Русакоў падняў пісталет на плеценым раменным павадку: «Кідайце жалязякі, паразіты! Чуеце?! Р-а-а-з… д-в-а-а…» — «Хрэн з табою, страляй. Маё жыццё — капейка, а тваё рубель». Прагучаў стрэл, разышоўся дымок, а Плужнікаў як стаяў, так і стаіць. «Пукай, пукай. Што, слабо? Сам цюрагі баішся?» — зарагатаў Плужнікаў і рвануў блакітную кашулю, прытрымаўшы пад пахай вось. Трэцяя куля збіла яго з ног. Ён паляцеў у праход паміж нарамі, але зачапіўся за нешта калашыною і павіс уніз галавою. Па загарэлых грудзях і блакітнай кашулі пабегла змейка крыві і закапала на падлогу, а поўныя нянавісці, яшчэ жывыя вочы не заплюшчваліся. Аднекуль прыбег фельчар Цымбалюк, загадаў недастрэленага Плужнікава пакласці на нары. Той сіліўся нешта сказаць, але захлынаўся пеністаю крывёю. Цымбалюк туга забінтаваў яму шыю. Праз марлю праступала і распаўзалася пунсовая пляма. Астатнія «бунтары» пакідалі жалязякі і бегма пабеглі ў ізалятар. А Лісоўскі іх без ордэра не прымае. Хлопцы напрамілы бог просяцца схаваць іх ад Самойлава ў ізалятары.
Плужнікава не давезлі да бальніцы. Ён сканаў па дарозе. Недзе на таежным перагоне ў неглыбокай ямцы прыкідалі зямлёю прыгожага юнака з татуіроўкаю на руцэ «Я помню мать свою родную». Склалі акт: «Убит при попытке к бегству». За што загубілі жыццё на самым пачатку, ніхто не адкажа, і маці не дазнаецца, дзе яе сын. Ніхто нікому нічога не паведамляў — знікалі людзі і — канцы ў ваду.
Праз тыдзень Самойлаў зайшоў у кантору, абапёрся на невысокі бар’ерчык і раззаікаўся з рахункаводам продстала. Ззаду нячутна падкраўся недаростак, дахадзяга Карзубы, высмыкнуў з-пад бушлата сякеру, падцягнуўся на дыбачках і секануў Самойлаву па цемю, але ўдар быў слабы, рассек толькі кепку і скуру. Самойлаў ад страху заваліўся ў кут галавою і замахаў нагамі, як на веласіпедзе. Канторшчыкі выскачылі з крыкам: «Засячэ! Засячэ!» Карзубы круціў сякераю, каб пацэліць у галаву, але Іван Васільевіч так брыкаўся, што было не падступіцца. Да Карзубага ззаду падскочыў здаравенны брыгадзір Лёшка Лычагін, высмыкнуў сякеру і выспяткамі пагнаў «секача» ў ізалятар.
Самойлава зноў павезлі да прафесара Бурцавай. Больш ён на нашым лагпункце не з’явіўся. Лагерны «тэлеграф» працаваў беззаганна, пра лютасць Самойлава ведалі на кожным лагпункце. Потым расказвалі, што прыкончылі Самойлава на нейкай паўночнай падкамандзіроўцы і вінаватага не знайшлі.
Камандзір узвода Русакоў па загадзе камандавання ўзброенай аховы «За ўмелае і аператыўнае ўмацаванне дысцыпліны на лагпункце № 9» быў узнагароджаны імянным гадзіннікам. Маленькі, глюгасты, падобны на грака, здавалася, ідучы па зоне, ён выглядаў сабе новую ахвяру.
Неўзабаве пракаціліся стрэлы на вахтах амаль усіх лагерных пунктаў. Зімою 1942 года Берыя выдаў загад: «Нявыхад на работу без уважлівых прычын з’яўляецца контррэвалюцыйным сабатажам. Сабатажнікаў у ваенны час расстрэльваць на месцы». Загад трэба выконваць у «выхаваўчых мэтах», бо спытаюць: «А як у вас выконваецца загад №…?» Ад куль магла выратаваць толькі высокая тэмпература, а хворых на страўнік, з апендыцытам, сардэчным прыступам, ліхаманкаю выганялі за вахту, тройчы папярэджвалі, а небарака не тое што ісці, паўзці не здолеў. Звычайна казалі: «А, прыкідваецца, гад», — білі ногцамі і дастрэльвалі ляжачага. На маіх вачах забілі хлапчука гадоў васемнаццаці з Варонежчыны Ваню Сінякіна, дзвюх прыгожых крымінальніц Нюрку Пекараву і Надзьку Удавічанка.
Месяцы праз тры загад усё ж адмянілі, бо тупыя, лютыя, нацкаваныя на так званых «ворагаў народа» камандзіры ўзводаў маглі адстраляць больш, чым планаваў сам Лаўрэнцій Паўлавіч. Хто б тады валіў лес, часаў ружэйную балванку, грузіў эшалоны. Планы былі жалезныя, іх трэба перавыконваць, як казаў начальнік вытворчасці Бойчанка, ідучы па трупах.
У вайну нават сонечныя дні здаваліся змрочнымі і чорнымі. На лагер наваліўся голад. Кармілі турнэпсам і вотруб’ем, нормы раслі, а пайка меншала, лесасекі адступалі далей і далей. Пакуль дабрыдзеш у ачапленне, не хапае сіл на работу, а варушыцца мусіш, і не абы-як. Хоць расцягніся, а норму дай.
Маім напарнікам на павале быў варонежскі калгаснік, дробненькі, заўсёды з мокрым носам Ваня Тарасенка. Хоць не надта дужы, але вельмі цягавіты і старанны мужычок.
Каб выканаць план, у канцы месяца начальнік выганяў на павал «прыдуркаў». Побач з намі пілавалі новы лекпом і кіеўскі цырульнік Пецька Самойлік. Ён звычайна праводзіў «санапрацоўку» новых этапаў і брыгад, прыгнаных у лазню, — аднолькава галіў пад пахамі і лабкі мужчынам і жанчынам. Нават такой знявагаю напаміналі, што ты не чалавек, не асоба, а толькі рабсіла.
Читать дальше