У так званай «слабасільнай камандзе» даходзілі такія нездалекі, што не здужаюць прыдушыць клапа: трымае, трымае пад пальцам, а ён варушыцца, тады просіць суседа: «Давай давянём разам. Што ён, бляха, жалезны?» I давяць удвух.
Смерць касіла лесарубаў спраўней, чым яны валілі лес. План трашчаў. Туфта падхарошвала зводкі, але трэба былі і кубікі. Кожны вечар на разнарадку Сямёнавых збіраў майстроў лесу, дзесятнікаў і брыгадзіраў «прамываць мазгі», «пясочыць», «даваць у косці» і «ставіць адказныя задачы». Як і ва ўсёй краіне, і тут сядзелі далёка за поўнач, выскаквалі распараныя брыгадзіры, чухаючы патыліцы, не ведаючы, што іх чакае заўтра: праскочаць праз вахту ці ўсёю брыгадаю загрымяць у кандзей.
У канцы нарады начальніку паведамілі па сакрэце з упраўлення, каб днямі чакаў камісію з праверкаю. Тут і пачалася другая ўсяночная змена, дзяжурны зганяў да начальніка сонных начальнікаў калон, кухараў, пекараў, лекпомаў, загадваў зранку драіць баракі, у катлы закласці двайную порцыю, спячы хлеб без вотруб’я (а потым навярстаем), усім надзець чыстыя халаты, на сцежках расчысціць снег, наўтыкаць елачак, словам, навесці «па-р-р-адак». У канцы спытаў у медыкаў: «Колькі ў вас не вывезена па групе «Д»?» — «Каля трыццаці». — «Вы што, ахранавелі? Вэндзіце там іх ці марынуеце? Каб да раніцы пуста было, падмецена і прысыпана пілавіннем. Марш! Ану, за работу!» Калі ўсе разышліся, загадаў выклікаць бесканвойную возчыцу Нюрку Пінчанку.
Прывёў дзяжурняк заспаную, невялічкую, канапатую, з белым чубком пад збітай на вуха кубанкай не то дзяўчыну, не то хлапчука. Пінчанка носіць штаны з напускам на закасаныя валёнкі, камізэльку, кліфт (мужчынскі пінжак), з кішэні целяпаюцца кутасы ад кісета, слінаю цвыркае праз зубы, мацюкаецца мудрэй за нарадчыка і дзяжурнага. За вочы яе завуць «каблом», бо выконвае ролю мужчыны ў лесбійскім каханні, а яно распаўсюджана сярод крымінальніц у жаночых бараках.
Стаіць Пінчанка, працірае вочы з белымі парасячымі вейкамі і паўтарае: «Панятна, гражданін начальнік. Бу-у ізделана. Да раніцы ўсіх жмурыкаў вывезу». Павярнулася і пайшла.
На досвітку ўсхадзілася завіруха, што свету божага не відно. Тэмпература трошкі ніжэй трыццаці, значыць, дзень заактаваць нельга. Калоцяцца, як раскудлачаныя вароны, каля вахты парадзелыя брыгады, чакаючы, калі паснедае і збярэцца канвой. Нарэшце палічылі і павялі грузаць па сумётах сяк-так апранутых у рыззё, змардаваных дахадзяг, даваць «Лес — Родине». Кожны глядзіць толькі пад ногі, каб снежныя крупы не сляпілі вочы, каб не зачапіцца і, барані божа, не ўпасці, не хіснуцца з калоны, а ступаць след у след. Ідуць панура і марудна, снег пад нагамі перасыпаецца, як пясок, раз’язджаюцца ногі, сляды замятае завіруха. На паўдарозе заскавытаў службовы сабака і пацягнуў свайго гаспадара Ташчакова са сцежкі ў поле. Кідаецца, брэша, цягне павадок.
«Ст-о-о-й, калона!» — камандуе начальнік канвою. Брыгады спыніліся, глядзяць ва ўсе бакі. Завея засцілае вочы, але праз мітульгу метраў за дзесяць ад дарогі па калені ў снезе стаяць у два рады голыя апруцянелыя людзі і адзін паперадзе. Начальнік канвою камандуе: «Усім направа глядзець! Шагам марш!» Сабачніка паслаў у зону.
Зноў прывялі заспаную Нюрку Пінчанка да начальніка. Той моўчкі глядзіць на яе з-пад насунутай на вочы шапкі. Нюрка крыва ўсміхаецца. «Што ж ты, курва, нарабіла? Га?» — і пайшоў яе касцярыць на чым свет стаіць, ды такімі мацюкамі, што ні ў адным бараку не пачуеш. Нюрка пераступае з нагі на нагу, чухаецца, пазяхае, а начальнік аж вылузваецца ад злосці. Нарэшце змогся. «Ну, чаго маўчыш, сука?» — «Вы ж не даеце слова сказаць. Вывозіла я іх двума рэйсамі. Даехала да развілкі, а кабыла села ў сумёце на хвост, і хоць ты страляй. Дай, думаю, скіну. Пакласці — снег замяце, не знойдзеш. Пачала ставіць, а яны пруткія, як калы, і звіняць, нібы шкляныя. Паглядзела — добра стаяць. Развярнулася па астатніх. Пакуль везла, бачу, хутка і пад’ём. I гэтых паставіла ў другі рад. Зірнула, ну, дальбог, брыгада. Дваццаць сёмага, таго Салавейчыка, што на балалайцы іграў, спераду за брыгадзіра паставіла. Ад’ехала, у завірусе не відаць. Думаю, пасля разводу збяру іх, давязу на тое ўзлессе, ды праспала, гражданін начальнік. Вам усё не хапае рабсілы, вось і падкінула брыгадку». — «У кандзей шкуру на дзесяць сутак», — яшчэ люцей усхадзіўся начальнік. А Нюрка ўсміхнулася сваім канапатым тварам і буркнула: «От, дзякую, хоць адасплюся, а то робіш, робіш, і ніякай спагады, ды яшчэ ў кандзей. А за што?»
Читать дальше