Па выкліку начальніка Пецька бегаў да яго ў кабінет: стрыг, брыў, рабіў масаж і цешыў «кліента» непрыстойнымі анекдотамі і скаромнымі жарцікамі. За старанне яму хапала хлеба і да хлеба. Ён быў класны майстра з брытваю і зусім бездапаможны з пілою. Але калі прыгналі ў лес, хочаш не хочаш, варушыся. Пачаў ён з лекпомам пілаваць елку, а яна крутнулася на пні і пайшла не ў той бок, прашумела калматым веццем і завісла на гонкай бярозе. Стаяць, пазіраюць няздатныя лесарубы і не ведаюць, што рабіць. Пытаюць рады ў мяне. «А вельмі проста: спусціце асінку, яна саб’е елку, і будзе зручна пілаваць». Паслухалі, спусцілі, а яна зачапілася за яловае сучча і вісіць. Прыгнулася бяроза, патрэсквае, ад ствала на згібе адшчапіліся доўгія стрэмкі, а ўсё адно стаіць і трымае два дрэвы. «Пускайце на іх бярозку, яна, пэўна, саб’е гэты будан». Спусцілі, а бярэзіна стаіць і трымае ўсю навісь. Непадалёк пілуюць лесарубы, ды і можа падысці дзесятнік, бяроза не вытрымае і накрые яго.
Мартынюк і Самойлік просяць памагчы. Што тут зробіш? Адзіны ратунак — падсекчы бярозу і паспець адскочыць, пакуль упадуць усе счэпленыя дрэвы. А калі не паспееш? Але гэтым прыдуркам трэба паказаць, чаго варты сапраўдны лесаруб. Рызыка. Чым я, уласна кажучы, рызыкую? Жыццём? А навошта яно, каму трэба? Не сёння, дык заўтра загнешся. Сунешся, як той Ангел Рубежу каля вахты, і канцы, горай жыўцом дагніваць у пелагрозным бараку, вывезуць за конбазу з біркаю на назе, і ніхто не дазнаецца, калі ты і куды знік, бо нікому ты ўжо не патрэбен — адзіная блізкая душа выраклася даўно, не ўберагла сына, і самую, калі жывая яшчэ, недзе закруціла вайна. Прасіўся на фронт, і там не патрэбен. Дык навошта пакутаваць і дарэмна цягнуць лямку? Усё гэта прамільгнула ў галаве, пакуль глядзеў на будан завіслых дрэў на гонкай, але трывушчай бярозе. Няўдалыя лесарубы з апаскаю пазіралі на сваё «збудаванне» і з надзеяй на мяне. Хочаш не хочаш, а зваліць трэба гэтую пастку.
Адступаць не было як. Мой напарнік спалохана буркнуў: «Не лезь, дурань, заб’е. Давай дарэжам сваю бярозу, а тая сама ўпадзе». Мяне пад’юджваў нейкі дурны азарт: калі не заб’е, дык трохі паламае рэбры, а трапіць на бальнічны ложак — мара кожнага арыштанта. «Па тры закруткі махоркі з кожнага і звалю», — прапанаваў свае ўмовы. «Валі. Дамо па чатыры».
Я ўзяў вострую сякеру і пайшоў пад навісь да сагнутай і патрэсканай бярозы. Пад цяжарам на ёй паадставала бяроста, паадколваліся доўгія белыя паскі. Камель каравы і тоўсты. Яму рады не дасі. Значыць, падсякаць трэба вышэй, насупроць надлому. Пастаяў, памеркаваў, а бяроза патрэсквае, пагойдваецца разам з навіссю. Хоць ты перахрысціся. Узяўся за тапарышча, зірнуў на Ваню, Мартынюка і Самойліка, прыжмурыўся на сонца, зайшоў з другога боку, размахнуўся з усяе сілы, секануў, а яна стаіць. Яшчэ секануў, зарыпела, а не падае. Апанаваў страх. «Кідай! Уцякай!» — крычыць лекпом. Я прымеркаваў, калі падаць, дык побач з камлём, і секануў яшчэ раз. Бяроза хіснулася, затрашчала, нахілілася і пайшла, па ёй з шоргатам папаўзлі завіслыя дрэвы, я накрыў галаву рукамі і каля самага камля ўціснуўся ў мох. Мяне хвастала колкае яловае вецце, сук прыціснуў плечы. Высока падсечаная бяроза звалілася, але камлём яшчэ трымалася на пні. Яна і ўратавала мяне. Я расплюшчыў вочы. Жывы. Ные і шчыміць схвастаная спіна, і нешта трымае зверху. Мартынюк з маім напарнікам абламвалі нада мною вецце, я паварушыўся і пачаў выцярэбвацца з завалу. «Жывы! Жывы! Давай руку!» — мітусіўся каля мяне Мартынюк, а маленькі, нечым падобны на гноміка, цырульнік толькі лыпаў вачыма і шлёпаў збялелымі губамі.
Я вылез ускудлачаны і схвастаны веццем, з драпіны на вуху сачылася кроў, усё цела трымцела ад напружання і перажытага страху, а я па-дурному ўсміхаўся, нібыта ніякай небяспекі і не было. «Ну ж і напалохаў ты нас. Аж сэрца зайшлося. Думаю, за чатыры цыгаркі чалавека паслалі на смерць», — расчуліўся Пецька Самойлік і развязаў кісет. Я дрыготкімі пальцамі скруціў цыгарку і прагна курыў.
Вайна забірала сваю даніну не толькі ў акопах, а і тут, у глыбокім тыле. Людзі знікалі непрыкметна і ціха, каб ніхто не чуў і не бачыў, не паспагадаў і не развітаўся са сваім учарашнім напарнікам. Нябожчыкаў спісвалі, як спісваюць утыль. Асабліва страшны быў 1942 год. Каля таго будана, накрытага яловай карою, дзе разам з жанчынамі гібела Соф’я Іванаўна, пачалі будаваць новы лагерны пункт. Лес адступаў усё далей і далей, дарога туды і назад займала шмат часу. План гарэў. Таму і пачалі ў вялізным масіве некранутай тайгі будаваць 24 лагпункт. Будоўля пачыналася з зоны: двайнога плота, густа заплеценага калючым дротам, забаранаванай кантрольна-следавой паласы і вышак для стралкоў. Спешна ставілі з сырога кругляка баракі, кандзей, кантору, сталоўку, пякарню і лазню. Брыгады цесляроў моклі і мерзлі, пакуль не накрылі першы барак і не склалі з сырцу грубку. Да замаразкаў і першага снегу ў новую зону прыгналі першыя брыгады. Наўкол стаяла змрочная, калматая тайга. Каля самай вахты гайдаліся векавыя елкі, сыпалі пажоўклае лісце старыя каравыя бярозы, дрыжалі скрываўленым лісцем асіны на фоне цёмнага хвойніку. Загналі на новы лагпункт і мяне.
Читать дальше