Я параіў не здавацца, каб не пакутаваць усё жыццё ад знявагі і бруду, берагчы сябе. Ёй жа заставалася пакутаваць яшчэ чатыры гады, верылася, што будзе воля, усе правы і новае жыццё. Пасля гэтай сустрэчы мы часта сыходзіліся з Соф’яй Іванаўнай, перайшлі на «ты», і тайна сустрэч належала толькі нам.
Неўзабаве па загадзе Фамічова яе знялі з работы ў бухгалтэрыі і паслалі ў лес на акорку. Апрача чаравічак, сукеначкі і клятчастага паліто з волі, у яе нічога не было. А да лесасекі ісці кіламетраў пяць па гразкай ухабістай дарозе. Першы дзень яна на работу не пайшла. З паверкі яе з уркаганамі і адпетымі шалашоўкамі пагналі ў кандзей. Яна з гонарам трымала сваю прыгожую беленькую галоўку. Жанчыны з бухгалтэрыі і абслугі любілі і паважалі яе, глядзелі ўслед і выціралі слёзы. Фамічоў адваліў ёй дзесяць сутак без вываду на работу: камера, параша, голыя нары, пацукі і трыста грамаў хлеба на дзень. Загадваў кандзеем кульгавы Валодзя Лісоўскі. Ехалі мы з ім у адным этапе і сустракаліся цяпер як даўнія знаёмыя. З выгляду ён быў суровы і няўмольны, а ў душы спагадлівы і мяккі. Пры начальстве крычаў на сваіх «падапечных», а на кухні выпрошваў для іх некалькі лішніх порцый баланды не па штрафным, а па другім катле, цішком перадаваў махорку, або кавалак хлеба…
Папрасіў я Валодзю не саджаць Соф’ю Іванаўну разам з шалашоўкамі і прыняць перадачу: хлебарэз даў ладную гарбушку, кухар наклаў паўкацялка густое кашы. Аднойчы Валодзя пусціў мяне ў цёмную халодную камеру. На голых нарах, укруціўшыся ў сваё клятчастае пальцечка, ляжала Соф’я Іванаўна. Уяўляю, што яна перадумала, што ўспомніла за гэтыя дні зняволення ў зняволенні. Яна ўзрадавалася нечаканаму прыходу, прытулілася і ціха заплакала: «Не ад крыўды плачу, ад радасці, што не забыў мяне… Усё ж я перамагла. Лепш загінуць, чым належаць нягодніку. Цяпер мне нічога не страшна».
Лісоўскі прыспешваў. Я пацалаваў маленькую халодную руку і сам ледзь стрымаў слёзы.
Пад восень у глыбіні тайгі пачалі будаваць новы, 24 лагпункт. Укапалі некалькі шулаў, ашалявалі іх аполкамі, зверху прыкідалі яловаю карою, збілі нары. Кара пакарабацілася, і над галавою было шэрае неба, закратаванае лагамі і кроквамі. Нары прыкідалі яловым лапнікам і прыгналі сюды на акорку рудстойкі непаслухмяных і зацятых манашак, свавольных шалашовак і ў лапцях на босую нагу з торбачкаю за спінай Соф’ю Іванаўну.
Пачаліся зацяжныя дажджы. У будане без падлогі ператварылася ў жудаль размешаная нагамі зямля. Зверху ліло, у шчылінах свістаў вецер, на мокрым лапніку ўлежаць было немагчыма. З-пад дажджу выганялі на дождж няшчасных пакутніц, прымушалі цяжкімі акорачнымі лапаткамі пралышваць рудстойкі. Адзіны ратунак быў каля вогнішча, ды і тое з адсырэлага ламачча не гарэла, а толькі дыміла. З выгляду далікатны, шчыгульны, наадэкалонены Фамічоў кінуў жанчын на пагібель. У іх апухлі твары і раз’едзеныя тванню ногі, душыў кашаль, днём і ноччу калацілі дрыжыкі.
Лагпункт ледзь чутна абураўся, але быў бяссільны перад уладаю азвярэлага самадура. Ён мог караць і мілаваць, паставіць на «блатную» работу і растаптаць кожнага бяспраўнага нявольніка. За пакутніц заступіўся колішні земскі фельчар, ціхі і мяккі Ізот Іванавіч Цымбалюк. Ён з санітарнаю сумкаю хадзіў на лесапавал, бо няшчасныя выпадкі здараліся кожны дзень; пад спіленае дрэва траплялі не надта спрытныя, нявопытныя лесарубы, некаторыя наўмысна канчалі свае пакуты пад зваленаю бярозаю ці асінаю. Скаўзнецца сякера ў кольшчыка ці ў сучкаруба і параніць нагу ці руку. Цымбалюк іх як мог ратаваў. Стаў ён у абарону загнаных на пагібель у лясную загарадку жанчын. У многіх пачалося запаленне лёгкіх, бранхіты, адкрыліся на нагах флегмоны. Стары фельчар пайшоў да начальніка патрабаваць усіх жанчын перавесці ў зону, некалькі забраў у стацыянар. Дзве маленькія палаты не маглі змясціць усіх хворых. На станцыі Лапшанга была лагерная бальніца. Яе ўзначальвала выдатны хірург, прафесар Бурцава. Хоць у яе фармуляры быў артыкул шкодніцтва, але на кансультацыі і аперацыі ехалі да яе нашы высокія начальнікі, чыны з абласных устаноў і іх родзічы.
На Лапшангу адправілі і Соф’ю Іванаўну. Яе з дзвюма жанчынамі паклалі на воз і амаль нерухомую павезлі на станцыю. Мы развіталіся каля вахты. Некалі срабрыстыя хвалістыя валасы паскручваліся і пажоўклі, прыгожы твар высах і пасінеў, патрэсканыя вусны ледзьве варушыліся. Яна прашаптала: «Прашчай. Пастарайся выжыць і расказаць праўду». Колы патарахцелі па ляжнёўцы за вахту.
Читать дальше