Пакуль было цёпла і ціха, я хадзіў на ўзлессе, садзіўся на той сточаны шашалем выварат, шпацыраваў па сцежцы, углядаўся, ці не мільгае дзе знаёмая постаць. Але ўсё дарэмна. Галя не з'яўлялася ні ў садзе, ні ў лесе. Пайсці цяпер у лясніцтва без патрэбы я не адважваўся. Часам павольна хадзіў каля шчытнай садовай агароджы: тоўстыя дошкі рассохліся, патрэскаліся і абраслі сівым мохам. Па апусцелым садзе тупаў толькі вартаўнік, абкопваў яблыні, збіраў падгнілыя з белымі струпамі яблыкі і зносіў іх да будана.
Праз некалькі дзён задажджыла. Паплылі нізкія хмары, цуркі вады папрабівалі дзірачкі ў прызбе, у хаце і днём стаяў паўзмрок.
Пасля бальніцы я хутка ад'еўся і акрыяў, на галаве адскочылі колкія валасы; трохі памагаў маме па гаспадарцы і ўсё часцей пазіраў на замглёныя елкі ў колішнім панскім садзе, успамінаў Галю. І так хацелася пабачыць яе.
Вяртацца на камбінат не хацелася, ды і сілы яшчэ не набраў, а нешта рабіць трэба было. У мястэчку на круглай тумбе выпадкова прачытаў абвестку, што раённы аддзел народнай асветы набірае «ліквідатараў непісьменнасці» з адукацыяй не ніжэй сямі класаў. Месячны аклад 28 рублёў. А што, думаю, і гэта работа, і такія грошы не валяюцца. Зіму пахаджу ў ліквідатарах, а там відаць будзе. Пайшоў і адразу наняўся. Прызначылі мяне ў вёску за тры вярсты ад нашае, выдалі сшыткі, грыфельныя дошкі, лемантары для дарослых і разразныя азбукі. З членам сельсавета мы згадзілі прастарнейшую хату: у адной жылі гаспадары, другая пуставала. У ёй павесілі дзве лямпы, паставілі на козлах доўгі стол і лаўкі, сельсавет па гужпавіннасці прывёз дроў, адпусціў газы. Непісьменных сабралася аж дваццаць дзве душы, найбольш жанкі сярэдняга веку і некалькі маладзіц, прыбіўся і мясцовы «дзед Шчукар» — хітры пустабрэх. Непрыстойнымі жарцікамі і пякельным самасадам ён ледзь не разваліў усю маю школу.
Дажджы расквасілі дарогі ў такую калатушу, што і ў добрых ботах цяжка было дайсці да маёй «работы». Таму хадзіў задамі па растаптаных травяністых сцежках. Я адразу ўявіў сябе сапраўдным настаўнікам: завёў журнал, рабіў пераклічкі, ставіў адзнакі. На заняткі, толькі падаіўшы кароў і ўправіўшыся дома, прыходзіла калі дзесяць, калі дванаццаць жанчын, а бывала, і таго меней. Каб не распаўся мой «лікпункт», бывала, хадзіў па хатах, вучыў дома складаць з картонных літар «Ты», «Мы», «Дом», «Дуб» і нарэшце: «Мы — не рабы, рабы — не мы».
Я купіў ліхтар «Лятучая мыш» і з ім хадзіў палявою дарогаю каля лясніцтва. На дзядзінцы і ў старым садзе шумелі прысады. Я спыняўся супроць дома. У ім заўсёды позна свяцілася адно акно. Гэта быў Галін пакойчык. Я махаў ліхтаром, спадзеючыся, што нехта адсуне фіранку, зірне ў двор. Нікога. Недзе каля свірна грымеў ланцугом і заходзіўся брэхам сабака.
Нечакана ўдарылі маразы. Лужыны, зашклёныя тонкім лядком з белымі карункамі, і зарунелыя палі прыцерушыў снежны пыл, неба праяснела, а ноччу вызарыла, халады набіралі сілу. Зямля аж гула пад калясьмі, лес і сады ўкрываліся шэранню, яна іскрылася пад промнямі халоднага сонца, асыпалася ад ветру, а за ноч зноў усё серабрылася, нібы ў майскай квецені.
Яшчэ завідна ішоў я ў свой «лікпункт». Ззаду звонка цокалі капыты і грымелі колы. На лёгкім вазку побач з ляснічым сядзеў у футры і чорным капелюшы, у залатых акулярах белабароды славуты местачковы фельчар Нохім. На каленях ён трымаў пацёрты скураны сакваяжык. Нечаканая трывога ахапіла мяне. Толькі назаўтра мне маці сказала:
— Саўсім жа слабая дзеўка ў Карэцкіх. І так, бедная, ледзьве дыхала, дык на табе, трэба было яшчэ застудзіцца. Каторы дзень, кажуць, у гарачцы кідаецца. Ні банькі, ні п'яўкі не могуць даць рады. Як свечачка, згасае беднае дзіця. Я-то ведаю, як маці горка, калі дзіця на той свет пазірае.
Мяне агарнулі страх і жаль. Я адчуў, як заірдзеліся шчокі, як затахкала сэрца, бо ўсіх шкадаваў, а Галя з тае сустрэчы стала нібы свая. Хацелася пабегчы ў лясніцтва, дапытацца, што з ёю, паглядзець хоць здалёк. Але ці мог я адважыцца пайсці ў тым сарамяжным узросце?
Я заўсёды прыслухоўваўся, як тарахцяць па ўмерзлай дарозе лёгкія колы, ведаў, што зноў да Галі павезлі фельчара, значыць, ёй не палегчала.
Сцюдзёнаю і ветранаю ноччу, затуліўшы ліхтар крысом паддзёўкі, я спыніўся насупроць лясніцтва. У вокнах было светла, у Галіным акне мільгала некалькі свечак, а верхняя шыбіна чырванела ад запаленай лампадкі. Я скамянеў ад нечаканасці. Няўжо? Няўжо? Мяне біла ліхаманка ад сцюжы і трывогі. Вецер хвастаў шчокі шорсткім настылым пяском, слязіліся вочы. І свечкі, і лампадка ўстрывожылі да болю ў грудзях, не хапала паветра; наблізіўся да дома, прыслухаўся: пачуўся прыглушаны стогн і гул ветру ў голым вецці старых ліп.
Читать дальше