Больш я ніколі не бачыў Соф’ю Іванаўну, не ведаю пра яе лёс. А ў памяці яна засталася, як пры першай сустрэчы, светлым праменьчыкам у змроку дзікунства і няволі. I гэтыя радкі — запавет вялікай пакутніцы Соф’і Іванаўны Эндэн.
Па лагпункце паўзлі трывожныя здагадкі і чуткі, што немцы занялі Маскву, адразу акупіравалі Беларусь і Украіну. Не хацелася верыць, але па злосных тварах вольнанаёмных, па лютасці канвою, па ўзмоцненым рэжыме і выцісканні апошніх сіл адчувалася нейкая вялікая бяда. Планы нарыхтоўкі і адгрузкі лесу раслі, а выконваць іх не было каму. Начамі вывозілі за вахту дзесяткі паабгрызаных пацукамі шкілетаў, абцягнутых сіняю скураю. У лесе іх збольшага прыкідвалі зямлёю на спажыву ваўкам і лісам. На тым жахлівым могільніку з зімы валяліся абглыданыя косці ды фанерныя біркі з нумарамі асабістай справы, каб і на тым свеце «контрык» меў сваё месца. Работа, харч, рэжым вынішчалі людзей у імя высокай мэты — перамогі над фашызмам.
У начальства быў адзін клопат — любою цаною выканаць план і даць прыстойную зводку. А там прыбудзе новы этап, выціснуць з яго ўсё магчымае і спісаць па групе «Д». I прыбывалі. З’явіліся першыя франтавікі ў падрэзаных шынялях, абмотках, зарослыя, брудныя акружэнцы. Расказвалі, як прабіваліся з баямі, а іх «асабісты» абвінавацілі ў здрадзе, пусцілі пад палявы трыбунал, каму далі «вышку», каму лагер, а каго не паспелі аформіць, прыслалі з паметкаю ў фармуляры «следственный». Следства ніякага не было. Праз некалькі месяцаў прыходзілі вузенькія паперкі з пастановай «тройкі» — 10 гадоў лагера.
Спачатку вельмі асцярожна франтавікі расказвалі, дзе трапілі ў акружэнне, дзе ідуць баі, якія страты нясе наша армія, як у першыя дні вайны на прыгранічных аэрадромах былі знішчаны амаль усе самалёты, як гераічна змагаліся і гінулі пагранічнікі, як лютуюць фашысты на акупіраванай зямлі.
Рэжым закручвалі ўсё тужэй і тужэй: з тэмпературай 37,5 гналі ў лес; хворых, але не вызваленых санчасцю, пад двайным канвоем выпіхвалі на лесасеку, а яны маглі толькі раскласці вогнішча і паступова даходзілі каля яго. На лагпункт з Лапшангі прыбыў граза ўсіх урак Іван Васільевіч Самойлаў. Яго жорсткасць і мянушку «Воўк» ведаў увесь лагер. Рэцыдывіст-крымінальнік у мінулым, як кажуць блатныя, «ссучаны», — здрадзіў сваім і стаў выканаўцам бязлітаснай волі начальства. Яго адразу прызначылі старшым дзяжурным па лагпункце. Сярэдняга росту мужчына ў хромавых ботах гармонікам, у кепачцы-васьміклінцы з гузікам на макаўцы, у добрым пінжаку з чужога пляча і новым бушлаце, ён адразу ўсім кінуўся ў вочы. Правільныя рысы твару, круглыя і нейкія нерухомыя вочы выдавалі яго суровасць. Ён заікаўся і не мог варочаць шыю. Калі трэба паглядзець убок, круціўся ўсім тулавам, таму і празвалі «ваўком», характар і жорсткасць у яго былі ваўчыныя. Хадзіў ён з тоўстым кіем, а ноччу яшчэ з ліхтаром «лятучая мыш». Біў без промаху і жалю, асабліва даставалася блатной шушары. Кажуць жа, што здраднік самы люты кат. За гэта блатныя помсцілі Самойлаву на ўсіх лагпунктах: у бок загналі фінку, потым яго прайграў у карты вуграсты недаростак «Хмыр». Ён падцікаваў Івана Васільевіча ў сталоўцы і, калі той нагнуўся да раздатачнага акна, секануў сякераю па шыі. Галава засталася, але не варочалася ў бакі. Кожны раз Самойлава цыравала прафесар Бурцава і апошні раз сказала: «Станавіцеся чалавекам, Самойлаў. Больш латаць не буду». А ён стаў яшчэ люцейшы. Калі злаваўся, замест слоў чулася шыпенне. На развод выганяў дрынам, кожнага абзываў «асмадзеям і ш-шш-пі-і-і-ён-сс-с-к-а-ю м-ордаю». Толькі не заікаўся на мацюках. Пасля разводу хворых, кульгавых, нядужых Самойлаў зганяў да вахты на паверку: ставіў у доўгую шарэнгу і трымаў па камандзе «смірна», пакуль вахцёр палічыць усю абслугу, бухгалтэрыю, хворых у санчасці і пасаджаных у кандзей. Толькі тады выклікалі вызваленых па хваробе, астатнія лічыліся «адказчыкамі», іх аглядаў лекпом. У каго не было высокай тэмпературы, Самойлаў гнаў у ізалятар. Там ён даваў волю дрыну і пацяшаўся ад ляманту сваіх ахвяр. Начальства было ў захапленні такім дзяжурным, а яго кантовы кій звала «выхавальнікам».
Аднойчы на паверку з шалмана не выйшлі тры крымінальнікі. Самойлаву яны прыгразілі адточанымі з напільнікаў фінкамі і жалезнаю воссю. Ён спалохаўся і пабег жаліцца на вахту. Непаслушэнства тут не даравалі. На вахце сабраліся камандзір узвода аховы, глюгасты і крываногі Русакоў, намеснік начальніка, прыгажун і весялун, садыст па натуры Караблёў, старшы наглядчык, даўгалыгі і змрочны Дзёмін, тры вольныя ад дзяжурства стралкі і Самойлаў. Раіліся, як выгнаць з барака ўзброеных злосных адказчыкаў. Нікому не хацелася лезці на фінкі і падстаўляць галаву пад жалезны прэнт.
Читать дальше