Так трагедыя, пачатая ў 1936 годзе, прынесла яшчэ тры жахлівыя смерці. Пра ўсё гэта я даведаўся пасля вызвалення і мусіў расказаць, парушыўшы храналогію апавядання. А ў лагеры я пакутаваў яшчэ доўга.
Каб трохі супакоіць народ і неяк апраўдаць свае злачынствы, у 1939 годзе даволі глуха загаварылі аб «перагібах у рабоце Наркамата ўнутраных спраў». Вясною саракавога года амаль усім «нацдэмам» абвясцілі, што прысуды па нашых справах адменены і яны накіраваны на даследаванне. Неўзабаве выклікалі на этап Мяжэвіча, Такарчука, былога артыста Антона Згіроўскага і выкладчыка Платона Жарскага. Усе былі ўпэўнены, што яны хутка будуць на волі, давалі ім адрасы сваякоў, прасілі напісаць нам, і кожны чакаў свае чаргі, калі паклічуць «на вахту з рэчамі».
Усё валілася з рук, а дні цягнуліся марудна, хацелася хутчэй вырвацца з гэтай пякельнай работы, давесці сваю невінаватасць людзям, якія разбяруцца і павераць табе, строілі самыя светлыя планы і зайздросцілі сябрам, выкліканым на даследаванне. А лёс нашых сяброў склаўся трагічна. На «даследаванні» іх пратрымалі да самай вайны. Калі запалаў і пачаў рассыпацца пад фашысцкімі бомбамі Мінск, частку арыштантаў пагрузілі ў таварныя саставы і без харчоў і вады павезлі на ўсход. Каго не паспелі вывезці, пад бамбёжкамі вялізнаю калонаю пагналі па Магілёўскай шашы. Каля Чэрвеня канвой дачуўся, што магістраль перарэзана нямецкім дэсантам, што трэба ратавацца самім. Начальнік канвою загадаў бытавікам заставацца на месцы, «палітычным» адысці ўбок. Сумленныя і наіўныя людзі паслухмяна адышліся. Бытавікам загадалі разыходзіцца. Тыя рванулі хто куды, а па «контрыках» далі залп. У гэтай калоне разам з усімі загінуў выдатны акцёр Антон Згіроўскі і яўрэйскі паэт Зэлік Аксельрод, счакаўшы, з-пад трупаў выпаўз лёгка паранены крытык Рыгор Бярозкін. Ён прабіўся да Магілёўскага ваенкамата, схлусіў, што выскачыў без дакументаў з палаючага Мінска, стаў салдатам і ўсю вайну праваяваў на вогненных рубяжах ад Волгі да Берліна, стаў капітанам, а пасля Перамогі… даседжваў у лагеры неадбыты тэрмін.
Мяжэвіча з Такарчуком цэлы месяц везлі ў Сібір. Па дарозе выкідалі мерцвякоў, на нейкім паўстанку давалі па селядцу, але не было вады, людзі раставалі, як свечкі. Ледзьве рухомых прывезлі ў табольскую турму. Пачалася павальная цынга і пелагра. Што гэта за хвароба, ведае не кожны ўрач. Мабыць, у самой назве ёсць лагерная аснова. Пры пелагры на жывым целе разбураецца тканка, вылазяць рэбры, відно, як дыхаюць лёгкія, арганізм не засвойвае страву, чалавек разлагаецца жыўцом пры поўнай свядомасці. Ад пелагры ў Табольску памёр Юрка Такарчук, сумленнейшы і таленавіцейшы журналіст, якіх я толькі сустракаў.
А Валодзю Мяжэвіча выратавала санітарка турэмнай бальніцы чарнічным адварам. Ён выжыў, вярнуўся, быў рэабілітаваны, адноўлены ў партыі толькі пасля XX з’езда КПСС, а тады ніхто даследаваннем і пераглядам спраў не займаўся. Іх трымалі ў турмах да пелагры, потым спісвалі, а хто выжываў, адпраўлялі ў далёкія і больш суровыя лагеры, а групе выкладчыкаў Віцебскага і Магілёўскага педінстытутаў у два разы павялічылі тэрмін. Такі быў «перагляд», такое чарговае ашуканства.
А мы зайздросцілі сваім сябрам, выкліканым па пратэсце пракурора, спадзяваліся да самай вайны і нічога не ведалі пра іх жахлівы лёс.
На шостым лагпункце нас, даўніх сяброў, засталося толькі трое — Розна, Пальчэўскі і я. Ад гарачыні і непасільнай працы ў мяне часта ногі распухалі, як налівачы. Націснеш пальцам, ямка і праз паўгадзіны не выпростваецца, на яе месцы астаецца сіняк, ледзь згінаюцца калені, перасоўваешся, як на шкляных хадулях. У такім стане мяне на некалькі дзён вызваляў ад работы колішні земскі фельчар, спагадлівы Ізот Іванавіч Цымбалюк. У лагеры быў дэвіз: «Дзень кантоўкі — месяц жыцця». I кожны марыў праўдамі ці няпраўдамі «закасіць» вызваленне і хоць дзень «пракантавацца» ў зоне. Адны ішлі на кухню качаць ваду, абіраць бульбу, чысціць траску за лішнюю міску баланды, іншыя ў бараку латалі свае транты, адсыпаліся, набіраліся сілы на «ўдарную працу».
Мы спалі побач і елі з аднаго кацялка з маім даўнім другам Алесем Рознам. Некалі разам друкаваліся ў «Беларускім піянеры», марылі пра шчаслівы літаратурны лёс, потым вучыліся ў адной групе педінстытута, і вось горкі лёс звёў на пакутніцкіх лагерных сцежках. Усё, што ў нас было, дзялілі да апошняй крошкі. Застаўшыся ў зоне, я ў кіпяцілцы з пасылачных круп да прыходу Алеся варыў кашу або густы крупнік. Памешваў у кацялку і пачуў нейкую мітусню: сярод дня дзяжурныя і нарадчык усіх зганялі на паверку да вахты. Я схаваў недавараную кашу на нарах і пашкандыбаў за ўсімі. З ізалятара вывелі чалавек пятнаццаць абадраных, абшарпаных, бледных, як бульбяныя парасткі ў склепе, адказчыкаў.
Читать дальше