Павольна, але ўсё ж мы калываемся да свайго загадкавага, невядомага прыстанку. Зноў шчыльна сядзім у кузавах. Холад працінае ад пятаў да цемя, дранцвеюць скурчаныя і некім прыціснутыя ногі. Выехалі досвіткам, ужо надвячорак, а нашага прыстанку яшчэ не відно і не чутно — тайзе і дарозе няма канца-краю. I чаго толькі не перадумалася на гэтым пакутніцкім гасцінцы: усё невыноснае, поўнае зняваг і пакут жыццё выгнанніка прайшло перад вачыма. А што чакае наперадзе? Адно нязбытнае пытанне не дае ніколі спакою: за што, чаму, навошта цябе, як быдла, як злодзея або забойцу, столькі гадоў запар некуды гоняць, вязуць, кідаюць з турмы ў турму, з этапу на этап, з адзіночкі ў карцэр? З карцэра — у людскі мурашнік перасылкі. Ты ж нікому і вока не запарушыў, дзіцяці не пакрыўдзіў, з маленства ведаў толькі адзін наш лад, толькі наш народ і хоць цяпер гатовы за яго сумленна аддаць жыццё, толькі без агіднай плямы, якою цябе знявечылі не абаронцы, а сапраўдныя ворагі народа. Ты ў іх руках і не давядзеш, што зусім не вінаваты. Ніхто не слухае, ніхто не верыць. Здзічэлыя апрычнікі праўдаю лічаць хлусню і паклёпы, а за чыстую праўду ставяць да сценкі або мардуюць па некалькі сутак. На каго яны працуюць да знямогі, да поту, каму трэба ахвяры самых сумленных і адданых людзей? Не знайсці ні логікі, ні адказу. Гэтыя пытанні не пакідаюць каторы год. Некаму было мала дзесяцігоддзя пакут, дык зноў ашальмавалі цябе і тваіх блізкіх, адарвалі ад дому, ад сям’і, ад родных сцежак і гоняць па гэтай маўклівай ледзяной тайзе ў невядомасць. Хочацца крычаць: «Людзі! Апамятайцеся! За што такія пакуты?» Не мне аднаму. I столькі нас на гэтай дарозе, а колькі ў гэтую хвіліну сядзіць у турмах, на перасылках, едзе ў таварняках і «сталыпінскіх» вагонах, ідзе пад канвоем у сваю невядомасць. I за што? Што там чакае, дзе прыхінеш галаву, што будзеш рабіць, каму ты патрэбен, падобны пракажонаму са званочкам, якога староняцца і цураюцца людзі. Ад думак можна звар’яцець. Адганяеш іх, хочаш узбіцца на іншае, а свідруе адно: як там сям’я, чым пакаралі яе, куды выселілі з казённай хаты, як там маленькая дачушка, што так і не зразумела, куды забралі і павезлі тату тым цёплым водарным майскім надвячоркам?
А мяне ж тады чакалі мае вучні на кансультацыю перад першым экзаменам на атэстат сталасці. Яны ведалі, што я ніколі не пазніўся, а тут так доўга не было. Яны сядзелі ў расчыненых вокнах, а калі зразумелі, што я не сам іду, а мяне вядуць капітан і маёр у блакітных фуражках, выбеглі насустрач, разгубіліся ў недаўменні. Я ім паспеў кіўнуць і ўсміхнуцца. А калі адвозілі, яны доўга махалі рукамі, а дзяўчынкі плакалі. Праз многія гады мне расказвалі, як іх прапрацоўвалі па ўсіх лініях за «дэманстрацыю спачування ворагу народа». Дасужыя языкі зрабілі мяне шпіёнам, закінутым з самалёта, царскім афіцэрам, а пры цару мне было чатыры гады. Так прыкладна дзейнічалі і абвінавачвалі ўвішныя следчыя. I ўсё ж цвярозыя і сумленныя людзі не верылі паклёпам, але маўчалі.
То ўспамінаеш, то думаеш, то дрэмлеш, пакуль не тузане і не хіснецца наш раскалываны рыпучы грузавік. Пракінешся, зірнеш з-пад дзяружкі, над галавою пашарэлае неба, наўкол у густым інеі тайга, наперадзе — дарога ў невядомасць.
Калі добра змеркла, з пярэдніх машын пачуліся галасы і вясёлая гамана. Як гусакі з кораба, і мы павытыркаліся паглядзець, што там наперадзе. У змрочнае неба ўзнімаліся стаўбуны светлаблакітнага дыму, бялелі стрэхі, сям-там мільгалі слабенькія агеньчыкі. Ці не наш гэта прыстанак? Які б ён ні быў, хутчэй бы толькі вылезці, выпрастаць ногі, адагрэць душу пад чужою страхою, дзе ніхто цябе не чакае, дзе ты нікому не патрэбен.
Сяло доўгае, раскіданае, з шырокімі пустымі вуліцамі. I тут — ні садоў, ні прысад. Куды ні глянеш — платы і платы, няроўныя, абы-як скіданыя. Хаты пад землянымі стрэхамі, з маленькімі вокнамі. Спыніліся каля клуба, і ўсіх запусцілі ў доўгую цёмную будыніну. Чыркаем запалкі, каб агледзецца. На сценах суцэльныя плакаты з чырванатварымі і белазубымі даяркамі і трактарыстамі. У цэнтры вялікая карціна «Утро нашей Родины»: на фоне світальнага жытнёвага поля ласкавы задуменны генералісімус з перакінутым цераз руку плашчом. Столькі ў ім ласкі і дабраты, што адразу ўзнікае думка: каб ён ведаў пра наша гора, паспагадаў бы і адразу вызваліў бы.
Усе этапнікі шнуравалі па клубным калідоры — разміналі здранцвелыя ногі, панура маўчалі. У турме ў гэтую пару разносілі чай, а цяпер мы, знятыя з казённага харчавання, павінны дбаць самі пра сябе: самыя ашчадныя дагрызалі мёрзлыя скарынкі, у каго не засталося, прагна курылі. У баковачку малады хлопец панёс пад пахаю чырвоны абрус, а ў руцэ трымаў лямпу з закураным шклом. Неўзабаве за ім пайшлі мужчыны ў пімах, унтах, белых фетравых бурках, кажушках і кароткіх дохах. Зміцер Сцяпанавіч адразу здагадаўся: «Вось і купцы ідуць». А калі прайшоў з вялікім партфелем капітан у белым казённым кажушку, Кінаш кіўнуў яму ўслед галавою: «I пастух у нас ужо ёсць».
Читать дальше