Мы з гэтым змрочным гумарыстам з Краматорска каторы месяц вандруем з турмы ў турму, прыцерліся, прывыклі, і ўжо не хочацца разлучацца. Ён у мяне пытае, якую я прафесію назаву. «Настаўнік», — адказваю я. «Ну і пойдзеш на ферму быкам хвасты круціць ды вазіць сілас. Толькі кажы — сталяр. Мы з Вацлавам падвучым і дзе трэба выручым. Галоўнае — будзем разам, пад дахам і ў цяпле». Неўзабаве пачалі выклікаць… З баковачкі выскаквалі даволі хутка панурыя і разгубленыя: караблебудаўнікоў і свяшчэннікаў, энергетыкаў і партыйных работнікаў адпраўлялі ў калгасы. Нічога іншага ў раёне не было — ні пільні, ні цагельні, ні млына, ні самай прымітыўнай электрастанцыі.
Зміцер Сцяпанавіч з Вацлавам выйшлі са «споведзі» ўсцешаныя: іх узяў старшыня арцелі «Прагрэс» у сталярку. Прыняў і валагодскага ганчара Мартынава і вельмі ўзрадаваўся, што адкрые ганчарны цэх, бо ў раёне ні гаршка, ні міскі, ні кубачка ні за якія грошы не знойдзеш. Выклікалі і мяне. За сталом трымаецца гаспадаром падкрэслена грэблівы і цынічна развязны даволі малады капітан дзяржбяспекі Сокаў, на лавах уздоўж сцен сядзяць з абветранымі задубелымі тварамі старшыні калгасаў. Бяруць яны нашага брата без энтузіязму. Пачынаецца ўжо не допыт, а «собеседование»: прозвішча, імя, па бацьку, год нараджэння, спецыяльнасць. Адказваю — сталяр. «Дзе працаваў?» — «На Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце». — «Разрад?» Хлушу: «Пяты». — «Ну, хто бярэ?» Маўчанне. «Што-та ты больна тащой: рот раскроешь, наскрозь виден», — пацяшаецца Сокаў, і рагочуць усе «купцы», лісліва пазіраючы на начальніка. Але ніхто не хапае мяне. «Ну-у?» — прыспешвае Сокаў. Нарэшце добра паголены светлатвары мужчына пытаецца, ці ўмею рабіць крэслы. Я абнаглеў: «Плёвае дзела. Любое зраблю». I мяне бярэ старшыня арцелі «Прагрэс» Васіль Іванавіч Паўлік. Я рады, што не разлучылі з маімі турэмнымі сябрамі. Памкнуўся ісці. Спыняе Сокаў, запаўняе невялічкі бланк, прамакае чарніла і аддае мне: «Гэта твой адзіны дакумент. Кожныя дзесяць дзён будзеш адзначацца ў сельсавеце. Самавольная адлучка з месца жыхарства лічыцца ўцёкам, а за ўцёкі — 25 гадоў катаргі. Зразумела? Ну, калі зразумела, распішыся». Я ўзяў свой «дакумент», але не выходжу. «Што яшчэ не ясна?» — раздражняецца начальнік. «Хачу спытаць, які ў мяне тэрмін». — «Ніякага тэрміну няма. Тут вам і паміраць. Можаце будавацца, забіраць сям’ю, калі ёй патрэбен, а не — у нас удоў хапае на любы густ», — рагатнуў Сокаў, і я выйшаў.
У калідоры, усцешаны, што будзем разам, Кінаш чыркнуў запалку, і я прачытаў свой «воўчы пашпарт»: «Пасведчанне. Дадзена ссыльнаму (прозвішча, імя, па бацьку) у тым, што ён абмежаваны правам перамяшчэння толькі ў межах сяла Біяза. Начальнік райаддзела НКУС капітан Сокаў».
Прачытаў і адразу адчуў, на які кароценькі павадок мяне прыпнулі.
Былі ў нашым этапе чатыры жанчыны: бальшавічка з дарэвалюцыйным стажам, іванава-вазнясенская ткачыха Алена Андрэеўна Гусева. Пры цару яна прайшла этапам ад Бутыркі да Туруханска, а з трыццаць сёмага асвоіла Лубянку, Калыму і Караганду, але засталася аптымісткай, упэўненай, што хутка ўсё высветліцца і стане на сваё месца.
Крышку асобна трымалася Алена Хрысціянаўна Ракоўская — дачка некалі вядомага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча. Была яна прыгожая, высакародная, яшчэ неабшорханая ў этапах, адукаваная і далікатная. На падлозе сядзела з маленечкім клуначкам на руках даволі маладая манашка ў чорнай хустцы, завязанай па самыя вочы, з адсутным выразам твару, нібыта нічога не бачыць і не чуе. Яна маўчала з намі, маўчала і з начальствам, нікуды не прасілася. Куды паехала, невядома. Зграбную і эмацыянальную Фаіну Лушыну адправілі ў Нова-Троіцк на ферму. «Я выкладала ў інстытуце, але ніколі не даіла кароў», — запярэчыла яна. «Вось адкрыем інстытут, тады калі ласка, — пакпіў Сокаў, — а цяпер самой прыйдзецца падвучыцца. Яшчэ знатнаю даяркай станеш».
Усе начавалі покатам у клубе на бруднай падлозе. Заўтра нас разбяруць новыя гаспадары. На досвітку нехта выйшаў на двор і прыбег узрадаваны: «Хлопцы, а канвою няма!» Павыскаквалі і мы. Калі доўга ходзіш пад канвоем, выпрацоўваецца ўнутраны тормаз: спыніўся канваір, стаіш і ты, каб не палічылі ўцекачом і не спісалі па акце. Калі першы раз вызваліўся, доўга хадзіў азіраючыся, — дзе ж мой канваір? А тут хоць і адносная, усё ж воля.
Уставалі ўсе памятыя, з азызлымі шэрымі тварамі, зарослыя і даўно не мытыя. У клубе нават вядра з вадою няма. Каля сталоўкі знайшлі студню з цяжкім абледзянелым вядром, але як мыцца, калі мароз пад трыццаць. Неба паружавела і ачысцілася, усход злавесна малінавы, над высокімі сумётамі сцелецца туман. Павыходзілі на двор, праціраем рукі і твары шорсткім снегам. Ён зашклёны тоўстым настам, прабіваем яго нагамі і выграбаем сыпкі, колкі снег.
Читать дальше