Закончылі першы акт, Воранаў мне і кажа: «Слухай, у цябе ж здорава выходзіць. Сыграй Аркадзія, га?» Я зарагатаў, зрабіў рыцарскі рэверанс: «Якраз у такім шыкоўным гарнітуры і іграць закаханага доктара». — «На спектакль мы цябе апранем, як ляльку». «О, гэта спакуса, — падумаў я, — хоць на некалькі гадзін адчуць сябе чалавекам у белай кашулі і добрым гарнітуры», — і згадзіўся. У канцы рэпетыцыі падышла да мяне Вольга Рыгораўна і сказала, каб увечары прыйшоў у амбулаторыю.
Калі раздалі вячэру і я здаў дзяжурства, заінтрыгаваны запрашэннем Вольгі Рыгораўны, павольна пайшоў у санчасць. У доміку пад вышкаю было дзве палаты, амбулаторыя, куханька і пакойчык дакторкі. Медсястрою і кухаркаю была сівенькая, у вялікіх акулярах інтэлігентная Валянціна Міхайлаўна Яцэвіч. У нашым спектаклі яна вельмі натуральна і прачула іграла маці Крэчата. Пастукаўся ў прыёмны пакой. «Калі ласка», — пачуўся голас Вольгі Рыгораўны. У пакоі палілася грубка, перад адчыненымі дзверцамі на перавернутым табурэце сядзела дакторка. Полымя паружавіла яе зграбную постаць і светлае аблічча, пазначанае някідкаю, трошкі таямнічаю прыгажосцю. Яна ўстала, запрасіла садзіцца на амбулаторны тапчанок і побач села сама. Я парушыў маўчанне: «Слухаю вас, Вольга Рыгораўна». — «А я слухаю вас. Раскажыце пра сябе. Кім працавалі на волі, дзе і як жылі».
Я коратка адказаў на пытанні дакторкі, нават пералічыў, чым некалі хварэў. «Вы сістэматычна недаядаеце. Я пастаўлю вас на санітарны паёк. Будзеце прыходзіць пасля работы да Валянціны Міхайлаўны, і яна вас накорміць дадаткова. Калі вельмі зморыцеся, прыходзьце на прыём, запішу ў спіс вызваленых ад работы». Я падзякаваў і ўстаў. Вольга Рыгораўна падала мне мяккую ручку. Ледзьве ўтрымаўся, каб не пацалаваць яе. «Калі будзе вельмі сумна, заходзьце пасля вячэрняга прыёму пагаварыць каля гэтага агеньчыка».
Я выйшаў усцешаны і рады. Як нямнога чалавеку трэба — спагада, увага, каб быць і ў гэтым пекле шчаслівым. Здавалася, сам Бог пасылаў выратаванне, верылася, што акрыяю на санітарным пайку і падтрымцы доктара. Перамагаючы сорам, вечарамі я паціху стукаўся ў бальнічную кухню, калі ўжо адвячэралі санпаёчнікі, бо адчуваў, што падкармліваюць мяне з ласкі, нібы жабрака, якога не пускаюць далей кухні. Ласкавая Валянціна Міхайлаўна разумела маю разгубленасць, шчыра частавала запяканкаю і кісялём, гаварыла, як з роўным, пра нашы рэпетыцыі і талент Вадап’янава. «Вось і мяне на старасці гадоў усё ж угаварылі падацца ў артысткі. Паўпіналася, а далей падумала, — трэба ж чалавеку нейкае адхланне, нечым забыцца, а спектаклем усцешыць няшчасных пакутнікаў, што ледзь прыпаўзаюць з лесасекі. А гэтыя канцэрты і спектаклі падобны на баль у часе чумы». З кухні я праходзіў каля пакойчыка Вольгі Рыгораўны, бачыў на марлевай фіранцы яе цень, але прыспешваў крок, каб ніхто мяне не заўважыў.
У дзень спектакля ад работы мяне вызваліў начальнік КВЧ. Пасля вячэры ссунулі сталы, расставілі доўгія лавы, а за кулісамі хваляваліся і мітусіліся дэкаратар і артысты. На мяне надзелі недзе пазычаны сіні бастонавы гарнітур, белую кашулю, гальштук і зграбныя чаравікі, падрумянілі і прыпудрылі твар. Я выпрастаўся, падцягнуўся і ўпершыню за многія гады адчуў сябе чалавекам. Прыведзены з кандзея Іван Іванавіч апранаўся і грыміраваўся, як прафесійны артыст, быў засяроджаны і негаваркі, арыстакратычна пакланіўся Валянціне Міхайлаўне, пацалаваў ручку Вользе Рыгораўне. Больш за ўсіх хваляваўся наш рэжысёр — нешта загадваў, папраўляў касцюмы, правяраў рэквізіт, праз шчыліну ў заслоне пазіраў у залу.
Першыя лаўкі занялі начальнік лагпункта Вахонін, камандзір узвода Русакоў, «кум» і вольныя ад дзяжурства стралкі з жонкамі, тыповымі вясковымі кабетамі з кержанскіх сёлаў. Лавак усім не хапіла. Зэкі стаялі шчыльным натоўпам. Можна пачынаць. Адкрылася заслона. На сцэне ўтульная кватэра Крэчата, у ёй чакаюць гаспадара вясёлыя, інтэлігентныя і прыгожыя людзі. Усіх зачараваў Вадап’янаў у ролі Платона. Ён і на скрыпцы іграў без дублёра, а манеры, інтанацыі, кожны рух — высакароднага інтэлігента. Потым і ў прафесійных тэатрах я не бачыў лепшага Крэчата. Зачаравала ўсіх Вольга Рыгораўна ў ролі Ліды, пасмяшыў Бублік — лагерны цырульнік Пецька Самойлік. Хвалюючыся, у першым акце ў неўласцівую мне ролю кар’ерыста Аркадзя ўвайшоў і я.
Як кажуць тэатралы, спектакль прайшоў «на ўра», пад доўгія воплескі зняволеных, а «вальняшкам» апладзіраваць было забаронена. Парываліся папляскаць некаторыя жанчыны, але мужы хапалі іх за руку, а адною не пляснеш. Пасля спектакля затрымаўся начальнік. Ад яго, як заўсёды, несла пракіслым перагарам, але трымаўся ён роўна, толькі часцей моргаў пачырванелымі павекамі. Паклікаў старшага кухара: «Лудзін, накармі артыстаў ад пуза». Кіўнуў кандзейшчыку, які чакаў Крэчата, каб весці ў камеру. «Вадап’янава адпусці. А ты, артыст, глядзі, каб у бараку быў парадак і ніякага крадзяжу».
Читать дальше