Пасля дзесяці гадоў няволі я хадзіў і не мог нахадзіцца, надыхацца воляю, налюбавацца небам і зялёнымі прасторамі, не мог не адчуць сябе шчаслівым на адзіноце. Шчасце і радасці былі адносныя, бо жыў яшчэ з «наморднікам» — пяць гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў усё яшчэ трымалі на прывязі. Але мне шанцавала на добрых людзей. Яны памаглі мне аднавіць дыплом, дазволілі выкладаць рускую (толькі рускую) мову і літаратуру ў сярэдняй школе невялічкага, пакалечанага вайною мястэчка Урэчча на Случчыне.
Цяжка, беспрытульна, голадна і холадна было на тым часе нанава пачынаць жыццё на голым месцы сярод чужых, але спагадлівых людзей. Затое я быў вольны, захоплены працаю ў школе, сагрэты ўвагаю маіх вучняў. Побач была маленькая, дружная і цярплівая сям’я.
А як я акрыяў, калі ў 1947 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларусі зняў з мяне судзімасць, як захацелася жыць, натхнёна працаваць, верылася, што будзе ўсё лепш і лепш. Я быў класным кіраўніком дзесятага класа, сябраваў са сваімі вучнямі-пераросткамі і іх бацькамі.
I ўсё ж трывога не пакідала ні на дзень. Адчуваў, што мною вельмі цікавяцца «камандзіровачныя» з раёна ў хромавых ботах, у цывільных паліто і кепках. Брат маёй вучаніцы працаваў на нафтабазе і надта ж цікавіўся, як я жыву, спагадаў нашай беднасці, нібы распытваў пра сястру і нечакана задаваў правакацыйныя пытанні, заўсёды ветліва ўсміхаўся мне, загаварваў, набіваўся на паслугі. А я здагадваўся, што яму ад мяне трэба.
У снежні 1948 года кватэрная гаспадыня Пальчэўскага прыслала мне з Рудзенска некалькі трывожных радкоў: «Ваш друг Алесь арыштаваны і адпраўлены ў Мінск». У студзені арыштавалі нашага выдатнага выкладчыка-эрудыта Рыгора Мазавецкага. Да гэтага ён адбыў 10 гадоў у Нарыльску. Сям’я жыла ў Маскве, а ён знайшоў прытулак у сястры і ў нашай школе. Увесь час я перапісваўся з Барысам Мікулічам. У красавіку не прыйшло ніводнага ліста. I яго забралі ў Мінск.
Кола звужалася, работа валілася з рук, ад гулу кожнай машыны ўздрыгваў, і шчымела сэрца. Адчуваў, што прыйдуць і па мяне. Хацеў, каб хутчэй, бо самае страшнае — чакаць немінучай бяды, тыднямі не спаць, баючыся звар’яцець. Да нас пераехалі Аліны бацькі. Радавацца б, але трывога расла і расла. Кажуць жа, што бяда не ходзіць адна: 9 мая раптоўна памерла зусім яшчэ маладая жончына мама. Яе пахавалі на могілках каля самае нашае хаты.
19 мая свяціла сонца, у гародчыку на кустах бэзу гулі чмялі, а я пісаў прыклады для граматычнага разбору на выпускным экзамене і збіраўся ісці на кансультацыю да сваіх вучняў. Але так яны кансультацыі і не дачакаліся. На парозе мяне запынілі маёр Ушакоў і капітан Шаўцоў. Прад’явілі ордэр на «обыск и арест» і ўзяліся перабіраць мае кніжкі, сшыткі і планы ўрокаў. Але нечага не знаходзілі. Нарэшце спыталі: «Где вы прячете белорусские книги?» — «А хіба беларуская літаратура забаронена, што яе трэба хаваць? Яе ў мяне няма, бо выкладаю рускую мову». — «Нам известно. Не притворяйтесь». Можа, каб знайшлі Купалу ці Коласа, падабралі б для мяне больш грозны артыкул у кодэксе.
Пад вечар мяне вывелі з хаты. Маю арыштанцкую торбу ўзяў на плячо цесць, Аля вяла заплаканую дачушку. Я спыніўся каля могілак і пайшоў развітацца з магілаю цешчы. Шаўцоў памкнуўся затрымаць, але на нас глядзела многа людзей з адчыненых вокан, праз брамкі і веснічкі. Мы ішлі доўгаю местачковаю вуліцаю да сельсавета пад поглядамі здзіўленых суседзяў. Што яны думалі? Якім злачынцам лічылі мяне?
Да сельсавета збегліся вучні, спыняліся местачкоўцы, выбягалі з крамы і сталоўкі цікаўныя паглядзець на арыштанта-настаўніка. Я развітаўся са сваімі і гучна сказаў: «Я ніколі ні ў чым не быў вінаваты». — «Прекратите агитацию!» — перабіў капітан у блакітнай фуражцы і зачыніў за мною борт грузавіка. Увесь натоўп махаў мне рукамі. Праз многа гадоў у тым жа Урэччы мне расказвалі, што хадзілі чуткі, нібыта ў школе працаваў шпіён, закінуты варожаю разведкаю.
Я ў кузаве трохтонкі ехаў у Мінск. Зноў — даўно знаёмая «амерыканка», доўгія калідоры і — дзверы, дзверы кабінетаў следчых, зноў рукі назад і перасвіст «вывадных». Маладзенькі лейтэнант Пронін (?) гартае маю справу 1937 года з грыфам «Хранить вечно». Ну як тут не заганарыцца? Такая важная справа, што будуць захоўваць вечна! Гаварыць нам не было пра што: малапісьменныя «данясенні» ўрэцкага сексота скампраметаваць мяне не маглі, даўнейшыя абвінавачванні я адмёў адразу. Гэта зразумеў і следчы. А мяне ўсё ж трымалі. Пераводзілі з турмы ў турму, з камеры ў камеру, трымалі разам з былымі паліцаямі і старастамі, за «непаслушэнства» кідалі ў карцэр.
Читать дальше