У лебедзеўскім шалмане я пазнаёміўся з самым аўтарытэтным крымінальнікам нашага лагпункта, класным фармазонам Іванам Іванавічам Вадап’янавым. Такое цяпер было яго прозвішча. Быў ён зграбны і шчыгульны, у добрым сінім фрэнчы, адпрасаваных штанах і жоўтай хромавай фуражцы. Прыгожы смуглявы твар усходне-цыганскага тыпу быў сімпатычны і прывабны. Манеры арыстакрата, артыстызм у паводзінах, дасканалая літаратурная мова, добрае веданне паэзіі рабілі яго прыкметным сярод лагернага шматлюддзя. Афіцыйна ён лічыўся днявальным, хоць ні разу не трымаў у белых дагледжаных руках з доўгім кіпцем на мезенцы ні дзеркача, ні дужкі ад вядра. Усё за яго рабілі «шасцёркі» — служкі паняволі. Часам яго выпраўлялі ў лес. Дні тры-чатыры ён выходзіў з брыгадаю, сядзеў каля вогнішча і толькі загадваў брыгадным шасцёркам: «Эй ты, фитиль, подбрось посуше».
Брыгадзір яму ў рапарцічцы «за разгонку дыму» выводзіў сто пяцьдзесят працэнтаў, потым ён наганяў сабе тэмпературу і тыднямі кантаваўся «па хваробе».
Культурна-выхаваўчая частка часам на сцэне ў сталоўцы наладжвала вечары самадзейнасці: работнікі бухгалтэрыі на балалайках і мандалінах ігралі «Широка старана моя родная», «На сопках Маньчжурии» і папуры з сучасных песень. У большасці канцэртаў выступаў Іван Іванавіч. Ён не дэкламаваў, а па-майстэрску іграў «Сумасшедшего» Апухціна, маналог барона са «Скупого рыцаря» і на высокім пафасе чытаў «Стихи о советском паспорте». Гэта быў акцёр ласкаю боскай. Прафесія аферыста патрабавала тонкага артыстызму, пераўвасаблення ў вучонага, журналіста, акцёра, інжынера. У давер ён уваходзіў адразу, у цягніку, ва вакзалах, у аэрапортах яму давяралі «паглядзець хвіліначку» рэчы, жанчыны даверліва аддавалі свае каштоўнасці, і ніхто нават падумаць не мог пра сапраўдную спецыяльнасць гэтага абаяльнага маладога чалавека. Ён ніколі не хваліўся сваімі прыгодамі, быў нешматслоўны, а ціхія, спакойныя яго загады кожным крымінальнікам выконваліся імгненна. Ён быў у іх свеце некаранаваным каралём. На волі яго шукалі ад Брэста да Уладзівастока, а ён вадзіў за нос аператыўнікаў і знікаў, як у шапцы-невідзімцы, і зноў даваў гастролі ў тыле пагоні. У карты ён мог выйграць усё, што захоча.
Я пасябраваў з Вадап’явавым яшчэ ў шалмане. Звяла нас любоў да паэзіі. Калі што-небудзь у маіх знаёмых рабацяг прападала, прасілі мяне дапамагчы вярнуць прапажу. Я ішоў да Івана Іванавіча. Ён нічога пэўнага не абяцаў: «Калі ўдасца выйграць, вярну, а не — прабачай і ніколі не пытай, у каго выйграў», — і часам вяртаў украдзеную рэч без выкупу.
Перайшоўшы ў брыгаду Куўшынава, я рэдка бачыўся з Вадап’янавым. За нешта апошнім часам на яго ўз’еўся начальнік лагпункта і тыднямі трымаў у кандзеі. А я тым часам даволі ходка дагараў на павале і начных пагрузках: жонка мяне выраклася, дзядзькавы пасылкі прыходзілі рэдка, а праца не адпавядала харчу. Каб падтрымаць саслабелых, брыгады па чарзе пасылалі іх на дзень дзяжурыць па кухні. Прыпала такое шчасце і мне: хадзіў з кухарамі ў капцёрку па прадукты, назіраў, як закладаюць у катлы абцягнутыя плеўкамі рэбры бараніны. Яе сушылі на сонцы недзе ў стэпах Казахстана, і разам з шумавіннем у катле шапкаю ўсплывалі белыя чэрві. Збольшага іх збіралі шумоўкаю, але дзе ты іх усе пераловіш? Кухары ведалі, што дзяжурны прыйшоў не кантраляваць іх, а пад’есці, кармілі яго дасыта і рабілі ўсё, што ім хацелася. Самым большым далікатэсам была смажаная бульба, кансерваваная з лоем фасоля, а баланды і кашы еш, хоць раменьчык здымай, і наядаліся да ачмурэння і «рэвалюцыі» ў страўніку.
Пасля закладкі ў катлы дзяжурнаму няма чаго рабіць, але і адлучыцца не мае права; а раптам прыйдзе начальнік і спытае: «Хто дзяжурны?» Цягніся ў струнку і рапартуй: «На катлавым давольствіі… па першым катле… па другому» — і гэтак далей. От і аціраешся ўвесь дзень, па некалькі разоў здымаючы «пробы».
З сталоўкі даходзілі нейкія галасы. Выйшаў паглядзець. На сцэне пераважна «прыдуркі» рэпеціравалі «Платона Крэчата». Платона іграў Вадап’янаў. Яго прыводзілі з кандзея, а пасля рэпетыцыі адводзілі назад у камеру. Ліду іграла ўрач Вольга Рыгораўна Вінаградава, мілая, прыгожая, спагадлівая ленінградка. Тэрмін у яе быў, як ва ўсіх, — дзесяць гадоў, але жыла яна ў асобным пакойчыку пры санчасці, так званай «кабінцы», і ратавала як магла лагернікаў. Іграў і адначасова суфліраваў капцёр Ваня Воранаў. Убачыў мяне і пытае: «Эй ты, фіціль, чытаць умееш?» — «Трохі ўмею». — «Давай сюды. Пасуфліруй». Я ў лапцях, абшарпанай целагрэйцы і папрапальваных ватных штанах палез на сцэну і сумеўся, ці не развучыўся за гэтыя гады чытаць, бо амаль пяць гадоў не бачыў друкаванага слова. Узяў п’есу і пачаў падаваць рэплікі з адпаведнай інтанацыяй.
Читать дальше