялікага дома ў канцы мястэчка. У шырокіх вокнах з белымі рамамі святла не было. У гэтым доме быў адзіны на ўвесь раён агранамічны ўчастак. Тут, у сястры, аграномавай жонкі, кватаравала Маруся. Каля брамкі я дакрануўся да Марусіных рук. Яны былі халодныя і дрыготкія. Ад месячнага святла яе вочы здаваліся яшчэ зелянейшымі, а вакол валасоў гайдаўся зіхатлівы німб. Я паднёс яе рукі да вуснаў і пачаў хукаць, каб сагрэць, потым пацалаваў адну і другую далонь. Маруся прыхінулася да мяне і тут жа рэзка падалася назад.
— Вы так усіх праводзіце і развітваецеся, з першай сустрэчы?
— Не, толькі вас.
— Вы ж мяне зусім не ведаеце. Адкуль такі спрыт?
— Ведаю вас даўно. Ведаю, што вы медычка і хутка паедзеце ў свой Магілёў, добра запомніў вашу ружовую сукенку, месца і час, калі купаецеся. А сёння чаму не прыйшлі?
— Божа мой! Дык вы сачылі за мною? І не сорам?!
— Сачыць не сачыў, а бачыць хацелася кожны дзень. Які ж тут сорам?
— Чаму ж не падышлі раней?
— Чуў, што вы ганарлівая і, як палякі капнуць, недаткнёнтая.
— Усё хлусня. Ганарыцца мне няма чым. А нахабнікаў не цярплю і адбіваюся, як ад сляпнёў.
Я асмялеў, абняў за плечы і прытуліў да сябе. Яна не адштурхнула, адвяла назад галаву, прыплюшчыла вочы, я асцярожна пацалаваў халаднаватую шчаку, дакрануўся да вуснаў і ўпіўся ў іх доўгім пацалункам. Яна шчыльней прыхінулася да мяне, я адчуў яе невялічкія пругкія грудзі. Маруся рэзка адарвалася ад мяне, паправіла рассыпаныя валасы:
— Вар'яты. Што гэта мы сабе дазваляем? І з першай сустрэчы! Што падумаеш пра мяне? Я толкам нават не ведаю, як... вас зваць, хто вы і што вы, а вось адштурхнуць не магла. Вы, мабыць, нейкі чараўнік,— усміхнулася яна.
— А вы — чараўніца. Кажуць, у такія ночы людзі становяцца лунацікамі і блукаюць па дахах. Вы бачылі калі-небудзь лунаціка?
— Не даводзілася і наўрад ці давядзецца.
— Чаму?
— Я — медык і не веру ў дзівосы.
— Такою ж месячнаю ноччу сам бачыў, як па самым вільчыку босы, ва ўсім споднім павольна хадзіў, задраўшы галаву, чалавек. Дойдзе да краю і — назад, ступае як здань. Ад святла ўвесь аж блакітны. Мы з таварышам угледзелі і замерлі. Кажуць, калі, барані божа, крыкнуць ці вытнуць па чым, спалохаецца і разаб'ецца.
Читать дальше