Мяне ў той дзень пакінуў у зоне начальнік КВЧ «сачыняць» частушкі пра ўдарнікаў і гультаёў. Іх за ноч развучваў кавэчэўскі мастак Лёшка Лапцеў і раніцай на разводзе спяваў гэты «выхаваўчы матэрыял» пад балалайку. Я толькі настроіўся на патэтычны лад, як прыбег Самойлаў: «Кідай г-г-г-эту-ю хран-н-овіну і на ад-н-н-ой назе н-н-а вахту». Значыць, трэба бегчы. Мабыць, палічылі і мяне адказчыкам і пагоняць у кандзей… А на вахце сапраўдны «аператыўны штаб» вырашае, як выгнаць з барака ўзброеных Плужнікава, Бойку, Электрычнага і Нефць-Маслава. I дадумаліся парламенцёрам да іх паслаць мяне. Я ж быў з імі ў адной брыгадзе, разам жыў у шалмане, расказваў ім «романы», а Бойка мой зямляк. Умовы: здаць зброю і самім прыйсці на вахту. Саджаць у кандзей іх не будуць, а выведуць за зону адграбаць пілавінне ад шпаларэзкі, абы лічыўся выхад на работу, каб не псаваць справаздачу групай «Г» (адказчыкі).
На душы трывожна, але загад ёсць загад. Спадзяюся на зямляцтва і прыязнасць Бойкі. Хоць і без белага сцяга, пайшоў выконваць волю начальства. Па прыступках ішоў павольна, ліха яго ведае, як сустрэнуць, скажуць «ссучыўся, прадаўся начальству і нас прадаеш». Самойлаў іх ужо раззлаваў, цяпер яны насцярожаныя і зацятыя. Што з таго, што некалі разам «травілі баланду», што слухалі мае пабасёнкі. Яны, відаць, надумалі паставіць на сваім, заваяваць сабе выключнае права сядзець у бараку; калі возьме іх верх, «кантоўка» забяспечана; патузаюцца, патузаюцца і адступяцца. Бывалі часам у лагеры такія «арыстакраты», блатная эліта.
У пустым бараку на верхніх нарах расцягнуўся на стракатай коўдры прыгажун усходняга тыпу Плужнікаў, побач, па-турэцку падкурчыўшы ногі, сядзіць трошкі кульгавы Нефць-Маслаў, унізе — Электрычны і мой рэчыцкі землячок Коля Бойка. На прывітанне не надта ласкава адказалі: «А ты чаго прываліў? Да гэтых сук у легашы наняўся?» — «Што вы, хлопцы, я-а…» — «Ты ж каля іх кантуешся. У артысты пагарэлага тэатра падаўся. Давай чашы, а мы тут самі разбярэмся. Скажы, няхай лепей не лезуць, пакуль галовы цэлыя. У кандзей ім нас не загнаць».
Я ўгаворваў скласці зброю, і ніхто іх не кране, пакантуюцца каля шпаларэзкі, і ўсё. Караблёў з Русаковым далі чэснае слова. Я прысеў каля Бойкі і пачаў угаворваць, што ў ваенныя часы бунтаваць небяспечна. «А ідзі ты са сваімі ўгаворамі і скажы недасечанаму Ваўку, хай і сцежку сюды забудзе, бо галаву адцяпаем і начальнічку на сподачку прынясем. А нам што, пакантуемся ў цэнтральным ізалятары, новы чырвонец павесяць «с поглощением неотбытого срока». У мяне гэтых чырвонцаў на ўсю брыгаду хопіць…»
Пакуль я ўгаворваў, на ганку пачуўся тупат — не хапіла ў начальнікаў вытрымкі. «Ану, рві когці!» — паспеў мне крыкнуць Бойка. Я адскочыў на другі бок праходу. Хлопцы наструніліся, засунулі рукі пад коўдры. Першы ўскочыў Караблёў: «Ану, духарыкі, маць вашу ёдам мазаную, вылятай без апошняга!» — і падскочыў да нараў. Плужнікаў выхапіў з-пад коўдры жалезную вось, яе канец прасвістаў каля самага вуха Караблёва. Ён хіснуўся і прысеў да падлогі. Нефць-Маслаў і Электрычны выхапілі блішчастыя фінкі. Сасмыкнуўшы кашулю, з фінкай у зубах, ускочыў на верхнія нары Бойка.
Начальнікі пераканаліся, што голымі рукамі іх не возьмеш. Заікаючыся, пагражаў і люта мацюкаўся Самойлаў. Ён, як певень, падскокваў, замахваўся дрынам і адлятаў назад. Плужнікаў стаяў паміж нарамі і спрытна адмахваўся цяжкай воссю. Караблёў памякчэў і пачаў угаворваць скласці жалязякі і ісці на вахту. Нефць-Маслаў паматаў закасанаю да локця рукою: «А ху не хо, гражданін начальнічак? Мантуліш, мантуліш, а пайка з камарыны хрэн. Нас прыслалі кару адбываць, мы і адбываем. Ты ведаеш, у царскіх турмах арыштанты нічога не рабілі, ім давалі два фунты хлеба і фунт мяса на дзень. А нам што? Турнэпс з атрубямі. А кубікі няхай табе даюць контрыкі і рагацікі. Карацей, канайце адсюль, пакуль без дзірак у галаве».
Плужнікаў спрытна пераскочыў праход, бліжэй да начальнікаў, і, як пікаю, замахнуўся воссю. «Кінь жалязяку! — узарваўся камандзір узвода. — Здавайцеся, духарыкі, лічу да трох», — і ён расшпіліў кабуру… «Не палохай пужаных! Схавай пукалку, начальнічак, бо адбяру, бля… буду, адбяру», — спакойна сказаў Коля Бойка. Яго рукі, грудзі і спіна былі спрэс у непрыстойных наколках, і, як у кожнага уркі: «Я помню мать свою родную». Бедная пакутніца-маці, лепш бы яна не раджала сабе, яму і людзям на пакуту гэтае няшчаснае дзіця. Не злосць, а спагада і боль за гэтыя загубленыя душы і лёсы вярэдзілі мне сэрца, і загадка, як і чаму ў наш час суцэльнай пісьменнасці, няспыннага і нястомнага «выхавання» ад дзіцячага сада да выхаваўча-працоўнага лагера, у нас столькі злачынцаў — юнакоў, падлеткаў, нават дзяўчынак з такім зламаным і горкім жыццём? Глядзеў на гэтых маладых, нечыіх сыноў, і не верылася, што гэтая сутычка праз недарэчную дробязь закончыцца так трагічна.
Читать дальше